За руйнаванне Мінску — няпоўны дзясятак пратаколаў. Дзе астатнія тысячы?

Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкаму паведамляе: цягам 2015 году ажыццяўляўся маніторынг аб’ектаў са статусам гістарычнай каштоўнасці і вяліся планавыя праверкі выканання заканадаўства ў галіне аховы помнікаў гісторыі і культуры. Па іх выніках складзена 9 адміністрацыйных пратаколаў за парушэнні заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.



2a4c0b6a_5215_40a5_9e13_1c3303466c54_w640_r1_s.jpg

Адмыслоўцы перакананыя, што лік такіх спраў павінен ісці як мінімум на сотні, уключна з крымінальнымі. Гістарычны цэнтр сталіцы з пачаткам новай хвалі горадабудаўнічай актыўнасці ў 2004 годзе паслядоўна страчваў свае базавыя характарыстыкі, што, згодна з заканадаўствам, не дазваляе кваліфікаваць яго як комплексную гісторыка-культурную каштоўнасць першай, найвышэйшай нацыянальнай катэгорыі ва ўсім мажлівым дыяпазоне. Беспадстаўна змянялася ягоная гістарычная планіровачная структура, вялася масавая забудова аб’ектамі, якія не маюць нічога агульнага з пералікам дзеянняў, дазволеных законам у дачыненні да гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Кіраўнік архітэктурнай секцыі Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Вантух так адкаментаваў гадавую справаздачу гарадскіх уладаў у галіне кантролю за выкананнем ахоўнага заканадаўства:

gdb.rferl.org__80c3fa8a_3096_4_f164633c6fa2b3caa0cf304388a31352.jpeg

Антон Вантух (у цэнтры) з калегамі Антонам Астаповічам і Андрэем Лары

«Лічбы можна агучваць якія заўгодна — 9, 50, 350. Сэнс ад гэтага які? На самай справе працэсы, якія сёння адбываюцца ў гэтай галіне, цалкам негатыўныя. Даволі простае пытанне: мы сёння страчваем гісторыка-культурную спадчыну (калі гаворка пра гістарычны цэнтр Менску) ці набываем яе ў выглядзе адрэстаўраваных аб’ектаў і г.д.? Адказ відавочны — ідзе татальнае знішчэнне неацэнных помнікаў гісторыі. А пад фармат справаздачы можна падвесці што заўгодна — маўляў, ідзе праца, назіраем, караем. На жаль, у рэальнасці можна канстатаваць адваротнае».

Адметна, што ў ведамстве не ўдакладняюць, якія менавіта парушэнні за мінулы год выяўленыя і на якіх канкрэтна аб’ектах яны зафіксаваныя. Тым не меней, перакананы Антон Вантух, усе тыя прадпісанні носяць, хутчэй, сімвалічны характар і не скіраваныя супраць ініцыятараў і выканаўцаў шырокамаштабнай «бульдозернай рэстаўрацыі»:

gdb.rferl.org__799c217b_804d_4_7dd97ca5bebb394f3b6c7572bb851372.jpeg

Рэвалюцыйная вуліца: рэстаўрацыя «праз калена», 2006 год

gdb.rferl.org__723dbdab_c4dd_4_23431d2e6a8459ad895fb5a813bb1115.jpeg

Муляжы «пад даўніну» на Нямізе

«Самае цікавае, што яны маглі вынесці прадпісанне за якую-небудзь няўзгодненую ці няправільна аформленую шыльду, якая, на іх думку, засланяе фасад. Але пры гэтым даць дазвол, каб зруйнаваць суседні дом ХІХ стагоддзя. Ну і што з гэтых лічбаў? Абсалютная бессэнсоўнасць. Прыкладам, ёсць прадпісанне на Базыльянскі кляштарны сад, дзе стаіць будынак, з рашэннем на дэмантаж лішняга паверху. Рашэнню больш за год, працэсы не адбываюцца ніякія. Апроч тых, што будаўніцтва працягваецца і аб’ект у такой форме рыхтуецца да адкрыцця. Я ўжо не кажу пра самазваны „Кемпінскі“ на месцы першай электрастанцыі ці пра што іншае. Высновы зрабіць досыць проста: дастаткова прайсціся па цэнтры гораду, паглядзець навокал — і, нават не будучы прафесіяналам, даць ацэнку працэсам рэгулявання, якія сёння адбываюцца. У дадзеным выпадку датычна гістарычнага цэнтру Менску».

gdb.rferl.org__f50b1a73_c05e_4_6314eb7dace4adde12528be4dac6864f.jpeg

Калі верыць забудоўнікам, гэта «паркоўка-гараж» на Нямізе, 2006 год

У справаздачы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Менгарвыканкаму сказана: у сталіцы налічваецца 630 помнікаў архітэктуры, мастацтва, гісторыі, археалогіі. Летась ведамства аформіла звыш 300 ахоўных абавязанняў, праведзена больш за паўтары сотні ўзгадненняў адчужэння права ўласнасці на аб’екты спадчыны — будынкі і нежылыя памяшканні. Міністэрства культуры распрацавала і зацвердзіла тры праекты зонаў аховы ў Менску.

