У Мінску прэзентавалі мастацкі каляндар з беларускімі прыказкамі (фота, відэа)
Трынаццаць выкшталцоных прыказак для календара з васьмі тысячаў варыянтаў адбіралі наведнікі Цэнтра рэабілітацыі Мінскага клубнага дома «Адкрытая душа». Пасля прэзентацыі прайшоў паказ монаспектакля на этнічныя матывы лідара гурта «Троіца» Івана Кірчука.

Гэты каляндар вельмі незвычайны. Прыказкі да кожнага месяца карпатліва асэнсоўвалі і адбіралі людзі з няпростым лёсам, якія пэўны час лекаваліся ад псіхіятрычных хваробаў. У грамадскім клубе «Адкрытая душа», які з’яўляецца праектам Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў, яны праходзяць рэабілітацыю пасля лячэння. Работа цэнтра пабудавана так, каб удзельнікі рэабілітацыйнай праграмы вярнулі сабе адчуванне ўласнай значнасці і ўпэўненасці ў сваіх сілах, адчулі падтрымку і наноў сацыялізаваліся. Да кожнага месца календара ілюстрацыі ў авангардысцкім стылі але на этнічныя матывы стварыла мастачка Таццяна Быц.

Прадстаўніца БАСР Кацярына Гузоўская-Гара кажа, што для календара наўмысна адбіраліся пазітыўныя і жыццесцвярджальныя прымаўкі.

«Нам падалася цікавай ідэя выпусціць каляндар, які б нагадваў наведнікам цэнтра пра прыемныя сустрэчы, якія іх чакаюць у жыцці», — кажа Кацярына Гузоўская-Гара.

Выданне вялікафарматнага ілюстраванага календара «Добрыя жарты» накладам 1000 асобнікаў, які будзе распаўсюджвацца бясплатна ў розных арганізацыях, і ягоная мастацкая прэзентацыя сталі магчымымі, дзякуючы падтрымцы кампаніі А1.

«Дапамога праектам, якія ў яскравай форме прадстаўляюць беларускую мову і культуру, — адзін з важнейшых кірункаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці нашай кампаніі. Сённяшні праект вельмі важны таксама тым, што ён прыцягвае ўвагу да дзейнасці Мінскага клубнага дома «Адкрытая душа», які робіць вельмі важную справу», — адзначае кіраўнік групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі А1 Віктар Пазьнякоў.

У межах прэзентацыі календара лідар этна-трыа «Троіца» Іван Кірчук прадставіў гасцям імпрэзы свой монаспектакль «Дарожка мая», створаны па матывах народных песень.
Іван Курчук таксама падкрэсліў, што фальклор продкаў — калодзеж мудрасці. Калі мы слухаем і спяваем іх песні, удзельнічаем у абрадах, то па кроплі напаўняем і ачышчаем сябе. Любы падобны праект — гэта прысвячэнне продкам, якія дапамагаюць нам, калі мы шануем іх мудрасць.
Фота і відэа аўтара