Улады адмянілі экранізацыю кніг Горвата і Марціновіча
Мы ўжо распавядалі, што ў Беларусі задумалі ператварыць у кіно хітовыя кнігі «Сфагнум» Віктара Марціновіча і «Радзіва Прудок» Андруся Горвата. Ідэяй загарэлася Міністэрства культуры.
Яно задаволіла тэндэр дзяржзакупак, па выніках якога замовіла ў студыі «Першая кінавідэакампанія» здымкі фільма па творы Горвата, а ў студыі «Дэмарш-фільм» — паводле рамана Марціновіча. Але адбыўся канфлікт, і Мінкульт спыніў падрыхтоўчыя працы над экранізацыяй. Кіно мы, мяркуючы па ўсім, не ўбачым.
Што ж здарылася
Справа ў тым, што вынікі тэндэру жорстка раскрытыкаваў сцэнарыст і прадзюсар Андрэй Курэйчык. На яго думку, каштарысы на вытворчасць фільмаў аказаліся завышанымі. Так, творчае аб'яднанне Bez Buslou Arts (Курэйчык — адзін з яго заснавальнікаў) папрасіла ў дзяржавы 165 тысяч долараў. Сцэнарыст лічыць, гэта самая сумленная цана. Пры гэтым пераможцы тэндэру атрымалі 466 і 263 тысячы долараў, перадае TUT.by.
«Звыш 200 тысяч долараў пачынаюцца татальныя прыпіскі і «надзіманне» бюджэту. Грошы выводзяць па-рознаму: праз разадзьмутыя ганарары, тэхніку па галівудскіх цэнах, іпэшнікаў, праз завышаныя выплаты па дзясятках артыкулаў, праз пераацэненыя дэкарацыі і рэквізіт», — напісаў у сваёй калонцы Курэйчык. Ён падаў скаргу ў МАРГ праз электронны кабінет сайта дзяржзакупак.
Подпіс пад скаргай на тэндэр «па вытворчасці фільма ў гульнявой форме — дэбютнай працы рэжысёра-пастаноўшчыка» (у ім перамагло «Радзіва Прудок») пакінуў кампазітар Дзмітрый Фрыга, кіраўнік Bez Buslou Arts. У выніку тэндэр адмянілі, прычына — з-за «страты неабходнасці набыцця тавараў (работ, паслуг)».
Скаргу на тэндэр па вытворчасці фільма ў гульнявой форме (у ім перамог «Сфагнум») падпісаў дырэктар Тэлевізійнага прадзюсарскага цэнтра Уладзімір Бяляеў. Тэндэр адмянілі з той жа фармулёўкай - «страта неабходнасці набыцця тавараў (работ, паслуг)».
Аб кнігах Марціновіча і Горвата
Раман Марціновіча «Сфагнум» пабачыў свет у 2013 годзе. Крытыкі назвалі яго «гангстарскай камедыяй». У месяц выхаду раман стаў лідарам продажаў у беларускай сетцы крам «Белкніга».
Кнігу «Радзіва Прудок» Горват напісаў, калі звольніўся ў 2015-м з Купалаўскага тэатра (там ён быў дворнікам) і пераехаў у вёску Прудок. Пра жыццё ў Прудке Андрусь публікаваў допісы ў фэйсбуку — з іх склалася кніга. Яна выйшла ў 2016 годзе, а ў 2017-м пабіла рэкорды па хуткасці продажаў: за адзін дзень прэзентацыі дадрукаванага накладу разышлося 700 асобнікаў. Агульны наклад склаў каля трох тысяч. У 2018 годзе па кнізе паставілі спектакль у Купалаўскім.
kyky.org