“Вольнае паветра” — выдатны адпачынак у канцы лета

Фестываль “Вольнае паветра” 24 жніўня сабраў на хутары “Шаблі” беларускіх аматараў этнічнай музыкі. Адна з найбольш значных музычных падзей лета адбылася нягледзячы на тое, што ў ліпені хутар гарэў. Спраўдзіць, што чуваць у свеце этна, выбраліся і карэспандэнты “Твайго стылю”.



get_img_7_.jpg

Цэлае поле аўтамабіляў бачнае адразу пасля павароту з вёскі ў бок хутара. Мы пад’ехалі, калі першы выступоўца — гурт Re1ikt — быў ужо ў палове свайго сэту. Па дарозе да сцэны мінаем традыцыйныя для Шаблей пляцоўкі ёгі і капаэйры, зазіраем у бар. Здаецца, і не гарэла нічога. Толькі адсутнасць дома, на месцы якога зараз новая будаўнічая пляцоўка, падказваюць, што здарэнне мела месца.

get_img?ImageId=33897

get_img?ImageId=33902

get_img?ImageId=33895

get_img?ImageId=33904

get_img?ImageId=33903

get_img?ImageId=33907

Этна-накірунак фестывалю падаецца чымсьці даволі ўмоўным. Побач з больш аўтэнтычнымі бурацкім Namgar і курдыстанска-беларускім Масудам Талібані (на здымку наверсе), на дзвюх сцэнах “Вольнага паветра” выступілі, напрыклад, індзі-рокеры Akute з акустычнай праграмай (на здымку ніжэй) ці той самы металёвы Re1ikt.

get_img?ImageId=33911

get_img?ImageId=33896

get_img?ImageId=33905

Адданы натоўп фанатаў сабралі пад сцэнай Лявон Вольскі і Павел Аракелян. Яны зайгралі караценькі сэт з песень “Народнага альбому”, “Я нарадзіўся тут” і N.R.M. ды настойліва запрашалі на канцэрт “Крамбамбулі” ў Дудутках.

get_img?ImageId=33901

get_img?ImageId=33918

get_img?ImageId=33920

get_img?ImageId=33919

Не пакінулі абыякавымі нячастыя зараз госці ў Беларусі — Kriwi (на здымку наверсе). Шкада, што з прычыны вельмі напружанага графіку выступаў яны не змаглі заспяваць усё тое, што хацелі пачуць слухачы. Графік, зрэшты, цалкам прадказальна “разваліўся”, і аператыўна пераключаць людзей з вялікай сцэны на малую не атрымалася. Паміж выступамі музыкаў утвараліся вялікія паўзы, якія некаторых нават злавалі.

get_img?ImageId=33914

get_img?ImageId=33916

get_img?ImageId=33917

get_img?ImageId=33915

Недзе ў часе выступу Akute вядучы фэсту Ілля Маліноўскі правёў традыцыйны конкурс кідання кароўіх кізякоў. Гэтым разам удзел прыняў нават адзін з удзельнікаў гурта Litesound. А яшчэ адзін з удзельнікаў, каб кідануць кавалкам лайна падалей, уяўляў, што трымае ў руках дыск ненавіснага Стаса Міхайлава. Змагацца было за што — пераможцу чакала скрыня шампанскага.

get_img?ImageId=33898

get_img?ImageId=33899

get_img?ImageId=33900

З новых забаваў варта ўзгадаць катанні на тралеі — да гэтага атракцыёна вырасла буйная чарга.

get_img?ImageId=33908

get_img?ImageId=33909

get_img?ImageId=33910

get_img?ImageId=33921

Упэўнена адчувала сябе ў ролі аднаго з галоўных хэдлайнераў фэсту расейская група Theodor Bastard. Музыкі здолелі прыцягнуць пад сцэну ці не большасць наведнікаў. Арыгінальны, эклектычны стыль гурта, пабудаваны вакол шырока зразуметай world music, схіляўся то ў кірунку трып-хопу, то ў бок ледзь не progressive у стылі амерыканскіх Tool ці беластоцкіх Zero–85.

Хэдлайнер фэсту — нямецкі гурт Feindrehstar — апынуўся не такім драйвовым, як некаторыя чакалі, але, безумоўна, не расчараваў.

get_img?ImageId=33906

Фэст, як заўсёды, парадаваў лаяльным стаўленнем да дзяцей і хатніх жывёл. “Шаблі” пацвердзілі сваю рэпутацыю месца не толькі для аматараў добрай музыкі, але і проста для якаснага сямейнага адпачынку.

www.t-styl.info