У Бешанковічах збіраюцца знішчыць помнік культуры ХІХ стагоддзя?

Напрыканцы студзеня ў бешанковіцкай раённай газеце «Зара» з'явіўся артыкул памочніка пракурора Веры Ларковай. Размова ў ім вялася наконт «лядашчага» двухпавярховага будынку па вуліцы Мічурына, 19.



marja.png

Будынак той — сядзіба «Стары Мар’янфэльд», дзе калісь размяшчаўся бровар — вінакурня, пабудаваная ў 19-м стагоддзі. Згодна з рашэннем Бешанковіцкага райвыканкаму, у 2006-м годзе будынак прызнаны аварыйным і непрыгодным для пражывання, распавядае Г. Станкевіч на сайце beshankovichy.by

Уладальнік будынку, Бешанковіцкая раённая ветстанцыя, за дзесяць гадоў не знайшоў сродкаў, каб яго знішчыць. Яно і зразумела: дом гэты быў пабудаваны больш за сто гадоў таму, але мураваныя сцены і сёння вытрымаюць нават артабстрэл, яны так проста не паддадуцца.

І вось цяпер зноў узнімаецца пытанне аб ягонай аварыйнасці і зносе. (Пра тое, што будынак трэба закансерваваць, каб не дапусціць далейшага разбурэння, — я абсалютна згодны з аўтаркай згаданага артыкулу.)

Вы толькі зірніце на ўсю манументальнасць гэтай пабудовы. Няўжо тое, што народ называе «лукашоўкамі», можна параўнаць з гэтай прыгажосцю? За сто гадоў аніводная цагліна не страціла сваёй першапачатковай формы. Дом анідзе не даў аніводнай трэшчыны!!!

Што можа быць аварыйным у такога дому? Адсутнасць столі і падлогі? Яе што, няма з чаго напілаваць? Мо’ мы ўжо прадалі ўвесь лес за мяжу, ці ён больш не ідзе на дачы чыноўнікам?

Мне здаецца, калі мы будзем знішчаць такія будынкі, то гэта будзе яскрава сведчыць пра поўную адсутнасць мазгоў у нашых чыноўнікаў. Трэба не знішчаць, а рэстаўраваць, каб зрабіць у ім яшчэ адзін музей. А рашэнне Бешанковіцкага райвыканкаму трэба перагледзіць і адмяніць.

beshankovichy.by__cache_resources_e97b4e3dc6ac80861b0b806cecf7310c.png

marjanf.png

marjanfe.png

beshankovichy.by__cache_resources_acaf4982c13e916297bdebaf6fd32255.png

vitebskspring.org

Фота beshankovichy.by