Вясковае вяселле ў Мінску

10 сакавіка на офісе рэспубліканскай моладзевай арганізацыі “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” прайшло адкрыццё выставы “Вяселле”. Экспазіцыю склалі аўтэнтычныя рэчы з калекцыі арганізацыі, якія маюць асаблівае значэнне ў вясельнай абрадавасці, а таксама старыя і сучасныя вясельныя фотаздымкі.



На адкрыцці гурты “Горынь”, “Мярэжа” і “Дайнава” прадэманстравалі фрагменты вясельнага абрада: пасад маладой, дзяльбу каравая. Усё суправаджалася вясельнымі песнямі. Музыкі Дзяніс Сухі, Стась Чавус і Кацярына Радзівілава выканалі вясельныя найгрышы.

Цэнтрам экспазіцыі сталі мужчынскі і жаночы вясельныя строі. Яны амаль цалкам скампанаваныя з рэчаў, сабраных сябрамі Таварыства ў 2009 і 2010 гг. падчас экспедыцыі па Калінкавіцкім і Светлагорскім раёне. 

Не хапіла аўтэнтычнага мужчынскага пояса, яго адмыслова для выставы саткала па старых узорах майстрыха Наталля Ярмалінская. Фартух са сваёй асабістай калекцыі пазычыла Ларыса Мятлеўская, вядоўца тэлепраграмы “Беларуская кухня”. Як адзначыла Наста Глушко, адна з куратараў выставы, варта звярнуць увагу на гарсэт маладой: ён не падобны да “класічных” калінкавіцкіх, з рознакаляровымі тасьмамі на чорным фоне, як мы можам бачыць, напрыклад, на фотаздымках Міхася Раманюка. Той, што экспануецца на выставе, паходзіць з ваколіц Васілевічаў, якія разам з меншымі вёскамі Залатуха і Навінкі ўтвараюць своеасаблівы этнаграфічны мікрарэгіён. І гарсэт, і кашуля (дарэчы, вышытая белым па белым, што не так часта сустракаецца) — адмыслова вясельныя. Вясельны гарсэт замужняя жанчына даношвала ўсё жыццё, новага ўжо не шыла. Андарак — у зубчатыя паскі, што сустракаюцца толькі ў гэтым мікрарэгіёне.

Мода на адзенне, што імітуе вайсковую форму (акрамя галіфэ, гэта мужчынскія кашулі на гестцы і з кішэнькамі па грудзях) прыйшла ў беларускія вёскі ў міжваенны перыяд. На выставе можна прасачыць і як мянялася жаночая “вясельная мода”: самыя раннія — вянкі са стужкамі, потым да стужак дадаецца вэлюм, потым стужкі знікаюць.

Картуз “маладога” зроблены майстрам з Клічаўскага раёна Уладзімірам Александровічам па ўзорах, што ён памятае з маладосці.

Пільны наведвальнік заўважыць у экспазіцыі і дзяжу, накрытую кажухом (на яе сядала нявеста), і венік, павязаны поясам (ім на другі дзень вяселля маладая жонка мяла хату мужа).

Старшыня Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Ганна Сілівончык раіць звярнуць увагу на выстаўленыя музычныя інструменты: гармонік, бубен, цымбалы. Акурат на такіх інструментах гралі на даўнейшых вяселлях. Акрамя таго, можна пабачыць ручнікі з абразамі, вясельныя свечы, пасаг маладой.

Старыя фотаздымкі на выставе — з экспедыцыйных збораў Таварыства і з асабістай калекцыі даследчыцы Ірыны Мазюк. Кідаюцца ў вочы яркія фотаздымкі сучасных вяселляў, зробленых у традыцыйным стылі. “Мы спадзяемся, што праект не толькі падштурхне гледачоў да далейшага вывучэння беларускай народнай культуры, але і абудзіць інтарэс да сямейных вясельных традыцый, а таксама натхніць на тое, каб зладзіць сваё вяселле ў беларускім стылі” — кажа Ганна Сілівончык.

Выстава будзе экспанавацца на працягу месяца па адрасе вул. К. Лібкнехта, д. 112. Яе можна паглядзець па будніх вечарах. Падчас працы выставы плануецца зладзіць майстар-класы па вырабе вясельных вянкоў і завіванні дзявочых і жаночых галаўных убораў ручніковага тыпу. Сачыць за падзеямі можна на старонках Студэнцкага этнаграфічнага таварыства ў кантакце і фэйсбуку.