У Кобрыні пачалося ўшанаванне гістарычных тапанімаў
У Кобрыні пачалося ўшанаванне гістарычных тапанімаў старажытнага гораду.

У мінулыя выходныя на Свяце гораду адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнай шыльды з гістарычнымі назвамі плошчы Замкавай — месца, ад якога пачынаўся Кобрын.
Паводле падання, горад быў заснаваны ў XI-XII стагоддзях адным з галіцка-валынскіх князёў на месцы рыбацкага паселішча, якое шмат стагоддзяў існавала на выспе ў дэльце ракі Кобрынкі пры яе ўпадзенні ў раку Мухавец. У драўляным замку, умацаваным земляным валам, ровам, сценамі і вежамі, знаходзіўся двор князя і сядзібы яго дружыннікаў. Пазней на гэтым месцы вакол Ніжняга замку склаўся гарадскі пасад, а ў часы Магдэбургскага права была ўзведзена Кобрынская ратуша.

У адкрыцці шыльды прыняла ўдзел кіраўніцтва Кобрынскага раёну, а таксама прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў Кобрыну з Нямеччыны, Польшчы, Расіі, Украіны і Швейцарыі.
Намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкаму Валянцін Трубчык звярнуў увагу на славутую гісторыю Кобрыншчыны, з якой, між іншым, звязаныя лёсы ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнкі, беларускіх польскамоўных пісьменніц Элізы Ажэшкі і Марыі Радзевіч, брата Адама Міцкевіча, прафесара права Кіеўскага і Харкаўскага ўніверсітэтаў Аляксандра Міцкевіча, кіраўніка мясцовага паўстанцкага атрада ў нацыянальна-вызвольным паўстанні 1863-64 гадоў Рамуальда Траўгута і амерыканскага матэматыка Оскара Зарыскага.

На думку Валянціна Трубчыка, годнае ўшанаванне гэтых асобаў і старадаўніх назваў гістарычнага цэнтру горада будзе не толькі спрыяць справе патрыятычнага выхавання кабрынчанаў, але і надасць краю большай турыстычнай прывабнасці.

атым на плошчы Замкавай адбылося свята ў гонар адкрыцця мемарыяльнай шыльды.
На лісце медзі ў выглядзе старажытнага скрутку з выявай дзеючага гербу горада выгравіраваны наступны тэкст:
“Плошча Замкавая Гістарычныя назвы: Замкавая (да канца XVIII ст.) Сенная (XIX ст. – 1915) Kommandantenplatz (Каменданцкі пляц; 1915–1918) Plac Bankowy (Банкавы пляц; 1921–1939) 11 Ліпеня (1939–1941) Камсамольцаў (1948–1987) 700-годдзя Кобрына (1987–2003)”
У будучым мяркуецца падоўжыць гэты праект, ініцыяваны мясцовымі краязнаўцамі разам з прадстаўнікамі раённай выканаўчай улады.

За падрыхтоўку шыльды і падтрымку ідэі ўшанавання гістарычных назваў гораду неабходна выказаць падзяку былому старшыні Кобрынскага райвыканкаму Аляксандру Зазулі, намесніку старшыні РВК Валянціну Трубчыку, начальніцы аддзелу культуры РВК Надзеі Жук, спецыялістам мясцовага ваенна-гістарычнага музея імя Аляксандра Суворава і цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Асобнай падзякі заслугоўваюць супрацоўніца аддзелу культуры райвыканкаму Таццяна Пружанец, якая па выніках аналізу адкрытых крыніцаў і архіўных матэрыялаў падрыхтавала грунтоўнае даследаванне па гісторыі гарадскіх тапанімаў, а таксама мясцовы прадпрымальнік Павел Мішэвіч, які вырабіў шыльду.