Слова, якое «не дасць чужынцамі быць…»

У новым зборніку вершаў паэтаў-сяброў ТБМ не засталося месца для залішне песімістычных прадчуванняў ды пустых стогнаў пра тое, што «гіне мова»…

dsc02837.jpg



Не праходзіць і дня, каб у мясцовых сродках масавай інфармацыі (асабліва ў электронных) не ўзнікала палеміка вакол лёсу беларускай мовы ў нашым грамадстве. І сапраўды, любая спроба беларускамоўных грамадзян нагадаць пра правы Роднага Слова ў Беларусі, выклікае як гарачую падтрымку, так і ачмурэлую імперскую прапаганду.

 

Шматмільённыя ўліванні ў шавіністычную лухту, якую імкнуцца прышчапіць на беларускай (чытай, еўрапейскай) глебе, дае адваротны вынік — беларусы (нават рускамоўныя) ўсё часцей гатовыя падтрымаць роднае слова. І сёння беларуская інтэлігенцыя, як і ў мінулым, застаецца першай ў шыхтах зберагальнікаў галоўнага скарбу беларусаў усіх пакаленняў.

 

Сведчаннем гэтага працэсу сучаснай Беларусі можна назваць захапляльны па сваёй эмацыянальнай і публіцыстычнай насычанасці паэтычны зборнік «Аднойчы вечарам», які быў здзейснены па ініцыятыве паэтаў-сяброў Таварыства беларускай Мовы імя Ф. Скарыны з дапамогай выдаўца Змітра Коласа. Як адзначыў у прадмове да гэтага выдання аўтар праекта паэт Яўген Гучок, новы зборнік змяшчае ў асноўным вершы паэтаў-рупліўцаў беларускай мовы, які прагучалі на сядзібе ТБМ на адной з красавіцкіх паэтычных вечарын-сустрэч. Адсюль і назва кніжкі «Аднойчы вечарам».

 

Своеасаблівымі ўводзінамі ў кантэкст зборніка можна назваць вершы сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Святланы Багданкевіч. Асноўная тэма яе творчасці, як і большасці паэтаў-сяброў ТБМ імя Ф.Скарыны — лёс роднай мовы. Але гэтая тэма раскрываецца аўтарам без плачу па беларушчыне, без сумных алюзій. У вершы, прысвечаным У. Содалю ("Каб не ўмёрлі"), С. Багданкевіч аддае даніну павагі і захапляецца подзвігам такіх асобаў у імя Беларушчыны:

 

«Хто вы сёння, яе героі?

Непрыкетныя рыцары-воі

Што па кроплях яе збераглі.

Хай абраных ня шмат. Іх вобмаль.

Ды сам дух яны, соль зямлі!..»

 

Святлана Багданкевіч чуйна ўслухоўваецца ў мову горада і з радасцю адзначае, што роднае слова, асабліва ў моладзі, становіцца прыкметай яго вяртання і ўмацавання ("Беларусы ў горадзе!"), смяецца над выкрутасамі свядомасці некаторых нашых сучаснікаў, якія адракаюцца ад сваіх моўных каранёў. Асабліва гэта камічна выглядае, калі такіх поглядаў трымаюцца некаторыя вяскоўцы ("Імперац").

 

Яшчэ адзін з аўтараў зборніка — паэт-тэбээмавец, стараста праваслаўнай суполкі Афрасінні Полацкай Мікола Бакас. Мэта суполкі — адрадзіць ў краіне дзейнасць Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. І гэтае імкненне вернікаў адлюстравана ў паэзіі Міколы Бакаса, які таксама бачыць у родным слове Боскую дапамогу нам, беларусам:

 

Ад Слова стварылася наша жыццё,

А наша айчына — ад роднага слова.

Няхай жа гучыць яно гімнам вясновым

Магутнаму Богу і маці з айцом.

(Мікола Бакас "Да Божае ласкі — пад сцягам Хрыста")

 

На жаль, і ў творах М. Бакаса эпізадычна назіраюцца рэцыдывы непрымірымасці да іншых веравызнанняў, характэрныя для РПЦ: нядобрым словамі ўспамінае аўтар ("Пан Хрыстос уваскрос! Не верце рабам") паганцаў (хоць гэтая вера была на нашай тэрыторыі асноўнай да прыняцця хрысціянства), а таксама містычна-эзатэрычную частку яўрэйскай Торы — Кабалу (прадстаўнікі гэтай нацыі спрадвеку жылі ў Беларусі і зрабілі важкі ўнёсак у беларускую культуру). А таксама ў адрас прадстаўнікоў самай вялікай сусветнай канфесіі — бязбожнікаў…

 

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Вера Буланда шукае натхненне ва ўспамінах пра дзяцінства ("Крый Божа"), калі жыла ў натуральным, родным моўным асяродку, калі кожнае слова мела сакральны сэнс:

 

Нібы запавет пранясу я два словы,

Каб дзеці і ўнукі запомнілі іх.

Крый Божа не ведаць бабулінай мовы,

Крый Божа зрачыся вытокаў сваіх.

 

Таму асноўны лейтматыў творчасці паэткі — адраджэнне Беларусі разам з мовай яе народа, якія стануць асновай дабрабыту яе грамадзян і росквіту краіны. Для гэтага трэба ўсвядоміць нашу мэту — адрадзіць беларускасць у сабе і адчуць сваю адказнасць за Беларусь як перад продкамі, так і перад нашчадкамі.

