Засталася толькі назва раёна — «Піўзавод». Гісторыя старой вінакурні, якой Крычаў мог бы прывабліваць турыстаў

Горы будаўнічага смецця — вось што засталося ад былога крычаўскага піўзавода, які вёў сваю гісторыю яшчэ з XVIII стагоддзя. Цяпер былая слава прадпрыемства ў Крычаве адно ва ўспамінах — некалькі гадоў таму мясцовае чынавенства вырашыла канчаткова зруйнаваць рэшткі былога завода, пакінуўшы ад яго толькі кавалкі сценаў і некранутыя падмуркі старой вінакурні. 

 Выгляд вінакурні ў першай палове 2010-х гадоў. Крыніца: www.radzima.org

 Выгляд вінакурні ў першай палове 2010-х гадоў. Крыніца: www.radzima.org

Гістарычнасць будынка і адметнасці яго размяшчэння

Будынак былога крычаўскага піўзавода быў пабудаваны напрыканцы XVIII стагоддзя. Першым яго ўладальнікам быў «святлейшы» князь Рыгор Пацёмкін, які наладзіў там скураную вытворчасць. Потым прамысловы будынак перайшоў да мясцовага шляхціца Яна Галынскага. Менавіта ён перапрафіляваў вытворчасць і наладзіў выпуск спірту. Такім чынам, з канца XVIII стагоддзя і ажно да 1940-х гадоў тут была размешчана вінакурня, а пазней спіртзавод. Падчас акупацыі Крычава ў час Другой сусветнай вайны на тэрыторыі спіртзавода знаходзіўся працоўны лагер, арганізаваны нямецкай ваеннай адміністрацыяй. Там займаліся жывёлагадоўляй, а выкарыстоўвалася прымусовая праца жыхароў навакольных вёсак. 

Забыты колішні важны прамысловы аб’ект яшчэ і быў цікава размешчаны. Месца яго лакалізацыі — памежжа паміж горадам Крычавам і суседняй вёскай Калініна (ранейшая назва — Задабрасць), якое можна і прамінуць, калі праязджаеш мост праз рэчку Добрасць. Нечакана мяняецца назва вуліцы з Піянерскай на Цэнтральную, пры нязменнасці дарогі. Будынак былой вінакурні знаходзіўся ўжо за мостам, аднак размяшчэнне яго ў межах вёскі Калініна даволі фармальнае. Гэтае меркаванне пацвярджае доўгая вуліца, якая атрымала народную назву па прамысловым прадпрыемстве і лічыцца цэлым маленькім раёнам пад найменнем «Піўзавод», што ўваходзіць у склад гарадской мяжы і на мапе выглядае як апендыкс, які зросся з вёскай Калініна. Цікава пры гэтым, што знешне адрозненняў практычна не назіраецца, бо драўляныя хаты знаходзяцца паабапал дарогі як гарадской вуліцы, так і вясковай.

Рэшткі вынакурні ў 2018 годзе. Фота аўтара

Рэшткі вынакурні ў 2018 годзе. Фота аўтара

З’яўленне піўзавода ў савецкі час і яго знікненне

Ужо пасля вайны, у 1950 годзе быў уведзены ў эксплуатацыю Крычаўскі піваварны завод. Вытворчасць, як адзначалася вышэй, знаходзілася ў сценах былой вінакурні мясцовага шляхецкага роду Галынскіх на памежжы паўднёвай ускраіны Крычава і вёскі Задабрасці (сённяшняе Калініна). У 1971 годзе завод меў магутнасць 190 тысяч дэкалітраў піва. Магутнасць адносна невялікая, аднак для маладога піўзавода пачатак неблагі, тым больш, што пазней яна была павялічана да 370 тысяч дэкалітраў — амаль у два разы. Завод варыў «Жыгулёўскае», «Маскоўскае» і нават «Мартаўскае» піва, але ў 1995 годзе перастаў працаваць. 

