У Мінску прэзентавалі першы беларуска-англійскі слоўнік у малюнках

Праект «Наш дом», на які цягам апошняга года збіралі грошы праз талаку, нарэшце паспяхова завяршыўся. Фундатарам і валанцёрам прэзентавалі першы беларуска-англійскі слоўнік у малюнках, які выйшаў у выдавецтве «Галіяфы».

slovar__58_of_59__logo.jpg


Суаўтаркі праекта Алена Трацякова і Наталля Зенька распавялі, што ідэю шмат гадоў таму падкінуў знакаміты мовазнаўца Зміцер Саўка. Менавіта ён звярнуў увагу тады яшчэ студэнткі Наталлі на тое, што неблага было б выдаць тэматычны беларуска-французскі ці беларуска-англійскі слоўнік.

Алена Трацякова, Яня Трацякова і Наталля Зенька

Алена Трацякова, Яня Трацякова і Наталля Зенька

З таго часу да гэтай тэмы перыядычна вярталіся, але асабліва актуальнай яна стала, калі ў заснавальніц праекту з'явіліся ўласныя дзеці, якіх было вырашана гадаваць па-беларуску. І тады ўзнікла пытанне: а што рабіць маладым бацькам, якія самі не так даўно сталі беларускамоўнымі і самі не заўсёды ведаюць, як тыя ці іншыя рэчы называюцца? Напрыклад, «халадзільнік ці лядоўня?»
Суаўтары кнігі кажуць, што яны імкнуліся стварыць якасны моўны дапаможнік, а таксама зрабіць выданне максімальна карысным для беларусаў.
«Спачатку мы планавалі слоўнік на 1200-1300 слоў, аднак у доме столькі цікавых рэчаў, што кніга «вырасла» да 2000 з гакам адзінак. «Наш дом» змяшчае як амерыканскія, так і брытанскія лексічныя варыянты, якія часта адрозніваюцца ў гэтым семантычным полі. Для транскрыпцый узяты за аснову брытанскі варыянт вымаўлення, які выкладаюць у беларускіх школах і вну», — распавяла Алена Трацякова.  

vokladka_5.jpg


Частка кніг накіруецца ў бібліятэкі. Але каб слоўнікі трапілі менавіта да тых, каму яны патрэбны, хто будзе імі карыстацца, некалькі дзясяткаў асобнікаў разыграюць у конкурсе для школьнікаў, студэнтаў і настаўнікаў.
Суаўтаркі слоўніка прадставілі тых, без чыёй працы гэты праект быў бы немагчымы.
Адзін з найбуйнешых фундатараў Віталь Князеў, кажуць, так загарэўся ідэяй, што яшчэ і прапанаваў свае кансультацыйныя паслугі. Ён урачыста атрымаў ганаровы сэртыфікат фундатара.
Сертыфікаты атрымалі і сябры каманды.

11__1_.jpg


У праекце працавалі больш за 12 чалавек: ілюстратар, мовазнаўцы, аператар, валанцёры з Беларусі, ЗША, Вялікабрытаніі.
Вельмі важна было знайсці сумленных, высокапрафесійных мовазнаўцаў.
Выйшлі на Змітра Санько. Ён распавёў, што калі чатыры гады таму пазнаёміўся з Аленай і яе ідэяй, то зрабіў усё магчымае, каб растлумачыць усе цяжкасці, якія будуць чакаць наперадзе. На шчасце, гэта яе не прыпыніла. «Выданне гэтага слоўніка стала бліскучым прыкладам грамадзянскай ініцыятывы, якая давяла ідэю да якаснага прадукта. У гэтай справе не было задзейнічана ніводнага чыноўніка – і гэта надзвычай важна», — адзначыў Зміцер Санько.


Зміцер Санько атрымлівае сертыфікат падзякі

Зміцер Санько атрымлівае сертыфікат падзякі

У мовазнаўчай кансультацыйнай радзе праекта працавалі пяць чалавек. Акрамя Змітра Санько, гэта Марыя Кавальчук, Уладзь Кошчанка, Алесь Бразгуноў і Вольга Міцкевіч. Ад пачатку хацелі наладзіць супрацоўніцтва і са Змітром Саўкам, але не паспелі…

4__2_.jpg



Уладзь Кошчанка адзначыў, што цяжкасць такога слоўніка ў тым, што ён у нечым тэрміналагічны. І калі якое-небудзь слова сёння ўжываецца, заўтра яго ўжо могуць забыць. Таму мала быць мовазнаўцам, трэба, каб у чалавека гэтыя словы былі ва ўжытку.
На яго думку, хоць гэтая кніжка і выглядае па-дзіцячы, але цалкам падыйдзе для дарослых.

Уладзь Кошчанка і Зміцер Вішнёў

Уладзь Кошчанка і Зміцер Вішнёў

Кіраўнік выдавецтва «Галіяфы» Зміцер Вішнёў распавёў, што слоўнік ужо карыстаецца надзвычайным попытам: за два дні ў выдавецтва паступіла 80 замоў, «мы літаральна ашалелі ад такой колькасці».
Як адзначылі многія прысутныя, слоўнік «Наш дом» можа стаць цудоўным навагоднім падарункам. Набыць яго ўжо зараз можна праз кнігарню «Галіяфы» (http://halijafy.by ).
Неўзабаве слоўнік з'явіцца таксама і ў іншых кнігарнях.


slovar__48_of_59__logo.jpg

slovar__52_of_59__logo.jpg