«Вольнае Паветра» агучвае першых выступоўцаў: будзем лётаць над хутарам ды танчыць!
16 ліпеня на вядомым хутары «Шаблі» пройдзе фестываль новага этна «Вольнае Паветра». Сёлета фестываль пройдзе ў восьмы раз.
Песні — неад'емная частка жыцця беларусаў. Нашыя бабулі і дзядулі спяваюць з розных нагодаў, на святы ды пахаванні, альбо проста збіраюцца каля дому ды заводзяць на ўсе галасы бяседныя спевы. У песнях беларусы звяртаюцца да Сонца, просяць аб добрым ураджаі, наракаюць на горкую долю альбо ўздымаюць настрой прыпеўкамі. Беларускі фальклор — сапраўдны скарб, які варта захаваць, у тым ліку, праз наданне яму сучаснага гучання.
Оўпэн-эйр у "Шаблі" збярэ аўтэнтычных выканаўцаў фальклору ды сучасных музыкаў. Уладзімір Шаблінскі, гаспадар хутара "Шаблі", і Васіль Грынь, музыка, уладальнік аграсядзібы "Засцянак Скрыплеў" хочуць паказаць публіцы развіццё беларускага фальклору ад яго спрадвечных каранёў да актуальных формаў у самых розных жанрах з элементамі металу ды электронных гукаў.
Хто завітае на "Вольнае Паветра"?
Гурт Re1ikt зладзіць музычную прыгоду з моцнай энергетыкай. Карані пераплецены з фантазіямі, аўтэнтыка народных спеваў — з гітарнымі эфектамі ды перкусіяй. Музыкі выходзяць за рамкі звычайнага міксу фольку з рокам. У 2015 годзе народныя і штатныя эксперты супольнасці Experty.by назвалі альбом “Лекавыя травы” найлепшым. Слухаць тут.
Завітае ў даліну Буянкі і гурт “Варган” з Полацку, які аб’яднаў апантаных традыцыйнай культурай беларусаў. Прынцыповая пазіцыя ўдзельнікаў гурта — імкненне да пераняцця аўтэнтычнай арыгінальнай манеры выканання. Слухаць тут.
Гурт ILUZHAN шукае натхненне, сярод іншага, і ў песнях бабуляў ды гомане аднавяскоўцаў. Музыкі абяцаюць раптоўныя змены рытму, нястрымную коду і медытатыўны “ад лібітум”. Слухаць тут.
Спяваць будзе і суарганізатар фестываля Васіль Грынь дуэтам з Юліяй Літвінавай. "Старое Сяло" зайграе народныя спевы, якія Васіль і Юлія паназбіралі ў часе экспедыцый. Іх песні — пра пастаянны пошук сваёй духоўнай сцяжынкі.
А вось фольк-электроншчыкі Pawa збяруць на адной сцэне валынку, сінтэзатар, драм-машыны, гітару ды прыгожых дзяўчат у народным убранні, а таксама арыгінальныятсярэднявечныя музычныя інструменты, зробленыя па тэхналогіі таго часу. Песні з тэрыторый сучаснай Беларусі ды ВКЛ віртуозна спалучаюцца з цяжкім сінтэтычным гукам сучаснага мегаполіса. Музыкі адзначаюць, што граюць у стылі “folktronica” — эклектычнае спалучэнне архаічнай і сучаснай музыкі, якое дае магчымасць уявіць сабе самыя фантастычныя сюжэты. Слухаць тут.
Танчыць будуць усе!
Клуб традыцыйнага танца “Сіта” і капэла “На Таку” зладзяць сапраўдную фальклорную дыскатэку. Капэла можа зайграць больш за 100 розных танцаў. Рыхтуйце свае ногі!
Палётаем над хутарам?
Чакаюць гасцей і некаторыя змены: сцэны каля рэчкі, як у мінулыя гады, не будзе. Зменіць прапіску і намётавае мястэчка. Пагоркі зоймуць зорбы — экстрэмальная забава. Зараз арганізатары мантуюць стартавую пляцоўку для запуску празрыстага шару. Кожны ахвотны зможа выпрабаваць свае сілы і скаціцца з горкі ўнутры зорба. Наведвальнікі мерапрыемства таксама змогуць пракаціцца з ветрыкам на 200-м метровым тралеі — самым вялікім стацыянарным у краіне.
Дзе набыць квіткі?
Квіткі без камісіі за 200.00 рублёў можна набыць толькі ў "Тэатральнай касе" на вуліцы Калініна, 5. Жыхары розных гарадоў Беларусі могуць набыць электронныя квіткі праз аператараў па спасылках:
** 225 тысяч kvitki.by
** 220 тысяч bit.ly
Бліжэй да мерапрыемства кошты павялічацца. Дзецям да 12 год - уваход бясплатны.
Бярыце намёты, добры настрой, усю сям'ю і нават свайго сабаку (за выключэннем байцовых і агрэсіўных).
Першы фестываль “Вольнае Паветра” адбыўся ў 2006 годзе ў Крупках, а пазней займеў прапіску ў Валожынскім раёне і стаў адметнай фішкай хутара "Шаблі". Усе гэтыя гады арганізатары засяроджвалі ўвагу на этнічнай музыцы з розных куткоў свету. Дарэчы, у 2014 годзе "Вольнае Паветра" вярнулася да вытокаў — фестываль прымеркавалі да Купальскага свята: былі і традыцыйныя абрады, і вогнішча, і народныя спевы.
Геаграфія выступоўцаў "Вольнага Паветра" шырокая: у розныя гады на хутары выступалі і ўкраінская ДахаБраха, і нямецкія Di Grine Kuzine ды Feindrehstar. На хутары гучалі балканскія матывы ад піцерскіх Theodor Bastard, а таксама ўпершыню ў краіну завіталі музыкі з Буратыі Namgar. На сцэну выходзілі як мэтры беларускага фольку этна-трыа Троіца ды Kriwi, так і маладыя гурты Harotnica ды Re1ikt. Уначы ды-джэі з Літвы Baltic Balcan ладзілі дыскатэкі ды чыл-аўт зоны для тых, хто яшчэ не стаміўся. А ля вогнішча збіраліся прыхільнікі паспяваць пад гітару.
"Вольнае Паветра" — гэта не толькі фальклорная музыка на ўсе густы і галасы, але ж і сяброўская атмасфера ды прыгожыя краявіды Беларусі. На фестывалі сапраўды можна дыхаць на поўныя грудзі вольным паветрам пры любым надвор'і.
Паводле інфармацыі з прэс-рэліза