У спадзяванні на карт-бланш

У мінулым годзе прайшло абмеркаванне выставы Нацыянальнага мастацкага музея «Заходняя Беларусь у мастацтве». Здарэнне не дужа маштабнае, але вартае ўвагі. Найперш з-за даты, да якой была прымеркавана выстава, а яшчэ больш — з-за зместу самой выставы. (На выяве: Міхась Сеўрук. «Купальніцы»)



0e087ec55dcbe7b2d7992d6b69b519fb.jpg

У мінулым годзе прайшло абмеркаванне выставы Нацыянальнага мастацкага музея «Заходняя Беларусь у мастацтве». Здарэнне не дужа маштабнае, але вартае ўвагі. Найперш з-за даты, да якой была прымеркавана выстава, а яшчэ больш — з-за зместу самой выставы.

(На выяве:

moz-screenshot-1.png

Міхась Сеўрук. «Купальніцы»)

Нагадаем, выстава была прымеркавана да ўгодкаў лёсавызначальнай, аднак і вельмі супярэчлівай падзеі 1939 года. Падзеі, пасля якой 14 кастрычніка таго ж векапомнага года Вярхоўны Савет БССР запісаў у законе: «Прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР і з’яднаць тым самым вялікі беларускі народ у адзіную Беларускую дзяржаву».
Наладжаная супольнымі намаганнямі шэрагу ўстаноў Беларусі (Міністэрствам культуры, Нацыянальным музеем гісторыі і культуры, Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Якуба Коласа, Дзяржаўным літаратурным музеем імя Янкі Купалы, Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеем, Беларускім саюзам мастакоў, Творчым грамадскім аб’яднаннем «Мастак»), выстава была досыць прадстаўнічай. У экспазіцыі было блізка 150 твораў жывапісу і графікі. Усеабдымна шырокая і паліткарэктная назва ў асноўным адпавядала канцэпцыі — з’яднаць рэчышча беларускага мастацтва, раздзеленага палітычнай плацінай геапалітычных варункаў.
Як належыць выставе такога ўзроўню, яна зіхацела суквеццем імёнаў і твораў. Апрача культавых работ заходнебеларускіх класікаў: «Адвечным шляхам», «А хто там ідзе», «Званар» Пятра Сергіевіча, яго графічнага партрэта Івана Луцкевіча, наведвальнікі мелі мажлівасць яшчэ раз пабачыць творы Міхася Сеўрука як з пастаяннай экспазіцыі, так і ягоны класічны ўзор сацрэалізму з фондаў НММ — «На сенажаці». Падборку твораў «брэндавага мастака» Язэпа Драздовіча з розных музеяў Мінска, фондавую графіку Зміцера Крачкоўскага, цудоўны жывапіс Ядвігі Раздзялоўскай, бескампрамісна-рэалістычныя партрэты Сяргея Вішнеўскага і паэтычныя краявіды Паўла Южыка з прыватных калекцыяў. Хай і невялічкае адкрыццё зрабілі для сябе гледачы, пабачыўшы некалькі графічных твораў мастакоў «беластоцкага кола».
Ураўнаважвалі «заходнебеларускую плынь» работы «партрэтыста, жанрыста, аўтара карцін на гісторыка-рэвалюцыйную тэму, які маляваў пейзажы, нацюрморты, займаўся графікай, Заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1944), Член-карэспандэнта АМ СССР (1950), Народнага мастака РСФСР (1966)» — Мадорава Фёдара Аляксандравіча, што быў прадстаўлены партрэтам Сяргея Прытыцкага (1913–1971), эцюдамі і эскізамі да карціны «Народны сход у Заходняй Беларусі».
Выстава атрымалася грунтоўна-шараговай, някідкай і збалансаванай, хоць і без якога буклета-каталога на ўспамін, нягледзячы на ўласны выдавецкі аддзел музея. Гэта меркаванне прысутных мастацтвазнаўцаў, мастакоў, журналістаў і гледачоў («прадстаўнікоў грамадскасці») не варта ўспрымаць як абавязковы і трохі няўклюдны рэверанс у бок арганізатараў.
Зацікаўленыя асобы шукалі адказ на стрыжнявое пытанне: «Чым тлумачыцца абмежаванне паказу (папулярызацыі) заходнебеларускай спадчыны? Чаму хоць раз на 70 гадоў не паказаць яе ў разгорнутым выглядзе? Шырока і панарамна?»

