У Мінску адбылася прэзентацыя зборніку «Люстрацыя для Беларусі»

1 чэрвеня ў Мінску адбылася прэзентацыя зборніку «Люстрацыя для Беларусі», арганізаваная аднайменнай грамадзянскай ініцыятывай.

presss2_logo.jpg

У 109-старонкавае выданне з серыі «Шлях да свабоды» уключаны, між іншым, праект канцэпцыі люстрацыі для Беларусі, артыкулы і меркаванні вядомых палітыкаў, грамадскіх дзеячоў, юрыстаў і журналістаў, у тым ліку Вацлава Арэшкі, Алеся Бяляцкага, Андрэя Саннікава, Генадзя Фядыніча, Сяргея Мацкевіча, Вінцука Вячоркі і Тамары Сяргей. Апроч таго, у кнігу ўвайшоў шэраг міжнародна-прававых дакументаў і артыкул юрыста Гінэка Банёўха (Чэхія) “Разлік з мінуўшчынай і эфектыўнасць права”.  

 

Каардынатар грамадзянскай ініцыятывы «Люстрацыя для Беларусі» Валянціна Свяцкая паведаміла, што праца ініцыятывы распачалася пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 году дзеля таго, каб на досьведе еўрапейскіх краінаў-суседзяў стварыць канцэпцыю люстрацыі для Беларусі, якая б улічвала не толькі назапашаны вопыт, але і гістарычныя асаблівасці Бацькаўшчыны. Спадарыня  Свяцкая выказала надзею, што праект канцэпцыі люстрацыі для Беларусі будзе выкарыстаны ў будучай дэмакратычнай краіне для падрыхтоўкі адпаведнага закону аб люстрацыі.

 

presss1_logo.jpg

Як зазначыў Вінцук Вячорка, трэба не стамляцца падкрэсліваць, што люстрацыя – не карны, але абарончы захад дзяржавы і грамадства дзеля добрае будучыні для ўсіх, у тым ліку і аб’ектаў люстрацыі. Трэба паўтараць, што са злачынцамі павінны разбірацца і адпаведна караць іх пракуратура і суды. А люстрацыя – гэта ўсяго толькі абмежаванне права займаць пэўныя кіраўнічыя і іншыя пасады, што ўплываюць на людзей праз адукацыю і СМІ. Пры гэтым спадар Вячорка звярнуў увагу на неабходнасць люстрацыі для былых функцыянераў камуністычнай эпохі, якія пры ўладзе ўяўляюць небяспеку вольнай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі.      

 

На думку Вацлава Арэшкі, у перыяд трансфармацыі грамадства ад недэмакратычных рэжымаў да дэмакратыі люстрацыя павінна разглядацца, як неабходны складнік рэфармавання краіны. Такім чынам, падрыхтоўка люстрацыі становіцца часткай праекту пабудовы цывілізаванай еўрапейскай Беларусі.

 

Шэраг удзельнікаў прэзентацыі, у тым ліку Генадзь Фядыніч, Тамара Сяргей, Мечыслаў Грыб і Сяргей Мацкевіч, звярнулі ўвагу на неабходнасць папулярызацыі ідэяў зборніка ў грамадстве дзеля таго, каб грамадзяне вучылісь адстойваць свае правы. Такая праца мае вялікае значэнне для кожнага чалавека, які не толькі набывае неабходныя юрыдычныя веды і вопыт абароны сваіх правоў, аднак і ўзвышаецца як асоба. Разам з грамадзянскім сталеннем чалавек робіцца больш разняволеным і адказным, які, у першую чаргу,  крытычна ставіцца да сябе і сваіх учынкаў.

 

У гэтым, як раз, і ёсць асноўная мэта люстрацыі, якая павінна падштурхнуць працэс грамадскага ачышчэння -- пакаяння за вольны ці вымушаны ўдзел людзей у злачынствах таталітарнага рэжыму, а таксама за тое, што мы маглі зрабіць, але не зрабілі дзеля праўды, волі і прыстойнага жыцця.