Уцёкі ад ідэалогіі

Беларускае дакументальнае кіно нечакана выбухнула некалькімі ўдалымі карцінамі Віктара Аслюка і Галіны Адамовіч — фільмы атрымалі перамогі на дзясятку прэстыжных кінафестывалях. Аднак за апошнія некалькі гадоў беларускае кіно вярнулася ў звыклы для сябе стан знешняй ізаляцыі. Прагляд лепшых беларускіх стужак мінулага кінагода падараваў надзею на выхад з крызіснага стану за недзяржаўны кошт.



65b1e92c585fd4c2159d5f33b5030ff2.jpg

Беларускае дакументальнае кіно нечакана выбухнула некалькімі ўдалымі карцінамі Віктара Аслюка і Галіны Адамовіч — фільмы атрымалі перамогі на дзясятку прэстыжных кінафестывалях. Аднак за апошнія некалькі гадоў беларускае кіно вярнулася ў звыклы для сябе стан знешняй ізаляцыі. Прагляд лепшых беларускіх стужак мінулага кінагода падараваў надзею на выхад з крызіснага стану за недзяржаўны кошт.

(На здымку: Андрэй Куціла з ўзнагародай  «Залаты Жабрак для найлепшага рэгіянальнага тэлеканалу» XVI міжнароднага фестывалю рэгіянальных тэлевізіяў)


Кіно наўпрост
Пачнём з дэбюту года — стужкі «Днюка» Андрэя Куцілы і Аляксандра Налівайкі. Вясковая гісторыя з жыцця палескай глыбінкі: тут як спрадвеку гоняць на золку кароў на пашу, цяпер — па заасфальтаваных дарогах; карыстаюцца гаворкай далёкіх продкаў, што выклікае патрэбу нават у беларускіх цітрах; старыя наракаюць на нерадзівасць моладзі і даглядаюць сваіх стогадовых матуль; вечарамі бабулі працуюць за калаўротам і кроснамі, а мужыкі тут ніколі не бываюць цвярозымі. У цэнтры стужкі — супрацьпастаўленне гаспадарлівай спрытнай бабулі і яе мужа, які баіцца, што як кіне піць, то і памрэ адразу. Старыя ўжо паўстагоддзя як разам, і ўвесь гэты час між імі — марная вайна з гарэлкай.
Фільм увабраў у сабе разважлівасць і мастацкасць стужак Віктара Аслюка, лёгкі і іранічны стыль Галіны Адамовіч. Навідавоку, хоць і запозненае, фармаванне школы беларускага дакументальнага кіно з характэрнымі асаблівасцямі: мінімалізацыяй кінематаграфічных сродкаў, увагай да беларускай аўтэнтычнай культуры і праблем сучаснасці, метафарычнасцю і вобразнасцю. У такіх фільмах не сустрэнеш закадравага аўтарскага тэксту і наватарскага мантажу — усё гарманічнае і сапраўднае, як у жыцці. Гэта кіно наўпрост, максімальна набліжанае да рэальнасці.
Менавіта такое кіно: аддаленае ад тэлефармату, са сваім нацыянальным падтэкстам, — можа быць цікава звонку. «Днюка» стала першай беларускай стужкай, якая была прадстаўлена ў конкурсе студэнцкіх фільмаў на вядучы фестываль дакументальнага кіно ў Амстэрдам. І хоць фільм не атрымаў там узнагарод, аднак для беларускага кіно, у якім даўно не з’яўлялася новых імёнаў, — гэта сапраўдны прарыў.
Эксперыменты з партрэтамі
Напрыканцы года адбыліся прэм’ерныя паказы кінастужак «Андрэй» Віктара Аслюка і «Манашка» Галіны Адамовіч. Фільмамі-партрэтамі мэтры беларускай кінадакументалістыкі скарысталіся для стылістычных эксперыментаў.
«Андрэй» — фільм па ўсіх якасцях для Віктара Аслюка нехарактэрны. Аўтар-мінімаліст не любіць выкарыстоўваць у кіно ані фотаздымкаў, ані твораў мастацтва, ані музыку ці закадравы тэкст — у гэтым фільме ўсё гэта ёсць. Герой стужкі, мінскі мастак-пустэльнік Андрэй Бялоў, сэнс уласнага жыцця бачыць у творчасці, аднак не знаходзіць асэнсаванасці штодзённым клопатам у сутарэннях майстэрні; для творцы-атэіста жывапіс і ёсць жыццё, астатняе — марнасць. Аслюк скарыстоўвае цытаты з Таркоўскага і музыку Баха дзеля пераканальнага адказу: «Творчасць — гэта і ёсць малітва да Бога». Эксперыментальны фільм не прэтэндуе на фестывальны трыўмф, аднак сярод іншых беларускіх вылучаецца мастацкасцю і глыбінёй.
Галіна Адамовіч не адмаўляе тэлевізійнасці ў неігравым кіно і ў сваім апошнім фільме «Манашка» напоўніцу карыстаецца вопытам працы ў візуальных медыях. Рытмічны і апавядальны фільм пра хормайстра Ірыну Дзянісаву, якая, паставіўшы на ногі дзяцей, вырашылася на манаскі пострыг. Гэту гісторыю Г. Адамовіч пачала здымаць у 2003 годзе для тэлеперадачы «Лёс чалавека»; крышку раней, напачатку 1990-х, дакументальнае кіно пра сям’ю музыкаў рабіў М. Жданоўскі. Усе гэтыя матэрыялы Галіна выкарыстоўвае — атрымліваецца ледзьве не сямейная эпапея даўжынёй у чвэрць стагоддзя. Шчаслівая шматдзетная сям’я таленавітых музыкаў, цяжкая хвароба сына і яго выратаванне малітвай, ад’езд, ледзьве не ўцёкі былога мужа ў Пецярбург, клопаты маці-адзіночкі пра сыноў і дачку, сыход у манастыр. Драматычная гісторыя, напоўненая харавымі спевамі гадаванцаў І. Дзянісавай, пралівае святло на манаскае жыццё, поўнае творчасці і духоўнага разнявольвання.
Скажоная рэчаіснасць
Яшчэ пяць гадоў таму цяжка было ўявіць сабе, што студыя «Летапіс» «Беларусьфільма» страціць манаполію на дакументальнае кіно ў краіне. Сёння гэта не аспрэчваецца. На апошнім «Лістападзе» ў конкурсе дакументальнага кіно толькі адзін з чатырох беларускіх фільмаў быў зроблены на дзяржаўнай кінастудыі. Здаецца, што ўсё больш-менш вартае са створанага за апошнія некалькі год: «Ва ўсе дні» М. Жданоўскага ці той жа «Андрэй» — створана насуперак кінастудыі.
Вышэйузгаданая «Днюка» з’явілася дзякуючы «Белсату». Неігравое кіно незалежнага тэлеканала часта адзначаецца на міжнародных кінафорумах; для «Белсату» стала пастаяннай практыка запрашаць прафесіяналаў з кінастудыі: тут здымалі фільмы В. Аслюк і Ю. Гарулёў. Насуперак беларускім рэаліям, тут адсутнічае самаўпраўства мастацкіх саветаў, перад аўтарамі не вісіць негалосная забарона вострых тэмаў.

