Віцебскія Курапаты

Недалёка ад Віцебска, паміж вёскамі Паляі і Вароны, размяшчаецца ўрочышча пакут. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што на гэтым месцы ў 1930–1940-х гадах органы НКУС па начах масава расстрэльвалі мірных людзей. Беларуская грамадскасць намагаецца стварыць тут крыжовую алею ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій — так, як гэта зроблена ў Курапатах. Але пакуль адбываюцца іншыя падзеі — па звыкламу для сучаснай краіны сцэнару.



9425be43ba92c2b4454ca7bf602efad8.jpg

Недалёка ад Віцебска, паміж вёскамі Паляі і Вароны, размяшчаецца ўрочышча пакут. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што на гэтым месцы ў 1930–1940-х гадах органы НКУС па начах масава расстрэльвалі мірных людзей. Беларуская грамадскасць намагаецца стварыць тут крыжовую алею ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій — так, як гэта зроблена ў Курапатах. Але пакуль адбываюцца іншыя падзеі — па звыкламу для сучаснай краіны сцэнару.
Калі збіраўся матэрыял для гэтага артыкула, стала вядома, што 25 верасня гэтага года старшыня абласной суполкі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў, які актыўна прымае ўдзел у мемарыялізацыі ўрочышча, атрымаў ад Воранаўскага сельскага выканаўчага камітэта загад дэмантаваць «самовольно установленные» крыжы. Я звязалася з Кастусём і пацікавілася сучасным станам мемарыяльных знакаў.
«Па загаду мясцовых уладаў, — распавёў Смолікаў, — мы павінны былі дэмантаваць крыжы да 1 кастрычніка 2010 года, у адваротным выпадку працы па дэмантажу арганізавалі б дзяржаўныя органы. Такі сэнс дакумента. Але я наўмысна раблю аб’езд гэтых мясцінаў, правяраю — пакуль крыжы застаюцца некранутымі. Зараз я рыхтую адмысловую паперу ў Міністэрства культуры з просьбай надаць гэтым мясцінам статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і зрабіць там мемарыял».
Упершыню ідэя пошуку слядоў масавых забойстваў у Паляях належала Якаву Рыжыку. У 1980-х гадах ён апантана збіраў інфармацыю, запісваў сведчанні мясцовых жыхароў на плёнку. Да гэтага часу засталіся магнітафонныя запісы з аповедамі сведак крывавых распраў. З яго ініцыятывы 5 лістапада 1989 года каля вёскі Паляі з’явіўся першы крыж у памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Яму актыўна дапамагаў сябра Віцебскай суполкі БНФ Сяргей Цярэнцеў, які сваімі рукамі вырабіў крыж. За гэту справу яго ледзь не звольнілі з працы. Падчас усталявання і асвячэння драўлянага крыжа прысутнічалі сябры Віцебскай рады БНФ, грамадскія дзеячы, жыхары Паляёў, родныя і блізкія якіх сталі ахвярамі сталінізму. З цягам часу крыж струхнеў, і на яго месцы быў усталяваны вялікі шасціметровы металічны крыж ад праваслаўнай царквы (РПЦ).


30 кастрычніка 2007 года ля вёскі Паляі быў усталяваны яшчэ адзін крыж, зроблены Аляксандрам Салаўянам. Тады ўсе ўдзельнікі акцыі ў колькасці 25 чалавек былі затрыманыя ля мемарыяльнага знака і дастаўленыя ў Віцебскі РАУС. Дзяржаўная скарбонка значна папоўнілася за кошт прысуджаных актывістам штрафаў. Дваццаццю базавымі велічынямі (на той момант даволі вялікія грошы — 620 тысяч рублёў) былі пакараныя сябры сойму КХП-БНФ Ян Таўпыга, Сяргей Каваленка, Сяргей Белязека, Барыс Хамайда; студэнт вышэйшай навуковай установы Зміцер Якаўлеў атрымаў штраф у адну базавую велічыню — 31 тысячу рублёў. На гэтым справа не завяршылася. Крыху пазней загадкава знік і сам крыж. Напрыканцы кастрычніка 2009 года легендарны Мірон аднавіў крыж з надпісам «Змагарам за волю і незалежнасць ВКЛ — Беларусі». Пратрымаўся мемарыяльны знак усяго некалькі дзён.
Пагрозы з боку ўладаў, арышты, штрафы, рэпрэсіі не спынялі намаганні грамадскіх актывістаў мемарыялізаваць урочышча. І супрацьстаянне беларусаў з дзяржаўным вандалізмам на месцы «Віцебскіх Курапатаў» працягнулася. Хроніка ўсталявання, зносу памятных знакаў і ўціск на грамадскіх актывістаў уражвае. Так, 25 верасня 2009 года стала вядома, што былі знішчаны яшчэ некалькі крыжоў, пастаўленых цягам апошніх гадоў. З гэтай нагоды быў накіраваны адмысловы зварот у міліцыю Віцебскага раёна з патрабаваннем правесці расследаванне, знайсці вандалаў. Шукаць вандалаў не сталі, а ў правядзенні следства актывістам было адмоўлена на падставе малой сумы знішчанай маёмасці, якая, па падліках так званых «экспертаў», склала 132 тысячы 450 рублёў за крыж.


29 кастрычніка 2009 года на месцы былых крыжоў па ініцыятыве Кастуся Смолікава былі ўсталяваныя яшчэ 5 мемарыяльных знакаў, адмыслова пафарбаваных у чырвоны колер, стаўшы сімвалам сталінскай крывавай эпохі. «Самаўпраўства» каштавала актывісту дзвюх базавых велічыняў (70 тысяч рублёў) — такі штраф налічыла пракуратура Віцебскага раёна. 2 лістапада 2009 года з ініцыятывы Барыса Хамайды, Алены Сцяпанавай і Віктара Кабяка да чырвоных крыжоў дадаўся яшчэ адзін драўляны крыж.
Якраз зараз Воранаўскім сельскім выканкамам і вырашаецца лёс гэтых шматпакутных крыжоў, якія ў любым выпадку будуць адноўленыя беларускай грамадскасцю. Так сімвалічна адбываецца супрацьстаянне дабра і зла, памяці і небыцця, прадстаўнікоў беларускай нацыі і іх катаў.