Вясна і «Жаночы кантэкст»

Галерэя «Ў» чарговы раз прыцягнула ўвагу гледачоў выставай адметнага «нешараговага» творцы.

Адкрыццё экспазіцыі жывапісу Сяргея Грыневіча «Жаночы кантэкст» зноў сабрала вытанчаную і цікавую аўдыторыю: шмат мастакоў, крытыкаў, аматараў мастацтва, а таксама кіношнікаў, літаратараў, фатографаў, журналістаў і іншых творчых асоб.



37588c655ca22f7ca1664a2b211188ff.jpg

Галерэя «Ў» чарговы раз прыцягнула ўвагу гледачоў выставай адметнага «нешараговага» творцы.
Адкрыццё экспазіцыі жывапісу Сяргея Грыневіча «Жаночы кантэкст» зноў сабрала вытанчаную і цікавую аўдыторыю: шмат мастакоў, крытыкаў, аматараў мастацтва, а таксама кіношнікаў, літаратараў, фатографаў, журналістаў і іншых творчых асоб.
Галерэя апрача выставачнай дзейнасці працягвае ўпарта ўвасабляць сваю канцэпцыю пляцоўкі для культурнай камунікацыі. Вось і зараз, насуперак яе недзяржаўнаму статусу, на адкрыццё амаль у поўным складзе прыйшло кіраўніцтва Саюза мастакоў, а таксама дырэктар Нацыянальнага мастацкага музею Уладзімір Пракапцоў. А сам акт адкрыцця быў нефармальна сціплым. Кіраўніцтва галерэі падзякавала аўтару за яго згоду прадставіць свае працы менавіта ў залах «Ў», а мастак з цеплынёй адзначыў праяўленую да яго ўвагу: маўляў, навязваць сваю творчасць камусьці не ў яго правілах. І таму ён выстаўляе карціны толькі ў выпадку ветлівага запрашэння.
Вольга Грыневіч, культуролаг і куратар экспазіцыі, так сфармулявала асноўны пасыл арганізаванай ёю разам з мастаком Сяргеем Грыневічам творчай акцыі: «Сёння вельмі складана знайсці сябе, спыніцца і паглядзець углыб, зняць з сябе павярхоўную мішуру і агаліць свае думкі і жаданні. Наколькі часта ты лічыш за лепшае адправіць смс ці патэлефанаваць сябрам або сваякам, замест таго, каб асабіста сустрэцца? Ці часта ты адсылаеш шаблонныя смс і віншаванні, спампаваныя з інтэрнэту? І дзе ж тады ты сапраўдны ва ўзаемадачыненнях са сваімі блізкімі?»
Творы жывапісца — вялікафарматныя карціны, выкананыя акрылавымі фарбамі, апелюючы да стылёвай спадчыны поп-арта, ставяць гэтыя ж пытанні ў пластычнай форме. Самотная адзінота святаў: жаночы і мужчынскі вобразы ў дыпціху «Дзень св. Валянціна» выключна трагічныя. Яна — з тварам, заблытаным у стужцы сэрцаў-гламурак, як у вісельнай пятлі. Ён — адвярнуўшыся ад гледача, з паднесеным да скроні пісталетам. Пераведзеная ў наўмысна атрутныя зеленаватыя колеры біблейская тэма грэхападзення з Адамам і Евай пры дрэве спазнання — як дыягназ сучаснага грэхападзення ў багну ўніфікацыі і штампаванасці.


Выстава не толькі апелюе да пазнавальных культурных кодаў чалавецтва, але і змяшчае іх у такой паслядоўнасці, якія правакуюць наведвальніка на разважанні і змушаюць задумвацца. Такім чынам, выстава Грыневіча — не для адпачынку, але для духоўнай працы, што варта адзначыць з выразным задавальненнем.
Апошнія гады мастак жыве паміж Беларуссю і Швейцарыяй, але не адасабляецца ад айчыннага творчага працэсу. Акрамя шматлікіх экспазіцый за мяжой, ён браў удзел і ў такіх знакавых праектах, як «Беларускі павільён 53-й Венецыянскай біенале» ў БелЭкспа ў Мінску, а таксама ў фестывалі сучаснага мастацтва «ДАХ» (абодва — 2009 год). Экспазіцыя працуе па 14 сакавіка.