Як не даць грошай?

Чакаць нейкіх «прарыўных» вынікаў ад сённяшняга Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы не выпадае. Па вялікім рахунку Пуціну і Лукашэнку размаўляць няма пра што — ўсё абгаворана раней.



lupu_abdymki.jpg

Хутчэй за ўсё, на афіцыйным узроўні вынікі сустрэчы Уладзіміра Уладзіміравіча і Аляксандра Рыгоравіча абмяжуюцца пратакольнымі паведамленнямі: «З пачуццём глыбокага ўзаемапаразумення сустрэліся кіраўнікі Расіі і Беларусі».

Парадак дня ВДС СД уключае больш за дзясятак пытанняў, большасць з якіх традыцыйна-бюракратычныя: зацвярджэнне саюзнага бюджэту на 2016 год і вынікі рэалізацыі бюджэту мінулага году, прыняцце праграмы знешнепалітычнага ўзаемадзеяння на наступныя два гады і вынікі гэтай праграмы за два гады, вынікі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і гэтак далей. Аналітыкі рознага кшталту прагназуюць некалькі «гарачых» пытанняў, якія могуць узнікнуць у размовах двух кіраўнікоў дзяржаў. І яны ніяк не датычацца незразумелага стварэння пад назвай «Саюзная дзяржава».

Канешне ж гэта, найперш, грошы. «Беларускі эканамічны цуд» без расійскіх датацый можа скончыцца дэфолтам ужо ў будучым годзе. Таму Аляксандр Лукашэнка будзе намагацца выбіць з Расіі чарговы крэдыт. Можа быць, ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР), рэй у якім вядзе Расія і які амаль паабяцаў сінявокай $2 млрд. Аднак абяцанкі пакуль што засталіся абяцанкамі. Кіраўніцтва фонду кажа: «Спачатку рэформы — потым грошы». Бо ўжо абпекліся на аналагічным крэдыце 2011-га года, калі грошы далі, а ўмовы, пад якія яны выдаваліся, так і не былі выкананыя.

Можа быць, гэтую сітуацыю Аляксандр Рыгоравіч паспрабуе вырашыць з дапамогай Пуціна. Аднак шанцы на гэта невялікія.

У Расіі ў самой мала грошай. Намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Сторчак заявіў, што Расія «аб’ектыўна» спыняе выдачу новых крэдытаў, бо «буйныя абавязацельствы прынялі на сябе» раней. «А не выканаць абавязацельствы па прадстаўленых крэдытах — гэта яшчэ больш ганебна, чым не выканаць абавязацельствы па крэдытах, якія прыцягнулі. Большага сораму для любога крэдытора няма», — адзначыў ён.

Нават «тэт-а-тэтная» размова з Лукашэнкі з Пуціным у Сочы напачатку лютага гэтую сітуацыю не змяніла. Па выніках гутаркі кіраўнік сінявокай казаў, што «старэйшы брат» пагадзіўся эканамічна падтрымаць Беларусь. Аднак пазней ўдакладніў, што гэтая падтрымка будзе ў выглядзе рэфінансавання старых крэдытаў. Выдача новых — пад пытаннем.

Таму Аляксандр Рыгоравіч будзе намагацца атрымаць ад Расіі «жывыя грошы». Уладзімір жа Уладзіміравіч будзе імкнуцца ўхіліцца ад гэтага пытання, і думаць пра тое, як гэтых грошай не даць.

lupu_siadziac.jpg

Яшчэ адно спрэчнае і завіслае пытанне — расійская авіябаза ў Беларусі. Дамовы пра яе ці то былі, ці то не. Але свет змяняецца вельмі імкліва. І нават калі гэтыя дамовы і былі, яны значна страцілі ў сваёй актуальнасці. У 2014-м, калі планавалася яе стварэнне, канешне, гэта была такая «пужалка» для Украіны. Зараз расійская авіяцыя больш патрэбная ў Сірыі. А датуль з беларускай базы, нават калі яе будуць выкарыстоўваць у якасці «аэрадрому падскоку», расійскія самалёты не даляцяць. Амаль неверагодна, што Еўропа дазволіць расійскім знішчальнікам скарыстаць сваю паветраную прастору для пералёту на Блізкі Усход.

Цікава, што напярэдадні сустрэчы пайшлі размовы пра новую ваенную дактрыну Саюзнай дзяржавы (папярэдняя такая дактрына была прынятая аж у 2001-м годзе). Асабліва ўлічваючы тое. што вайсковая сфера — найбольш выніковая ў супрацы Расіі і Беларусі.

Але прэзідэнты наўрад ці будуць абмяркоўваць як гэтую тэму, так і саму дактрыну. Бо, па-першае, прыняць яе павінны парламентары Саюзнай дзяржавы. Па-другое, да яе яшчэ — як да Месяца. Хаця б таму, што адпаведная дактрына Беларусі будзе разглядацца Палатай прадстаўнікоў толькі ў красавіку, з адкрыццём сесіі. А потым жа трэба «збіць у адно» дактрыны Расіі і Беларусі, каб выйшаў выніковы дакумент для Саюзнай дзяржавы… Так што, калі новая ваенная дактрына СД і з’явіцца, то не раней, чым напрыканцы года. Калі не пазней.

Існуе яшчэ шэраг больш дробных, але не менш важных пытанняў. Напрыклад, сінявокая хоча дамагчыся дысконтнай цаны на імпартаваны з Расіі газ. Кошт «блакітнага паліва» прывязаны да коштаў на нафту, якая рэзка страціла ў цане. Аднак пакуль што мы набываем газ у Расіі па фіксаваных цэнах, і расійскія чыноўнікі на саступкі не ідуць. Беларусі таксама не ўдалося скарэктаваць на сваю карысць і цану расійскай нафты шляхам зніжэння прэміі расійскім нафтавікам.

Можа быць, для гэтага разам з Пуціным прылятае ў Мінск і расійскі прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў.

Дзмітрый Анатольлевіч патрэбны і для абмеркавання іншага «пратакольнага» пытання: вынікаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Па выніках 2014 года ў параўнанні з 2013-м таваразварот знізіўся на 5,3%. Летась экспарт беларускіх тавараў у Расію абваліўся ажно на 31,5%. У выніку і выручка з Расіі зменшылася больш як на 5 мільярдаў долараў.

Але і гэта вырашаецца зусім не на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў.

Канешне, Уладзімір Уладзіміравіч можа ўзняць і іншыя пытанні: напрыклад, адносіны Беларусі з Украінай і Турцыяй, далучэнне «крыштальнага сасуда» да расійскіх санкцыяў і гандлёвых эмбарга ў дачыненні да гэтых краін, «адліга» ў стасунках сінявокай з варожай «Гейропай»… Але тут ужо наўрад ці пахіснецца беларускі бок, бо менавіта адтуль да нас прыходзяць тыя самыя «жывыя грошы», якіх не дае Масква.

Карацей, размова двух кіраўнікоў дзяржаў будзе круціцца вакол аднаго: Аляксандр Лукашэнка будзе намагацца атрымаць ад Расіі грошы. А Уладзімір Пуцін будзе імкнуцца гэтых грошай не даць. Бо, як ужо казалася вышэй, самому не хапае.