У Мінску адбылася прэзентацыя рамана Сяргея Жадана «Варашылаўград»

Прэзентацыя рамана сучаснага ўкраінскага паэта і празаіка Сяргея Жадана, у перакладзе на беларускую мову прайшла ў галерэі "Ў" з аншлагам.

Кніга, прысвечаная Данбасу, пабачыла свет намаганнямі выдавецтва “Логвінаў”. Вялікая зала галерэі пачала напаўняцца людзьмі задоўга да пачатку імпрэзы. Калі з’явіўся аўтар, грамада выбухнула апладысментамі.

 

Перад прысутнымі выступалі Сяргей Жадан, Андрэй Хадановіч, а таксама вярстальшчык і адначасова перакладчык “Варашыўлаўграда” Віталь Латыш, які, па ягоных словах, закахаўся ў творы Жадана, як толькі іх першы раз пабачыў.

 

Андрэй Хадановіч на правах гаспадара вёў імпрэзу (яна праходзіла ў межах цыклу сустрэч “Серадовішчы з Хадановічам”), а таксама чытаў вершы ўкраінскага паэта ва ўласным перакладзе. Потым ролі мяняліся – Сяргей Жадан чытаў свае вершы ў арыгінале, а таксама пераклады на ўкраінскую мову вершаў Андрэя Хадановіча. Улюбёныя ўрыўкі тэкстаў новага зборніка дэкламаваў Віталь Латыш. Сцішаная заля атрымлівала сапраўдную інтэлектуальную асалоду.

 

Андрэй Хадановіч патлумачыў карэспандэнту НЧ, у чым сакрэт папулярнасці Сяргея Жадана:

 

“Па-першае, гэта ні чым не стрыманая харызма. Гэтую энергетыку адчуваеш, калі чытаеш ягоныя тэксты, і яшчэ болей адчуваеш, калі чытае сам аўтар. Ён можа заваражыць, раскатухаць залю, чытаючы кавалак прозы, а можа чытаць сваю паэзію ўжо ў энэрбічным фармаце з трубамі. І гэта ўжо рок канцэрт, у аснове якога ягоныя вершы, высокай пробы паэзія. Відавочна, талент такіх паэтаў як Жадан яшчэ пашукаць. Ён эксперыментуе, за ўсё бярэцца і ўсё ў яго падазрона атрымліваецца. Хтосьці заўважыў, што з Жаданом як з Бітлс. Кожная наступная кніжка атрымліваецца лепшай за папярэднюю, хаця б здавалася папярэдняя ўжо была вяршыняй магчымасцяў. Ён увесь час знаходзіць нейкія хады новыя, застаючыся пры гэтым цэльным і пазнавальным аўтарам. Апошнія ягоныя кнігі наогул мне ўяўляюцца ліра-эпасам. Ягоная ліра-эпічная рака складаецца з асобных лірычных кавалкаў. І кожны з вершаў можна чытаць асобна, але ўсе яны разам робяць яшчэ большае ўражанне. Такое рэдка бывае. Жадан любіць жыццё, ён любіць чытача. Харызмы і любові тут вельмі і вельмі шмат. Гісторыі могуць быць колькі заўгодна ваенныя, трагічныя, але сам драйв які ёсць урэшце-рэшт пераконвае, што ўсё будзе добра. Ён сам у гэта верыць і гэтым дзеліцца з чытачом.”