Вялікія і лёгкія. Бодзіпазітыў Фернанда Батэра

У пятніцу, 15 верасня, у Манака ва ўзросце 91 года памёр Фернанда Батэра — адзін з самых славутых мастакоў сучаснасці. Праз свой характэрны стыль, які вызначаецца выяўленнем гіпертрафавана аб’ёмных чалавечых фігураў і які атрымаў ад імя свайго вынаходніка назву «батэрызм», ён зрабіўся, бадай, самым пазнавальным мастаком у гісторыі, а таксама адным з самых паспяховых (у тым ліку — у камерцыйным плане) мастакоў нашага часу.

Фернанда Батэра

Фернанда Батэра

Нарадзіўся Фернанд у горадзе Медэлін у Калумбіі ў 1932 годзе. Бацька ягоны быў гандляром, а маці, як пішуць у некаторых біяграфіях Батэра, «магла б пры іншых умовах зрабіцца мастачкай». Бацька памёр, калі будучаму мастаку было толькі чатыры гадкі, і клопат пра ягонае выхаванне ўзяў на сябе ягоны дзядзька. Той нават накіраваў Фернанда ў школу матадораў, дзе яму давялося правесці два гады. Але жывапіс прыцягваў хлопчыка куды болей, чым кар’ера ў карыдзе.

У шаснаццацігадовым узросце Фернанда ўжо працаваў ілюстратарам у адной з найбольш уплывовых газетаў свайго роднага горада. Тады ж прайшла і першая выстава ягоных твораў. Карціны Батэра былі запатрабаванымі адразу, і гэта дало яму фінансавыя магчымасці накіравацца на пачатку 50-х у Еўропу, дзе ён пачынае шукаць свой шлях у жывапісе. 

Пачынаў з нацюрмортаў. Але, як казаў у далейшым сам Батэра, ён не быў «вязнем рэальнасці». Свае карціны ён пісаў па памяці, што рабіла выявы ў большай ступені плёнам ягонага ўяўлення, чым адлюстраваннем «мёртвай натуры». Гэта, зноў, па словах самога мастака, вызваляла выяву ад «цяжкасці жыцця», чаму, на ягонае меркаванне, і павінна служыць мастацтва. Ягоныя раннія карціны маюць незвычайныя для далейшай творчасці спакойныя колеры і аб’ёмы, блізкія да тых, якія мы б пазначылі як «нармалёвыя». І толькі з цягам часу ў іх пачынае з’яўляцца такая знаёмая цяпер яскравая каларыстыка і характэрная пышнасць формаў.

Нацюрморт, 1958

Нацюрморт, 1958

Некаторыя кажуць, што Батэра — альтэрнатыўная версія развіцця мастацтва эпохі Сярэднявечча. Так, альтэрнатыва нязвыклая і, можа, шмат для каго непрымальная. Бо для цяперашняга гледача з нашых шыротаў, выхаванага на цвёрдым перакананні, што ні пры якіх умовах нябёсы ня могуць быць зялёнымі, а трава — блакітнай, творчасць Батэра належыць да катэгорыі: «Ды мой дзіцёнак лепей бы намаляваў!» Ягоныя творы могуць быць для кагосьці грубымі і адначасова наіўнымі. Наіўнасць збівае нас з магчымасці атрымаць вартую асалоду ад творчасці Батэра. Не, не наіўнасць стылю мастака. Нашая наіўнасць. Як казаў вядомы калумбійскі пісьменнік і палітык Марыё Льлёса ў эсэ, прысвечаным Батэра, той у сваім мастацтве, канечне, дэманстраваў наіўнасць. Але наіўнасць выявы, а не інтэлекту. Што цяжка зразумець нам, хто ня мае элементарнае базы ўспрыняцця мастацтва.