«Днюка»


На «Беларусьфільме» дагэтуль упэўнены, што кінаэкран не павінен адрознівацца ад тэлекарцінкі — не важна, што тая скажае жыццё. Кіно вяртаецца ў сталінскі час, калі звыклай характарыстыкай для яго была бесканфліктнасць. Каб пазбегнуць вострых вуглоў, рэжысёры кінастудыі займаюцца тэлевізійнымі абавязкамі: здымаюць гістарычнае і біяграфічнае кіно. Адсюль другая хвароба студыі «Летапіс» — тэлевізійны фармат. Большасць рэжысёраў кінастудыі працуюць на тэрыторыі тэлебачання ў вышэйзгаданых жанрах.
На фоне літаргічнага сну дзяржаўнага кіно, фільмы ўчорашніх аматараў, зробленыя на праваслаўнай відэастудыі пры Свята-Елісавецінскім манастыры выглядаюць сапраўднымі жыўчыкамі. Сярод іх нестандартна змантажаваныя фільмы «Лямпа не гасне» М. Міхальцова і «Галоўная роля» В. Любецкага прысвечаны надзённым пытанням нарказалежнасці і СНІДу і выратавання праз боскае ўмяшальніцтва. Нават такое неахайнае, дзікаватае па форме кіно болей запатрабавальнае ў фестывальным свеце.
Неігравое кіно перакрочыла ў новы для сябе час — час, у які, каб быць айчынным кінадакументалістам, не абавязковы працаваць на «Беларусьфільме» і здымаць беларускую вёску. Наадварот, каб захаваць мастацкую і ідэалагічную незалежнасць, беларускія аўтары вымушаны шукаць недзяржаўныя рэсурсы і альтэрнатыўныя сюжэты.