 

Такі ж лірычна-філафофскі роздум характэрны і для творчасці паэткі Аляксандры Грыцкевіч з ліцвінскага шляхецкага роду герба «Харугва». Спадарыня Аляксандра з дзяцінства мела прагу да творчасці класікаў. І гэта паспрыяла нараджэнню цікаўнасці аўтара да перакладаў, к тым ліку твораў У. Шэкспіра, М. Забалоцкага, Р. Шырмана, С. Ясеніна, Г. Ахматавай. Упэўнены, чытачам будуць таксама цікавыя прысвячэнне аўтаркі У. Караткевічу, наследаванне павучанням Буды да першых паслядоўнікаў у садзе Газэляў ("Праўда пра боль"), арыгінальны экскурс у гісторыю ўзнікнення рускай мовы ("Нататкі дылетанта")…

 

Адзін з самых актыўных аўтараў-сяброў ТБМ імя Ф. Скарыны Яўген Гучок прадставіў чытачам сваю новую паэму трохрадкоў’яў «Пакутнік-пілігрым», прысвечаны жыццёваму шляху вучонага-педагога, прафесара Ф.А. Бельскага. Паэме Я. Гучка папярэднічае «Слова да чытача» доктара філалагічных навук А. Бельскага, у якім мовазнаўца распавядае біяграфію вучонага, яго ролю ў айчыннай педагагічнай навуцы. Разглядаючы вершы Я. Гучка, аўтар прадмовы адзначае інавацыйную форму паэмы трохрадкоў’яў, у якой працуе паэт, а таксама яго «…ёмістыя сацыяльна-філасофскія абагульненні адносна… ролі школы, настаўніка, адукацыі, культуры ў жыцці грамадства…»

 

Калі напачатку гэтага артыкула я гаварыў пра тое, што і шматлікія рускамоўныя беларусы выступаюць за вяртанне роднага слова ў грамадскае жыццё краіны, то меў на ўвазе творчасць паэта, сябра культурна-асветнага клуба «Спадчына»Іллі Копыла, творчасцю якога прадстаўлена ў гэтым зборніку. Сваю пазіцыю сапраўднага беларуса спадар Ілля тлумачыць вершам «На перекрёстке», «Очнитесь, беларусы!», «Мне 80 лет», «Путь к свободе» і іншымі творамі. Трэба адзначыць, што тэматыка паэтычных радкоў І. Копыла, яго разуменне патрыятызму наводзіць на думку, што аўтар гатовы да працэсу вершаскладання на роднай мове — і беларускія словы, якія ён часам «укручвае» ў свае вершы сведчаць пра гэтую гатоўнасць.

 

Міхась Мазурэнка больш вядомы як аўтар гумарыстычных вершаў і баек, які друкаваліся ў часопісе «Вожык». На старонках зборніка «Аднойчы вечарам» мы знаёмімся з паэтычным бокам яго творчасці: вершы «Афганская Хатынь», «Тут Курапаты» ўздымаюць пытанне: чаму ў адных умовах беларусы становяцца катамі, а ў іншых — ахвярамі? Адказ аўтар бачыць у тым, што нашым лёсам кіруе не Бог, а хцівая імперыя, у якім абліччы нам яе не навязвалі, ці то у іпастасі Расейскай, ці то — Савецкай.

 

Эмацыянальнай выразнасцю адрозніваюцца вершы Надзеі Сармант, якая з’яўляецца ветэранам нацыянальна-асветніцкага руху, ад часу стварэння ТБМ была яго актыўным сябрам. На старонках выдання прадстаўлены вершы спадарыні Наталлі Сармант, у якіх аўтарка імкнецца перадаць вытокі сваёй любові да роднай зямлі і мовы яе народа ("Мова мая", "Да суайчыннікаў") і, ў той жа час, дзеліцца сваімі лірычнымі перажываннямі, якія хвалявалі і цяпер хвалююць аўтарку ("Ты, мая маладосць", "Дарога да шчасця", "Не размінуліся").

 

У гэтым жа рэчышчы працуе і іншая аўтарка — паэтка Ганна Хваль, вершы якой прасякнуты лірызмам і шчырымі развагамі пра лёс краіны ("Беларусь, ты — Радзіма"). Адна з асаблівасцяў паэтычнай палітры спадарыні Ганны — паэтычныя прысвячэнні, якія з’яўляюцца пад уражаннямі ад асабістых сустрэч ("Масею Сяднёву"), альбо з мэтай нагадаць чытачам пра жыццёвы подзвіг беларускіх патрыётаў ("Ларыса і Янка"). Некаторыя творы Ганны Хваль апяваюць родную прыроду, да якой аўтарка ставіцца як да жывога арганізма ("Усё змянілася", "Восені сумнай матывы").

 

Пры ўсёй разнастайнасці зборніка вершаў паэтаў-сяброў ТБМ імя Ф. Скарыны (лірычныя вершы, прысвячэнні, наследаванні, паэмы, песні, грамадзянская лірыка), некаторыя творы з яго яшчэ захоўваюць рысы спрошчаных уяўленняў пра шляхі нацыянальнага Адраджэння ў ХХІ стагоддзі, але ўжо без залішніх песімістычных прадчуванняў, без пустых стогнаў пра тое, што «гіне мова»…


Як і Максім Багдановіч, які заклікаў «Бiйце ў сэрцы iх — бiйце мячамi,Не давайце чужынцамi быць!», аўтары, прадстаўленыя ў паэтычным зброніку «Аднойчы вечарам» звяртаюцца да самых патаемных і далікатных струн беларускай душы нашых суайчыннікаў, каб «не ўмёрлі».