Аднойчы настаўнік Батэра Рафаэль Саенс казаў свайму вучню: «Джота куды лепей за "Плэйбой"». Фраза ўразіла маладога мастака (іначай ён бы яе не запомніў і не цытаваў, у тым ліку, у назвах сваіх твораў). У любым выпадку, відавочна, што яна трапіла на добрую глебу. Цягам усёй сваёй творчай кар’еры Батэра вяртаўся да пераасэнсавання твораў вялікіх майстраў Рэнесансу, надзьмуваючы іх для сучасных гледачоў як святочныя паветраныя балонікі. 

Мона Ліза ва ўзросце 12 год. 1959

Мона Ліза ва ўзросце 12 год. 1959

Пры гэтым, як тое ні парадаксальна, калі ён перайшоў да сваёй характарызуючай манеры выяўлення людскіх фігураў, ягоныя персанажы не пакідаюць уражання чагосьці грузнага, грувасткага. Наадварот, у гледача з’яўляецца адчуванне лёгкасці гэтых фігураў, на якія ня дзейнічае закон сусветнага прыцягнення. Што, дарэчы, моцна адрознівае творы Батэра ад палотнаў Рубенса, на якіх таксама буяе «бодзіпазітыў», але «бодзіпазітыў» надта матэрыялістычны. 

І зусім ня дзіўна, што ня Рубенс быў тым майстрам, пад уплывам якога Батэра выпрацоўваў свой стыль. Веласкес, Тыцыян — іхнія творы вабілі Батэра ў куды большай ступені, чым палотны Рубенса. І калі прыглядзецца, у карцінах Батэра можна заўважыць шмат веласкесаўскіх матываў. Але матываў не відавочных, а вельмі лёгкіх. Гэтак жа лёгкіх, як і сама творчасць Батэра. Прапушчаныя праз «фільтр батэрызма» шэдэўры сусветнага жывапісу, такія як «Мона Ліза» Да Вінчы, ці «Мэніны» Веласкеса, пазбаўляюцца фізічнай вагі і змрочных адценняў і пачынаюць святліцца лёгкасцю і цёплай сяброўскасцю. 

Мона Ліза, 1978

Мона Ліза, 1978

Як любы інтэлектуальны чалавек, здольны да рэфлексіі, Батэра актыўна рэагаваў на тыя праблемы, з якімі сутыкаліся і сутыкаюцца ягоныя сучаснікі — усе мы. І тут ужо ягоныя аб’ёмныя «героі» проста крычаць пра тое, з якой лёгкасцю ў нашым свеце робяцца страшныя рэчы, як гвалт можа быць такой жа штодзённасцю, што й вітанні мінакоў на вуліцах. Аб’ектамі рэакцыі мастака былі дзеянні наркамафіі і антыўрадавых сілаў, якія цягам некалькіх дзясяткаў год праводзілі тэрарыстычныя атакі на дзяржаўныя ўстановы і грамадскія месцы ў Калумбіі. 

Бомба ў машыне, 1999

Бомба ў машыне, 1999

Мастацтва — страшная сіла, якую аматарам гвалту давялося ацаніць напоўніцу. На што яны рэагавалі ўжо на свой уласны капыл. У 1995-м байцы радыкальнай паўстанцкай групоўкі FARC заклалі выбухоўку пад скульптуру Батэра «Птушка», выстаўленую ў Мэдэліне. Выбух забіў больш за 20 чалавек, яшчэ каля 200 атрымалі раненні.

Асабліва моцна прагучала ягоная серыя «Абу-Грэйб» (78 работ), якой ён адказаў на інфармацыю пра катаванні амерыканскімі ахоўнікамі ірацкіх палонных у турме Абу-Грэйб. Калі «добрыя хлопцы» пачнуць дзейнічаць у сваім змаганні са злом тымі ж метадамі, што і «кепскія хлопцы», дык вынік будзе адзіны: «добрых хлопцаў» у свеце не застанецца.

Абу-Грэйб, 2005

Абу-Грэйб, 2005

Значнае месца ў творчасці Батэра займала скульптура, якая дэманструе той жа выяўленчы стыль, што і карціны. Вуліцы і плошчы шматлікіх гарадоў свету ўпрыгожаны характэрнымі батэраўскімі пульхнымі фігурамі людзей і жывёлаў. У родным для мастака горадзе Мэдэлін існуе цэлая плошча такіх фігураў, якая носіць ягонае імя.

