«Адысея палешука» чакае нашай дапамогі!
На краўдфандынгавай пляцоўцы «Вулей» распачалася кампанія па збору сродкаў на выданне ўспамінаў беларускага андэрсаўца Паўла Нічыпарука «Адысея палешука»
Беларус Павал Каленікавіч Нічыпарук пакінуў пасля сябе такія ўспаміны, якіх хапіла б не на адзін раман. Яго жыццё — лепшая ілюстрацыя таго, праз якія цяжкія выпрабаванні давялося прайсці жыхарам Беларусі падчас Другой сусветнай вайны.
Цікавым фактам з’яўляецца тое, што ў 1989 годзе з рукапісам успамінаў Нічыпарука пазнаёміўся Васіль Быкаў.
«Я прачытаў Вашыя мемуары. Несумненна, яны заслугоўваюць увагі. Трэба іх выдаць. Дзеля гэтага Вам трэба звярнуцца ў выдавецтва ў Мінску ці ў Маскве (напрыклад, у выдавецтва «Беларусь»), якое выдае падобнага кшталту літаратуру, і прадставіць туды два экзэмпляры рукапісу. Справа гэтая працяглая, таму трэба пачынаць не губляючы часу. Жадаю Вам поспехаў!», — пісаў Васіль Уладзіміравіч сваяку Нічыпарука.
Аднак тады мемуары беларуса так і не ўбачылі свет. Доўгія дзесяцігоддзі яны ляжалі і чакалі свайго даследчыка. І вось, нарэшце, гісторык Ігар Мельнікаў апрацаваў успаміны і збіраецца выдаць асобнай кнігай. Але для гэтага патрэбна наша агульная дапамога: сабраць сродкі на выданне.
Павал Каленікавіч Нічыпарук нарадзіўся ў жніўні 1902 г. на хутары Жардзечна каля вёскі Запруды (зараз Кобрынскі раён Берасцейскай вобласці). У лютым 1941 г. яго арыштавалі і накіравалі ў лагер ГУЛАГу ў Свярдлоўскай вобласці. У 1942 г. беларус аказаўся ў Арміі Андэрса і ў яе складзе ўдзельнічаў у баях з нацыстамі ў Італіі. У 1948 г. Нічыпарук паехаў у ЗША, дзе і пражыў да самай смерці ў 1979 г.
У нататках Паўла Каленікавіча, надрукаваных на машынцы на маленькіх, «амерыканскіх» аркушах паперы, ёсць усё: цяжкая сялянская праца, нечалавечыя ўмовы савецкіх турмаў і ГУЛАГу, фронт і баі з нацыстамі, расстанне з сям’ёй і жыццё ў эміграцыі. А яшчэ — вялікая настальгія па роднай Беларусі. Лёс Нічыпарука тыповы для шматлікіх беларускіх андэрсаўцаў. Нехта пасля вайны вяртаўся ў БССР, і ў 1951 г. савецкія ўлады дэпартавалі гэтых людзей у Іркуцкую вобласць. Іншыя вырашалі застацца «на Захадзе». Пра гераізм беларускіх жаўнераў Другога польскага корпуса, якія мужна змагаліся супраць гітлераўскіх войскаў на Заходнім фронце, на іх Радзіме, на доўгі час забыліся. І толькі зараз, калі тых ветэранаў Другой сусветнай ужо няма з намі, праўда пра іх жыццё і выпрабаванні, праз якія яны прайшлі, становіцца здабыткам беларускай грамадскасці.
Жаўнеры Другога польскага корпуса з Беларусі
Збор сродкаў на выданне ўнікальных успамінаў Паўла Нічыпарука «Адысея палешука» адбываецца на краўдфандынгавай пляцоўцы «Вулей». Кожны, хто жадае падтрымаць гэты праект і атрымаць гэтую цікавую кнігу, можа зайсці на старонку праекта і падтрымаць яго. Усе спонсары, не гледзячы на сумму ўдзелу ў падтрымцы выдання кнігі «Адысея палешука», будуць узгаданы на старонках новага выдання. Спадзяюся, што нам разам атрымаецца рэалізаваць гэтую цікавую і вельмі карысную для беларускага грамадства справу.