gdb.rferl.org__f63670b8_626d_4_7750fcccc0934dfd206d406d0591315b.jpeg

Будынак, якому прадпісана «панізіцца» на паверх

gdb.rferl.org__a12f431a_efe8_4_def80a03cd5aad53f9f217a201311825.jpeg

Навабуд на беразе Свіслачы

Архітэктар Уладзімер Папруга некалькі гадоў адпрацаваў у структуры ўпраўлення культуры Менгарвыканкаму, дзе быў галоўным дзяржаўным інспектарам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Ён як ніхто іншы ведае, якім чынам кантрольныя органы «рупяцца» пра захаванне гістарычнай спадчыны.

Суразмоўца ўдакладняе, што менавіта няздольнасць чыноўніцтва супрацьстаяць сістэме масавага знішчэння гістарычных помнікаў урэшце прывяла да таго, што ён быў вымушаны пакінуць сваю пасаду. Апошняй кропляй стала гісторыя, якая выявіла сапраўднае стаўленне да праблемы з боку нібыта зацікаўленых структураў. У выніку праходжання ўсіх інстанцыяў спадар Папруга ініцыяваў разгляд пытання, жыццёва важнага для будучага вобліку сталіцы, у прэзідэнцкай адміністрацыі. Але пасля першага паседжання камісіі, на якім выдалі даручэнні і запланавалі працу на наступны месяц... больш нічога не адбылося:

gdb.rferl.org__c7d9e549_0e3c_4_7eebb02fdc2652c45f302043e1651c0c.jpeg

«Монстар» у Траецкім прадмесці

 

«Усё шматслоўна распісанае — не працэс аховы спадчыны з ужываннем закону, дасканала распрацаванай метадалогіі і ўстаноўленай законам працэдуры, а імітацыя ўсяго пералічанага. Спроба прыняць гэта ўсур’ёз таму і натыкаецца на сутнасную нелагічнасць усяго адрапартаванага і ў цэлым, і ў дробязях. І парушаецца не толькі Закон па ахове спадчыны Міністэрства культуры, але ва ўсім дыяпазоне парушаюцца і тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры. Звычайнай практыкай зрабілася „ўнясенне зменаў“ у прававыя акты, ініцыяваныя экспромтам проста на пасяджэннях Горадабудаўнічай рады Камітэту архітэктуры Менгарвыканкаму — раптам высвятлялася, што прапанаваныя гораду на ўзгадненне планы супярэчаць цалкам карэктным базавым нарматыўным актам у галіне горадабудаўніцтва».

gdb.rferl.org__9206498c_9256_4_894a604667c3b86a28217222558a538c.jpeg

Архітэктар-рэстаўратар Уладзімер Папруга

Спадар Папруга зазначае, што ў тэорыі канфліктныя сітуацыі ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны цалкам магчыма вырашаць у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. Аднак на практыцы пошук праўды часцяком заводзіць у тупік — зноў жа, з-за гнуткай пазіцыі тых, хто прымае рашэнне на канкрэтным паверсе ўладнай вертыкалі:

«Менавіта такім чынам адбылося, напрыклад, узгадненне праекту першага рынкавага комплексу на Нямізе (насупраць царквы), сціпла названага на стадыі сваёй легітымацыі „гаражом-стаянкай“. Гэта раўназначна ўнясенню зменаў, скажам, у Крымінальны кодэкс пад кожны канкрэтны выпадак, калі каго зловяць на вынасе з гіпермаркету тэлевізара, ці ў правілы дарожнага руху ў выпадку ДТЗ з лятальным вынікам. Дзіўна гучыць? Але ў справе абыходжання са спадчынай падобныя цыркі чамусьці лёгка дазваляюць сабе і гарвыканкамаўскія чыноўнікі, і „інвестары“. І ўсё названае, заўважым, адбываецца ў сітуацыі, калі закон, наяўная дасканалая метадалогія і працэдура нават у сваім цяперашнім выглядзе цалкам дазваляюць бесканфліктна вырашаць усе праблемныя сітуацыі карэктна і бездакорна і з карысцю для ўсіх — гістарычнага цэнтру, гораду, саміх інвестараў. Але арганізаваны выканаўчай адміністрацыяй сабатаж, ад верху ў самы ніз, якраз і блакуе ўсю прававую базу. Названае пытанне даўно праваабарончае па сутнасці. Усё пералічанае па выніках і выяўляе галоўнае — факт наяўнасці ці адсутнасці прававой дзяржавы як з'явы».

gdb.rferl.org__e147f02b_64e1_4_374c0379d6902cfb6cf477dc8579e832.jpeg

Грамадскае абмеркаванне забудовы гістарычнага цэнтру

У 1980–90-х інертнасць афіцыйных структураў кампенсавалася праявамі грамадскай актыўнасці — пікеты супраць разбурэння помнікаў са спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў прынамсі адтэрмінавалі выкананне прысуду шмат якім знакавым аб’ектам. Зрэшты, ацалець да нашых дзён удалося хіба адзінкам — дзяржаўны курс на навабуды пад прыкрыццём «аднаўлення» практычна вынішчае гістарычны цэнтр.

