У Вільні пройдзе канферэнцыя, прысвечаная постфемінізму

З 17 па 19 кастрычніка ў Вільні адбудзецца міжнародная канферэнцыя «Спадчына Сымоны дэ Бавуар і постфемінісцкі стан у 21 стагоддзі».

poster_october.jpg


Арганізатары — Цэнтр гендэрных даследаванняў пры ЕГУ і Французскі Інстытут у Літве. Падзея прысвечаная 70-годдзю публікацыі эсэ «Другі пол» (1949). У 2019 годзе ў заходнім свеце шырока адзначаюць 70-годдзе публікацыі вядомага, скандальнага, забароненага Ватыканам і СССР эсэ Сымоны дэ Бавуар (1908-1986), французскай філосафкі і пісьменніцы, якая ўпершыню ў чалавечай гісторыі прааналізавала ў гістарычнай перспектыве прычыны маргіналізацыі жанчыны і стварэння катэгорыі «другі пол», «слабы пол», нечага сярэдняга паміж мужчынам і кастратам, як азначыла ў эсэ сама аўтарка.
Вядомая цытата-рэзюмэ эсэ «кабетай не нараджаюцца, а становяцца» дасюль займае розумы і ўвагу чалавецтва: кнігу крытыкуюць, шануюць, але зноў чытаюць, нанава перакладаюць і канстатуюць, што дасюль кабета застаецца маргіналізаванай, другой, іншай, другаснай. І нават эфект MeToo, няма сумневу, — гэта вынік фемінісцкай бомбы, закладзенай Сымонай дэ Бавуар 70 год таму. Пастаянныя хвалі вызвалення і эмансіпацыі нагадваюць нам, што да сёння пытанне роўнасці палоў так і не дасягнута, хоць удала дэманструюць пастаянны прагрэс у гэтым кірунку. І пакуль існуе няроўнасць, існуе і фемінізм, каб безупынку нагадваць аб гэтай несправядлівасці — так лічыла французская мыслярка і так раюць успрымаць фемінізм арганізатары канферэнцыі.
Канферэнцыя ў Вільні якраз і фіксуецца на з“яве постфемінізму, на філасофскай, фемінісцкай спадчыне Сымоны дэ Бавуар, на тым, як ейны тэкст змяніў спачатку жыцці мільёнаў францужанак, потым еўрапеек, заходніх кабетаў наагул і мяняе дасюль жыцці мільярдаў, у тым ліку мужчынаў. Актуальнасць творчасці Сымоны дэ Бавуар для Беларусі палягае яшчэ і ў тым, што ейныя тэксты дасюль не перакладзеныя на беларускую мову, аднак мясцовы фемінізм часта абапіраецца на ейныя вызваленчыя пасланні. Даследніцы і даследнікі з многіх краінаў (Беларусь, Літва, Швецыя, Фінляндыя, ЗША, Камерун, Францыя) прапануюць тэмы, якія смела сягаюць у будучыню і актуалізуюць спадчыну пісьменніцы, але і шырэй гледзячы пасланне фемінізму.
Спецыяльная госця канферэнцыі — пісьменніца, дыпламатка і сяброўка Сымоны дэ Бавуар — Кладын Мантэй, фемінісцкая актывістка і аўтарка шматлікіх твораў, прысвечаных жыццю і дзейнасці аўтаркі «Другога полу». Акрамя таго, што Кладын Мантэй падзеліцца ўспамінамі пра выбітную мыслярку, яна пазнаёміць прысутных з тэмай «Жанчыны ў дыпламатыі».
Такім парадкам, постфемінізм — гэта не завяршэнне фемінізму, а ягоная бязупынная трансфармацыя і актуальнасць насуперак страхам і стэрэатыпам.