Пётр Сергіевіч. «Утаймаванне буры»


Не пераканалі аргументы арганізатараў на карысць таго, што творы Льва Дабржынскага, Пятра Паўлючука, Пятра Жынгеля, Язэпа Горыда, Кузьмы Чурылы, Клаўдзіі Хруцкай, Эдварда Кучынскага, Валянціна Рамановіча, Яўгена Бранскага на тэрыторыі цяперашняй Беларусі не выяўленыя (але яны ёсць у дзяржзборах суседніх краінаў, прыватных калекцыянераў і спадчыннікаў мастакоў, і гэта ўжо абавязвае і вымагае). Прыкра і крыўдна, што вядомыя ў культурах суседніх народаў мастакі па-ранейшаму невядомыя ў Беларусі.
Тое, што наяўны, дапаможна-дакументальны і «капійны матэрыял» мастацкі музей з-за сваёй спецыфікі паказваць не можа, успрымаецца не больш як роспачна-бездапаможная спроба аргументу.
Гаворачы пра прынцыпы падачы матэрыялу, жывыя формы выставачнай экспазіцыі, аглядальнік аддзела культуры газеты «Свободные Новости +» Ганна Кручоных усхвалявана-захоплена распавядала пра выключна ёмістую і эстэтычную выставу-падзею — «Амерыканскія мастакі з Расійскай Імперыі», у якой, дарэчы, былі заўважаныя і выхадцы з Паўночна-Заходняга краю. Прайшоўшая ў 2009 годзе ў Санкт-Пецярбурзе і Маскве, у філіяле Траццякоўскай галерэі на Крымскім валу выстава была пададзена са скарыстаннем разнастайных дапаможных і метадычна-асветных сродкаў: падборкамі архіўных фотакартак і другіх сведак часу, дакументальных відыяінсталяцый пра мастакоў, не кажучы ўжо пра ўсю шырыню паліграфічнага спектра. (Ад запрашальніка, плаката да выдатнага «павадыра»). Зразумела, такія выставы рыхтуюцца не адзін год і не адным толькі куратарам. Ды і крызіс у нас. У тым ліку фінансавы. Але…
Чым можна растлумачыць адсутнасць у экспазіцыі прац Аляксандра Лазіцкага, Фёдара Лаўрова, Васіля Сідаровіча? Канцэпцыяй, складанасцямі рабочага характару, што маглі паўстаць у музея з прычыны захавання твораў у прыватных калекцыях Беларусі? Тым, што работы ў музей самі не прыйшлі?

Язэп Горыд. «Маланка»


Творчы ж даробак таленавітага мастака Антона Карніцкага экспануецца ў Слонімскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі (ёсць яго творы і ў фондах), і тут, здавалася б праблемаў для НММ і МК не існавала. Апрача крызісу, з-за якога, клятага, «няма грошай на бензін». Сапраўды, страшэнны крызіс. І палягае ён, перадусім, у рэчышчы маральна-этычным, духоўным, а не эканамічным. Відаць, гэта і ёсць асноўнае тлумачэнне, чаму выстава, якая мела ўсе мажлівасці стаць з’явай культурнага і грамадскага жыцця Беларусі, была ўціснутая ў фармат традыцыйны, дзяжурна-шараговы.
Адкрыццё новых імёнаў, вяртанне іх у культурны кантэкст і грамадскую свядомасць суайчыннікаў, папулярызацыя заходнебеларускай неабжытай духоўнай спадчыны, якая, акрамя ўласна мастацкай вартасці, мае дакументальную і гісторыка-культурную значнасць — справа неабходная. Дзяржаўная.
Прамінуўшая выстава не стала значнай грамадска-культурнай падзеяй краіны. Але яна пакінула буйнейшай мастацкай установе РБ і Міністэрству культуры зайздросную мажлівасць на годны карт-бланш. У 2014 годзе. Рыхтавацца да яго трэба ўжо зараз.