Этыкеткі з назвамі піва, якія варыліся на крычаўскім піўзаводзе. Крыніца: rdnv.me

Этыкеткі з назвамі піва, якія варыліся на крычаўскім піўзаводзе. Крыніца: rdnv.me

Акрамя піва на харчовым прадпрыемстве варыўся квас, а таксама выпускаліся салодкія напоі з рознымі смакамі, якія мелі высокі попыт у мясцовых жыхароў. 

Этыкетка кваса «Маскоўскі» крычаўскага піўзавода. Крыніца: ay.by

Этыкетка кваса «Маскоўскі» крычаўскага піўзавода. Крыніца: ay.by

Пэўна, самым папулярным быў мандарынавы напой. Выпускаўся нават газіраваны мандарынавы напой для хворых дыябетам. Гэта было «разынкай» завода, якую не мелі іншыя падобныя прадпрыемствы. 

Этыкетка газіраванага напоя «Мандарын» для хворых на дыябет. Крыніца: ay.by

Этыкетка газіраванага напоя «Мандарын» для хворых на дыябет. Крыніца: ay.by

Адметна, што палова з этыкетак мела беларускамоўныя найменні прадукцыі. Больш за тое, афармлялася па-беларуску не проста сама назва, але ўся этыкетка, дзе прапісваўся склад напоя, умовы захоўвання, кошт і іншае.

 Беларускамоўная этыкетка мандарынавага напоя «Залацісты» крычаўскага піўзавода. Крыніца: ay.by

 Беларускамоўная этыкетка мандарынавага напоя «Залацісты» крычаўскага піўзавода. Крыніца: ay.by

Рэанімаваць вытворчасць хацеў нямецкі інвестар, аднак мясцовая ўлада вырашыла не аддаваць завод прыхадню, і ў 2000 годзе яго прадалі нейкай расійскай фірме. А далей эпічны момант: расійская фірма вывезла абсталяванне, якое заставалася, і знікла. Афіцыйная ліквідацыя адкрытага акцыянернага таварыства «Крычаўскі завод напояў» адбылася ў 2004 годзе. 

Адметнасць гістарычнага будынка і яго знішчэнне

На працягу ўсіх 2000 і 2010-х гг. рэшткі былой вінакурні былі прывабным турыстычным месцам. Закінуты будынак прыцягваў і мясцовую моладзь, на яго сценах частымі былі розныя надпісы і графіці. Аматараў тут палазіць і расшукаць што-небудзь цікавае таксама хапала. Прыгадваецца адзін знаёмы з Магілёва ў студэнцкія часы, які наўмысна зрабіў візіт на закінуты прамысловы аб’ект, каб пахадзіць, палазіць і агледзець колішняе прадпрыемства Галынскіх. Здалёк трохпавярховы будынак уражваў велічнасцю, чырвоная цэгла сведчыла пра яго паважаны ўзрост, як і стыль арачных вокнаў. Гэта было месца з атмасферай, бо калі апынаўся сярод занядбаных сцен, нібыта «вывальваўся» з вуліцы...

Рэшткі старога прадпрыемства не перашкаджалі жыхарам навакольных дамоў. А небяспечную тэрыторыю ад ахвотных даследаваць рэшткі старога будынка можна было бы проста агарадзіць. Тым не менш яшчэ ў пачатку 2018 года тагачасны старшыня Крычаўскага райвыканкама Дзмітрый Бачкоў даў даручэнне раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях вызначыцца па далейшым лёсе аварыйнага будынка былога піўзавода. Забеспячэнне бяспекі на тэрыторыі былога прадпрыемства для мясцовай улады было задачай нумар адзін, і зусім ніхто не разглядаў гістарычную каштоўнасць аб’екта прамысловасці. І вось у 2020 годзе мясцовае чынавенства вырашыла пазбавіцца праблемы зусім проста — зруйнаваць старую пабудову.  

