«У кожнай нацыі павінна быць свая Камасутра»

Усё пра секс — ад уяўленняў да адхіленняў. Гісторык Наталля Сліж выдала даследаванне пра інтымныя зносіны нашых папярэднікаў. «Можна смела сказаць: секс — гэта тое, што наўпрост звязвае нас з продкамі», — лічыць аўтар.

img_1280_1__logo.jpg


Кніга атрымала назву «Культура сексуальных стасункаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI — XVII стст.»
«Хацела б падзякаваць выдавецтву “Тэхналогія” за тое, што з імі было прыемна працаваць, — перадусім адзначае Наталля Сліж. — І сапраўды мець смеласць, як выдавецтву, узяцца за гэтую кніжку і за гэтую тэму. Таму што гульню ў сціпласць і сарамлівасць многія выдавецтвы працягваюць гуляць і далей. І палохаюцца і новых тэм, і новых ідэй».
— Чаму я пачала з перыяду 16-га стагоддзя? Таму што з 16-га стагоддзя больш пісьмовых крыніц, з якімі можна паразмаўляць. З археалагічнымі крыніцамі не асабліва паразмаўляеш, яны не скажуць, як гэты дом выкарыстоўваўся. Проста як гаспадарчы будынак ці яшчэ там і секс быў. Шмат дакументаў і літаратуры прыйшлося пераглядзець. Я таксама ўдзячна і нашым продкам, якія пасля сябе пакінулі ўсё ж такі крыніцы, на падставе якіх я змагла штосьці зрабіць і вывучыць.
Аўтару прыйшлося цікавіцца і медыцынай, бо ў 16-е стагоддзі ўжо можна было рабіць анатамічнае ўскрыццё, каб ведаць структуру цела. «І разважанне на тэму задавальнення і мужчыны, і жанчыны — гэта ўсё пачынае ўваходзіць у медыцыну. У медычных творах апісваліся фізіялагічныя з’явы, у тым ліку і нараджэнне дзяцей, і сексуальныя кантакты. І медыкі першыя ведалі тагачасныя асаблівасці», — тлумачыць Наталля Сліж.
А яшчэ, зазначыла аўтар, яна імкнулася сваё даследаванне рабіць у кантэксце сувязі з іншымі краінамі. Бо немагчыма існаваць любому грамадству ізалявана. На тыя ці іншыя з’явы ўплываюць розныя культуры. І ліцвіны вандравалі ў розныя краіны, узорам для іх становяцца еўрапейскія краіны. А самай любімай краінай, куды вандравалі практычна ўсе, была Італія.
— Там храмы 16 стагоддзя — практычна эратычныя галерэі, — распавядае Наталля Сліж. — Таму што мастацтва, нават настолькі рэлігійнае, стала паказваць асаблівасці фізіялогіі, бо анатомію на той час добра ведалі. І нават з’яўляюцца аголеныя скульптуры Хрыста, якія пасля мастакам вельмі хутка забаранілі. Адна з самых знакамітых створана Мікеланджэла, яна знаходзіцца ў базілікі Святога Духа ў Фларэнцыі. І я цішком зрабіла здымак, хаця хадзілі, палохалі, казалі «нельга, нельга». Канечне, калі б у нас быў хоць адзін касцёл, як у Фларэнцыі, у мяне было б поўнае шчасце для даследавання культу цела. Ну, не атрымалася ў нас такога шчасця.
У ВКЛ вельмі моцны быў уплыў візантыйскай культуры. «І калі глядзіш на нашы абразы 16-га стагоддзя, там яшчэ кавалак цела трэба знайсці. Твар і крыху ручкі. Аголеныя абразы — гэта вельмі рэдка», — адзначыла Наталля Сліж. Хаця шляхта набывала і мастацтва эратычнага плану, калекцыі былі ў 19-м стагоддзі разрабаваныя. Прайшлі войны, у савецкі перыяд нішчыліся храмы.
«Таму еўрапейская гісторыя мае значна больш крыніц. Наша гісторыя — менш. Але і з таго, што ў нас захавалася, я змагла пэўныя тэматыкі падняць і прадставіць у кнізе».