У адрозненне ад Заходняга паўшар’я і Еўропы, у краінах, якія раней уваходзілі ў склад СССР, творчасць Батэра прадстаўлена ня так багата. Ягоныя творы прысутнічаюць у Расіі і Казахстане. Тры скульптуры Батэра з прыватнай калекцыі прадстаўлены і на вуліцах Ерэвана: «Кот», «Рымскі ваяр» і «Жанчына, якая паліць». Змяшаную рэакцыю жыхароў гораду на гэтыя скульптуры можна назваць тыповай для ўсёй постсавецкай прасторы. 

Адна з армянскіх журналістак назвала скульптуру жанчыны «вульгарнай» і «антыэстэтычнай» і абурылася тым, што нехта ўсталёўвае ў публічных месцах скульптуры, арыентуючыся на свой уласны густ. Асабліва яе абразіў, чамусьці, той факт, што скульптуры належаць прыватнаму калекцыянеру. Падобна, што прымальнасць прыватнай уласнасці на творы мастацтва (як і на гістарычныя аб’екты) была за савецкім часам добра вытраўленай з галоваў людзей. 

Іншы чалавек — бізнесовец, між іншым (чамусьці ім людзі прыпісваюць «прагрэсіўнасць» поглядаў і падыходаў), — выказаў незадаволенасць, што ў тым месцы, дзе шпацыруюць жанчыны і дзеці, «паставілі голую жанчыну». Яму, між іншым, добра адказала адна з тых самых жанчынаў, якія «шпацыруюць у тым месцы». Яна выказала здавальненне, што нарэшце ў Арменіі з’явілася жанчына, «якая не звяртае ўвагі на грамадскую думку, не прымае да ўвагі тое, хто і што пра яе скажа. Ляжыць сабе, прыцягваючы ўвагу людзей, няхай нават сваёй камплекцыяй». Прыцягваць увагу людзей і выклікаць у іх пачуцці — ці ня гэта ёсць асноўнай задачай мастацтва, якой так добра адпавядаюць творы Батэра?

Вялікая папулярнасць Батэра ў свеце ўжо знайшла адлюстраванне ў творчасці іншых аўтараў. І гэта ня толькі вулічныя мастакі, якія на вачох мінакоў робяць свае спробы, калі не прапусціць свет праз фільтры «батэрызма», але хаця б паўтарыць ягоныя формы, такія прыцягальныя для людзей. Адной з спробаў інтэлектуальнага (ды на падмурку добрага гумару) асэнсавання свету праз батэраўскую прызму можна назваць скульптуры бельгійскага коміка і карыкатурыста Філіпа Гэлюка. У ягонай інтэрпрэтацыі «пан Кот» да батэраўскай формы дадае яшчэ й голас, праз які ён працягвае сатырычную традыцыю мастацтва Батэра. Голас, які ён выкарыстоўвае, у тым ліку, і для таго, каб абыграць творчасць Батэра, паставіўшы перад гледачамі пытанне: колькі Джакамэці патрэбна на аднаго Батэра? (Альберта Джакамеці (1901-1966) — швейцарскі мастак і скульптар, адзін з найбольш значных майстраў ХХ стагоддзя, персанажы твораў якога вызначаюцца падкрэсленай хударлявасцю.)

Батэра здорава раздражняе акадэмістаў ад мастацтва сваёй навязлівай аднастайнасцю. Ён кожным творам, што маляўнічым, што скульптурным, абвяшчаў: «Гэта — я, гэта — я, гэта — я». І цяпер яго немагчыма не пазнаць і не магчыма пераблытаць ні з кім іншым. І пры гэтым, насуперак акадэмістам, яго ну ніяк нельга назваць «папсой». «Папса» ня можа пакідаць такога ўражання і выклікаць такія пачуцці, як тое робяць творы Батэра. У гэтым — таямніца наіўнага інтэлектуалізму мастака, якая яшчэ чакае сваёй разгадкі.