Гара цэглы ад знішчаных сцен былога піўзавода. Фота аўтара   

Гара цэглы ад знішчаных сцен былога піўзавода. Фота аўтара   

Праз некалькі год пасля знішчэння рэшткаў старога будынку сітуацыя не змянілася: сярод рознага кустоўя і рэдкіх дрэўцаў валяюцца пабітыя рэшткі завода. Адзінае, што сведчыць пра былую веліч прадпрыемства, так гэта народная назва раёна — «Піўзавод», што ахоплівае большую частку вуліцы Піянерскай. 

Будынак знішчаны, а артэзіянская свідравіна засталася

Адзіная каштоўнасць, якая засталася пасля знішчэння будынка старой вінакурні, гэта завадская артэзіянская свідравіна.  Нездарма калі, здавалася б, усё развалілі, раптам у 2021 годзе адкрытае акцыянернае таварыства «Магілёўскае агенцтва рэгіянальнага развіцця» прапанавала пабудаваць на тэрыторыі былога піўзавода лінію па выпуску бутыляванай пітной вады. Агенцтва ацэньвала прыблізны аб’ём інвестыцый для запуску вытворчасці ў 210 000$. Пры гэтым прыблізная выручка ад рэалізацыі прадукцыі ацэньвалася ў 48 000$ у год. Інвестыцыі для пачатку асваення пляцоўкі былога піўзавода ацэньваліся ў 60 000$, а тэрмін акупнасці ўсяго праекта па будаўніцтве лінні па выпуску бутыляванай пітной вады вызначаўся ў 5 год. Вось як апісвала пляцоўку былога завода агенцтва рэгіянальнага развіцця: «На территории Кричевского района имеется здания бывшего пивзавода, где имеется незатампонированная скважина артезианской воды. Скважина находится на балансе УКПП «Водоканал» г. Кричева, руководством предприятия рассматривается вопрос продажи имущества скважины для создания предприятия по выпуску питьевой воды». Аднак грандыёзныя планы засталіся толькі на паперы, да сённяшняга часу нічога падобнага зроблена не было.

Кавалкі сцен у кустоўі на месцы былога піўзавода. Фота аўтара.   

Кавалкі сцен у кустоўі на месцы былога піўзавода. Фота аўтара.   

Дарэчы, яшчэ значна раней, калі знік расійскі «інвестар», скраўшы абсталяванне прадпрыемства, труба ў завадской артэзіянскай свідравіне дала цечу, і вада стала вылівацца. Пра безгаспадарчасць мясцовых уладаў нават дзяржаўны канал АНТ рабіў спецыяльны сюжэт, а таксама пра гэта неаднаразова пісала мясцовая незалежная газета «Вольны горад». На вялікі жаль, за гэты час нічога асабліва не змянілася.

Рабочы крычаўскага піўзавода пісаў да беларускага класіка

Часам у сумных гісторыях ёсць і свая лыжка мёду. У крычаўскай драме пра старую вінакурню ёсць пікантны момант — пра існаванне прадпрыемства хутчэй за ўсё ведаў класік беларускай літаратуры Якуб Колас. У 1952 годзе аўтар паэмы «Новая зямля» атрымаў ліст-зварот ад жыхара вёскі Калініна Крычаўскага раёна Уладзіміра Фралова, які быў працаўніком піўзавода. Дагэтуль у літаратурным музеі Якуба Коласа захаваўся машынапісны ліст з канвертам, якія былі адпраўлены з Крычаўшчыны. Звернемся да самога тэксту ліста, у якім адрасант апісаў усё, што яго турбавала, і запытаў пра ўсё, што цікавіла:

Я, Фролов Владимир Антонович, рож. 1930 г. Проживаю в дер. Калинино Сокольничского С/с. Кричевского р-на Могилёвской обл. Б.С.С.Р. Работаю столяром на строительстве пивзавода и одновременно продолжаю начатую свою работу, т.е. я окончил первую маленькую часть своей книги «Лунная ночь» и начал вторую более расширенную.

Мне очень трудно выполнять сразу две работы, причем после физического труда я должен отдохнуть к следующему дню, но вместо того я забираюсь в свой смешной кабинет и до 2-3х часов ночи читаю, пишу и т.д. 