img_1283_1__logo.jpg


Мемуарная літаратура, падарожныя нататкі вандроўнікаў — таксама цікавосткі. Але, нагадвае даследчыца, варта памятаць пра суб’ектыўны погляд аўтараў.
— Лічылі, што ліцвінкі нашы распусныя. Але пры гэтым у іх саміх, у той жа самай Італіі, прастытуцыя была так развіта, што нашы побач не стаялі. Але я змяшчала гэту інфармацыю, каб паказаць, што пра нас і так думалі. І, напрыклад, той жа самы Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка звярнуў увагу на прастытутак, калі ён быў у Егіпце. Ён гэта апісаў. Але іншыя вандроўнікі не акцэнтавалі на гэтым увагу. І вельмі шмат этнічных стэрэатыпаў мы можам сустрэць у розных выказваннях, якія паказваюць тую эпоху. Гэтыя рэчы я пастаралася максімальна ўключыць, каб і нашы ліцвіны былі бачны праз іншых людзей, і як нашы ўспрымалі іншых. Для таго, каб можна было пабачыць істотную розніцу ў культуры.
Наша грамадства ў пэўных рэчах вучылася ў іншых краінаў, але прымала тое, што магло прыняць. Таемнае заставалася таемным. «У еўрапейскай шляхты аголеныя партрэты было нармальна, — кажа Наталля Сліж. — А ўявіце сабе Канстанціна Астрожскага голым? У нас шляхецкія партрэты — усходні стыль, мужчына цалкам апрануты. Ні ў адной шляхецкай гісторыі вы не знойдзеце апісанне — якое шчасце, што нашы жанчыны мелі вось столькі каханкаў. Або калі пішуць пра шляхціца, то пра яго вайсковыя перамогі, а не колькі ў яго было жанчын. Можа дзесьці ў кулуарах яны і расказвалі — колькі, дзе, каго і як. Але не было такой адкрытай дэманстрацыі».
Многае ВКЛ успрымала не толькі з Захаду, але і з Усходу Напрыклад, Міхалон Літвін піша пра даасісцкія практыкі ўстрымання семявывяржэння.
— Пры гэтым практыкі з Маскоўскага княства для нас былі незразумелыя, — сказала гісторык. — Часам узгадвалі, што там практыкуюць анальны секс, але «гэта не наш метад». Калі нашы глядзелі на Турэччыну, для іх было абсалютна незразумела такое паняцце як гарэм. Асаблівасць грамадства ВКЛ — у нас не было моцнай сегрэгацыі на мужчынскую і жаночую частку. Падчас розных бяседаў, як тады называлі застолле, мужчыны і жанчыны сядзелі побач. Мужчыны і жанчыны кантактавалі. І гэта было нармальна.
Гомасексуалізм, я магу сказаць, быў развіты ў Маскоўскім княстве, у Турцыі, у Італіі. Нашы не ўспрымалі гэта як нармальную з’яву. Афіцыйна мы ведаем толькі выпадак Сангушкі ў 18-м стагоддзі. За 16-17-е я не знайшла ні адной справы. Не факт, што гэтага не было. Хадзілі, напрыклад, такія плёткі, што Уладзіслаў IV меў схільнасць, што брат Яна Сабескага меў схільнасць.
Важным сведчаннем эпохі сталі судовыя справы. «У асноўным, як правіла, да суда што даходзіла? Дзе было забойства, дзе было згвалтаванне, дзе быў пералюб, дзе была заафілія, — распавяла Наталя Сліж. — Шлюбная здрада — далёка не хадзілі. І здраджвалі з жонкай брата, з мужам сястры. Здраджвалі ўнутры сваёй сям’і, унутры сваякоў. У мяне ў кніжцы апісаны канфлікт, насамрэч нікому не пажадаеш. Дзве дачкі, адна выходзіць замуж, другая спіць з яе мужам, нараджае дзіцё, забівае гэта дзіцё. Бацькі хаваюць факт нараджэння дзіця і забойства».
З прыходам хрысціянства ў заканадаўчыя акты ўводзіцца смяротнае пакаранне за шлюбную здраду. Яно было і ў Магдэбургскім праве, і ў статутах Вялікага Княства Літоўскага. І ў судовай практыцы вырак залежаў ад таго, ці дамовяцца паміж сабой бакі. Калі муж або жонка настойвалі, то вінаватага маглі пакараць на смерць. Смяротнае пакаранне прадугледжвалася і за згвалтаванне.
— Калі я займалася гэтай кніжкай, мне было ўсё з катэгорыі «ваў», таму што многія рэчы былі адзінкавымі выпадкамі, — дзеліцца ўражаннямі даследчыца. — Я ўдзячна, напрыклад, сваім калегам з нацыянальнага архіва, калі яны мне падкінулі дзве справы па заафіліі. У мяне было поўнае шчасце: «О, і гэты кірунак у мяне “закрыты”!»
Я спецыяльна зрабіла такую цікавостку як апісанне тагачаснай практыкі. Усё, што можна было знайсці ў гэтай галіне — ад позаў і да стаўлення да гэтага — у адмысловым раздзеле. І такія раздзелы ў навуковай літаратуры бываюць крайне рэдка. Як правіла, даследчыкі больш займаюцца культурным аспектам. Практыка больш складаная для даследавання. Таму далёка не ўсе наважваюцца да гэтага кірунку дайсці. І далёка не заўсёды крыніцы дазваляюць. Тым не менш, я палічыла, што якраз гэтая тэматыка без практычнай часткі не мае сэнсу. І якраз яе трэба было, на маю думку, уключыць у кнігу. Я вельмі падрабязна звярнула ўвагу на розныя аспекты гэтай справы, у тым ліку прыцягваючы і медычную літаратуру.
Кніжку можна выкарыстоўваць як практычны параднік у галіне мастацтва, у галіне літаратуры, у галіне медыцыны, фізіялогіі. І абсалютна кожны можа ў гэтай галіне сабе што-небудзь узяць. Таму што фізіялогію ніхто не адмяняў. Прынцыпы фізіялагічнага існавання як мужчынскага, так і жаночага цела застаюцца праз стагоддзі. Увесь час гэта пытанне актуальнае для кожнага чалавека незалежна ад часу, нацыі і ўзросту.
У кнізе ёсць цэлы спіс тэрмінаў. І медыцынскія, і нават самыя вульгарныя — іх выдавецтва сціпла і сарамліва зорачкамі пазначала. Нясціплыя і несарамлівыя вершыкі змешчаны, цытаты. Пры жаданні ўсё можна знайсці — позы, варыяцыі, вульгарызмы тагачасныя.
Сама тэма для мяне стала важнай. Я лічу, што ў кожнай нацыі павінна быць свая Камасутра. Бо гэта тое, з чаго пачынаецца любая нацыя. І не важна, калі была напісана гэта Камасутра. У Індыі яна была напісана ў старажытнасці. Я напісала зараз, падагульніла матэрыял. Але галоўнае, што ў нас ёсць кніжкі па гэтаму кірунку. Канечне, любая нацыя ганарыцца старажытнымі творамі па той ці іншай тэматыцы. Як Грэцыя ганарыцца Арыстоцелем, які напісаў класічныя творы па розных рэчах яшчэ ў старажытнасці. Але гэта не замінае нашу вагу нацыянальную — тое, што ў нас з’яўляюцца ў гэтым кірунку творы ў сучаснасці. І гэта такі важны кавалак жыцця, пра які ёсць сэнс і казаць, і пісаць.
Таму што секс мае тэндэнцыю быць яшчэ і высокім сексам, а не толькі звычайным і простым, як мы прызвычаіліся думаць — быццам гэта нейкая нізкая непрыстойная справа. Насамрэч, калі ў галіне сексу атрымліваеш адукацыю, гэта яшчэ той універсітэт, які далёка не кожны зможа закончыць. Таму што высокі секс патрабуе ведаў у вельмі шырокай галіне. Для таго, каб ведаць, што ты і як робіш — дапамагае і медыцына, і літаратура, і мастацтва, і вопыт іншых людзей. І мы не першыя, хто гэтым займаліся. І якраз досвед іншых людзей, іх адносіны да гэтай справы, іх бачанне — гэта вельмі цікавая рэч, якая робіць наша жыццё разнастайным, таксама як і літаратура.