Ці мае голас грамадзкасці нейкую вагу ў сённяшніх рэаліях? Ці здольныя гараджане вырашаць свой лёс самастойна? Уладзімер Папруга так ацэньвае ролю масаў у супрацьстаянні адміністрацыі, якая не выконвае закон:

gdb.rferl.org__306c23cf_43c2_4_10818f91d98b3806c1d848967c6498f8.jpeg

Новая «нерухомасць» Верхняга гораду

«Выходзіць людзям — куды і навошта? Пікеты працуюць выключна ў прававых дзяржавах. Дзе і сама неабходнасць такіх пікетаў узнікае толькі ў сітуацыях, калі закон не парушаецца, але грамадзкасць з нечым нязгодная. Ва ўсіх іншых сітуацыях парушэння заканадаўства толькі кантрольныя і наглядныя органы працуюць як мае быць. Між тым усе нашы пералічаныя праблемы — гэта парушэнне менавіта заканадаўства. Абсалютна ўсе выпадкі — ад будаўніцтва новых рынкавых комплексаў на Нямізе, праз усе „Фарты“, „Мортэксы“ і па той самы „Кемпінскі“. Усе названае ёсць татальным парушэннем закону, метадалогіі, тэхнічных нарматыўных прававых актаў і самой працэдуры прыняцця найважнейшых рашэнняў».

gdb.rferl.org__635d3aaa_dacc_4_d7dceb35c88dcd6528ba9986d1b17206.jpeg

Гатэль, ад якога адцураўся сапраўды «Кемпінскі»

gdb.rferl.org__bede99af_06ad_4_86735547a52b9cd79d64d7e3433508a5.jpeg

Адзін з праектаў «асваення» Замчышча

Чаму органы ўлады ігнаруюць свае асноўныя функцыі ў канкрэтнай галіне? Архітэктар Уладзімер Папруга трымаецца такой пазіцыі:

«Што ж адбываецца насамрэч? Адзіны адказ, верагодна, у тым, што пракуратуры ў неправавых дзяржавах не выконваюць сваіх канстытуцыйных абавязкаў. Бо менавіта ў неправавых дзяржавах усе без выключэння кантрольныя і наглядныя органы жвавыя толькі на выкананне адрасных камандаў „фас“, якія аддаюць самі парушальнікі ўсяго вышэй пералічанага. Кола замкнулася. Гэта ніяк не працэдура законапрымянення, дзе яна была б аднолькавая для ўсіх. Таму ўсё ва ўсім дыяпазоне ды ва ўсіх без выключэння выпадках парушаецца менавіта так, як і ў выпадку „Кемпінскі“. Дзе той канкрэтны „нібыкемпінскі“ — проста шараговы эпізод сярод сотняў іншых, меншых ці большых па сваёй дэструктыўнасці».

gdb.rferl.org__bf72cb6a_4753_4_00f2420190cc67fda9b6293e5a7db6ca.jpeg

Гандлёвая вуліца: лічыцца, што прыгожа

gdb.rferl.org__22475415_e2ce_4_61d2766d93d5b0b27ed7f17d2e95d96e.jpeg

Скрыжаванне Герцэна-Гандлёвай перад пачаткам «зачысткі»

У згаданым раней рапарце ідэалагічнага ўпраўлення Менгарвыканкаму не ставіцца пад сумнеў культывацыя і захаванне толькі аднаго гістарычнага перыяду — «Вялікай Айчыннай вайны». Так, да святкавання 70-й гадавіны Перамогі добраўпарадкаваныя тэрыторыі мемарыяльных комплексаў і памятных аб’ектаў першай паловы 1940-х. Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну прывяла да ладу помнік Асаналіеву, Першамайскага — аднавіла помнік савецкім вайскоўцам. Таксама адрамантаваны мемарыяльны комплекс «Баявы шлях гвардзейцаў». На гэтыя мэты прыцягнутыя пераважна пазабюджэтныя сродкі.

gdb.rferl.org__fb788654_e7df_4_98127d0c116deba2fc364d1336d787c8.jpeg

«Свечка» на Пераможцаў як сімвал новага парадку

http://www.svaboda.org/content/za-rujnavannie-miensku-niapouny-dziasiatak-pratakolau/27569640.html