Мне нет достаточного свободного времени чтобы обдумывать хорошо и подробно, это во-первых, а во-вторых я слишком малограмотный. Образование моё 3 класса начальной школы и я слишком делаю много грамматических ошибок и неправильно строю предложения.

Мне просто неудобно и страшно даже говорить о таких вещах, о которых я упоминаю, но все же я надеюсь на свою способность, склонность и даже уверенность в своём труде, в полном окончании его.

У меня получается как-то не совсем хорошо, потому что (если позволите мне так выразиться) я проживаю в среде обильного невежества, где часто выкристаллизовываются  крылатые «словечки»… и окромя грубых деревенских развлечений я ничего не вижу и не слышу, нет мне с кем поделиться мнениями, посоветоваться, поговорить и т.д. А поэтому я и решил обратиться к Вам с просьбой, ответьте мне на мои следующие (важные для меня вопросы):

Смогут ли исправить в редакции мои ошибки, что-либо добавить, изменить, выбросить и т.д.?

Допустим начинающий писатель или вообще писатель пишет какую-нибудь книгу, повесть или рассказ, он пишет урывками или специально только пишет и не отвлекается другими работами?

Смогут ли меня подучить, если заметят во мне вроде таланта, если я желаю продолжать и впредь свою работу?

И 4. Обеспечут ли меня работой по моей силе возможности не включая физической?

Очень трудно жить и работать в одиночестве, как я живу и работаю, я никому не сознаюсь в своей работе, а хотя и сознавался, то всегда подвергался язвительному смеху, поэтому и приходиться молчать.

Если Вы ответите на мои вопросы, я сразу же начну копировать работу для отсылки в редакцию.

Прошу удовлетворить мою просьбу.

 Машынапісны ліст крычаўляніна Фралова да Якуба Коласа. Крыніца: kolasmuseum.by

 Машынапісны ліст крычаўляніна Фралова да Якуба Коласа. Крыніца: kolasmuseum.by

Відавочна ліст да Якуба Коласа быў парывам душы маладога чалавека, якому было на момант яго напісання ўсяго 22 гады. Дзяцінства яго прыйшлося на часы вайны, а на момант яе заканчэння Фралову споўнілася ўжо прыблізна пятнаццаць. Гісторыкі, вядома, адзначаюць, што пасляваенны час быў надта цяжкі для жыхароў Беларусі, і многім прыходзілася практычна выжываць. Аднак самыя моцныя, да ліку якіх можна далучыць і адрасанта, паспявалі думаць і аб высокіх рэчах. Праз напісанае бачыцца, што малады чалавек быў даволі мэтанакіраваны, хоць зусім не меў падтрымкі звонку, а толькі кпіны калег па цэху з-за свайго захаплення. Праўда, непаразуменнем іншых дух беларускага хлопца не быў зломлены. Наадварот, у лісце Уладзіміра Фралова да народнага паэта падкрэсліваецца гатоўнасць да працы і рэалізацыі пастаўленых задач. Жаданне ствараць, непаразуменне навакольнага асяроддзя і адзінота сталі галоўнымі чыннікамі гэтага ліста.

Варта адзначыць, што ў звароце да паэта аўтар задае даволі наіўныя пытанні, часам нават надта прамыя, без пэўнай тактоўнасці. Такія пытанні паказваюць пра слабае ўяўленне прафесіі пісьменніка і яго ролі аўтарам ліста. Аднак менавіта ў гэтым можа праяўляцца непадробная зацікаўленасць маладога чалавека пісьменніцкай справай і яго шчырае жаданне пісаць, спрабуючы дасягнуць поспехаў штодзённай працай. Якім быў адказ Якуба Коласа на гэтыя шчырыя словы і думкі маладога пралетарыя, што імкнуўся стаць на творчую сцяжынку, нам невядома дагэтуль. Застаецца спадзявацца, што малады творца атрымаў адказ, і ліст захоўваецца ў сям’і да сённяшняга часу.