img_1281_1__logo.jpg


Як адзначыла Алеся Чарнавокая, супрацоўніца выдавецтва «Тэхналогія», кніга Наталлі Сліж адразу выклікала пэўны ажыятаж: «Канечне, тут і тэма новая для беларускай гістарычнай навукі, і аб’ект даследавання цікавы для кожнага актыўнага здаровага чалавека. Але мне хацелася б звярнуць увагу на тое, што гэта кніга важная падагульненнем шматгадовай даследчыцкай працы. Працы вельмі ўважлівай, сур’ёзнай, карпатлівай, працы з гістарычнымі дакументамі, з крыніцамі. Як шмат трэба было перагарнуць розных старых дакументаў, хронік і іншых архіўных матэрыялаў, каб знайсці цікавыя факты, якія потым стануць асновай для вызначэння важных тэндэнцый, для смелых падагульненняў, якіх багата ў гэтай кнізе».
На прэзентацыі, якая адбылася ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.Пушкіна, аўтару пажадалі далейшай навуковай бадзёрасці і смеласці, а таксама шмат новых ідэй і магчымасці для іх здзяйснення. Прынамсі ж сама даследчыца, кажучы пра 18 стагоддзе, калі прыходзіць фемінізацыя грамадства, лічыць: «Ну там ужо зусім другая песня і зусім па другому трэба ўсё даследаваць».
Кніга паступіла ў крамы “Белкнігі”, “Акадэмкнігі”, таксама набыць яе можна праз kniger.by, knihi.com, oz.by.
Фота Максіма Клімковіча