У Празе прэзэнтавалі кнігу беларускіх перакладаў Вацлава Гавала «Жыццё ў праўдзе» (фота)
15 лістапада ў Беларускай клубоўні ў Празе адбылася прэзентацыя кнігі выбраных эсэ Вацлава Гавала «Жыццё ў праўдзе», якая нядаўна выйшла ў выдавецтве «Логвінаў», і ўсёй серыі «Чэшская калекцыя», у межах якой выдадзена 9 кніг.
![ce9e9589_7476_46d1_86a0_43ad639bcec6_w640_r1_s.jpg ce9e9589_7476_46d1_86a0_43ad639bcec6_w640_r1_s.jpg](/img/v1/news/full/ce9e9589_7476_46d1_86a0_43ad639bcec6_w640_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Стваральнік і кіраўнік серыі Сяргей Сматрычэнка, перакладнікі Вераніка Бяльковіч і Макс Шчур
Падчас прэзентацыі стваральнік і кіраўнік серыі Сяргей Сматрычэнка, перакладнікі Вераніка Бяльковіч і Макс Шчур распавялі, як узнікла «Чэшская калекцыя» і як вялася праца над беларускімі перакладамі твораў Гавала, Доўскавай, Вівэга, Бонды, Андранікавай.
![gdb.rferl.org__fdcdd40a_1309_4_20f4879a135fb63c7c5c08d0214b3cb9.jpeg gdb.rferl.org__fdcdd40a_1309_4_20f4879a135fb63c7c5c08d0214b3cb9.jpeg](/img/v1/images/gdb.rferl.org__fdcdd40a_1309_4_20f4879a135fb63c7c5c08d0214b3cb9.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Паводле Сматрычэнкі, «Чэшская калекцыя» была задуманая ў 2005 годзе:
«Мэтай было данесці да чытача якасныя кнігі чэшскіх аўтараў, а таксама пэўным чынам развіваць беларускі пераклад. Кніг на дадзены момант выйшла 9, яшчэ 2 ці нават 3 знаходзяцца ў працы. Палітыку серыі збольшага вызначаю я, але, натуральна, я заўсёды раюся з перакладчыкамі. Макс Шчур мае такі густ, з якім я цалкам пагаджаюся, таму ён перакладае, што хоча, а мы пасля выдаем».
![gdb.rferl.org__26bff306_816f_4_e49f9eff6fc776cd613c2f4688d823d6.jpeg gdb.rferl.org__26bff306_816f_4_e49f9eff6fc776cd613c2f4688d823d6.jpeg](/img/v1/images/gdb.rferl.org__26bff306_816f_4_e49f9eff6fc776cd613c2f4688d823d6.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кніга эсэ Вацлава Гавала — гэта апошняе выданне з серыі. Чэшская амбасада ў Менску выклікалася прафінансаваць выданне кніжкі, таму яны мелі слова падчас выбару твораў і аўтара. Сматрычэнка лічыць выбар вартым і ўдалым. Паводле яго словаў, сама кніга рыхтавалася вельмі доўга. У выданне ўвайшлі розныя эсэ часоў дысідэнцтва, пачынаючы ад «Сілы бяссільных» і заканчваючы лістом Густаву Гусаку, творы часоў прэзідэнцтва, калі Вацлаў Гавал перайшоў да жанру прамовы (прэзідэнт не мае часу пісаць эсэ). Тэматычна і змястоўна прамовы мала чым розняцца ад эсэ, але карацейшыя. Некаторыя з гэтых твораў раней былі перакладзеныя на расейскую. Самае вядомае і вялікае эсэ Вацлава Гавала «Сіла бяссільных» упершыню ў расейскім перакладзе выйшла ў 1991 годзе ў Менску. Пераклад быў зроблены доктарам філалагічных навук, прафесарам БДУ Ірынай Шаблоўскай (1939–2004). Пазней некаторыя ўрыўкі перакладаліся на беларускую.
![gdb.rferl.org__0d618948_2c7f_4_bb4356d8db13915e581f4b851297b964.jpeg gdb.rferl.org__0d618948_2c7f_4_bb4356d8db13915e581f4b851297b964.jpeg](/img/v1/images/gdb.rferl.org__0d618948_2c7f_4_bb4356d8db13915e581f4b851297b964.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Перакладнікі распавялі пра складанасці, якія ўзнікаюць падчас перакладу мастацкіх тэкстаў з роднасных моваў, а таксама паразважалі пра сітуацыю з перакладамі ў Беларусі.
Макс Шчур адзначыў, што выхад якога-небудзь перакладу ў Беларусі — гэта сапраўды падзея. Калі ў Чэхіі штогод выдаецца па 100–200 перакладаў, то ў нас перакладнікі мастацкай літаратуры на беларускую на вагу золата, гэта унікумы, героі. З гэтым звязана і тое, што атрыманне перакладніцкай прэміі нагадвае ў Беларусі спаборніцтва пяці перакладнікаў, а сама прэмія пераходзіць ад аднаго да іншага, «як сцяг брыгады». Макс Шчур падкрэсліў, што, напрыклад, польская перакладная літаратура апошнімі гадамі вельмі добра прадстаўленая на беларускім кніжным рынку.
![gdb.rferl.org__4b753de6_8c4b_4_2a0158c6376b6fb84694be5615b82d57.jpeg gdb.rferl.org__4b753de6_8c4b_4_2a0158c6376b6fb84694be5615b82d57.jpeg](/img/v1/images/gdb.rferl.org__4b753de6_8c4b_4_2a0158c6376b6fb84694be5615b82d57.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Паводле Веранікі Бяльковіч, сітуацыя на беларускім кніжным рынку такая, што з'яўленьне гэтай серыі — вялікая ўдача:
«Я веру, што шмат якія перакладнікі гатовыя друкавацца задарма, але бракуе нават сродкаў на само выданне».
Як адзначыла арганізатарка мерапрыемства Крысціна Шыянок, усе ахвотныя могуць замовіць кнігі з «Чэшскай калекцыі», яны будуць прывезеныя непасрэдна з выдавецкага складу ў Менску.