Што пілі на Беларускім Палессі? Старадаўнія традыцыі вінакурэння
Беларускія традыцыі вінакурэння маюць даўнія карані. Да развіцця галіны спрычыніўся і вядомы на Беларусі род Скірмунтаў, які разам з прамысловымі заводамі на Палессі ўкладваўся і ў вытворчасць напояў. І дасягаў у гэтым пэўных поспехаў! Нават сёння ў гонар аднаго з продкаў прэм’ер-міністра Беларускай Народнай Рэспублікі Рамана Скірмунта названы адзін з беларускіх напояў.
![Адзіны будынак, які захаваўся ад вялікай гаспадаркі Скірмунтаў у Парэччы Адзіны будынак, які захаваўся ад вялікай гаспадаркі Скірмунтаў у Парэччы](/img/v1/images/vyjava_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Адзіны будынак, які захаваўся ад вялікай гаспадаркі Скірмунтаў у Парэччы
Вінакураныя заводы арганічна дапаўнялі гаспадарку Скірмунтаў у палескіх вёсках Моладава і Парэчча. Інвентар Моладаўскага маёнтка 1839 года паведамляе аб працы завода ў Моладава: маёнтак быў земляробчым, а яго прадукцыя складалася з «хлеба» і «горячего вина». Прафесар Аляксандр Смалянчук у сваёй кнізе «Раман Скірмунт (1868-1939): жыццяпіс грамадзяніна Краю» (2018) піша, што прадукцыя Скірмунтаў адпраўлялася па рэках у Палтаўскую губерню, Каралеўства Польскае, Прусію (Данцыг і Кёнігсберг), а разам з тым пастаўлялася ў корчмы і прадавалася на рэгіянальных кірмашах.
![Парэчча ў 1864 годзе. Малюнак Напалеона Орды Парэчча ў 1864 годзе. Малюнак Напалеона Орды](/img/v1/images/vyjava_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Парэчча ў 1864 годзе. Малюнак Напалеона Орды
У інвентары адзначалася, што сярод гаспадарчых пабудоў маецца вінакурня з сасновага дрэва на каменным падмурку, плошча якога была каля 240 квадратных метраў. У далейшым вытворчасць гарэлкі і спірта ў Моладаве набывала ўсё большы размах. Прынамсі, у інвентары маёнтка за 1858 год згадвалася ўжо «вінакурня каменная двухпавярховая». У 1879 годзе пажар у Парэччы цалкам знішчае мясцовую цукроўню, прадукцыя якой годам раней была адзначана вялікім срэбным медалём на Сусветнай выставе ў Парыжы. Тым не менш гаспадар Аляксандр Скірмунт вырашае яе не аднаўляць. На яе месцы таксама пабудавалі вінакурны завод, які стаў годным канкурэнтам вінакурні ў суседнім Моладаве. Ён пачаў даваць прадукцыю ў 1880 годзе. Матэрыялы Мінскага статыстычнага камітэта паведамляюць, што кошт прадукцыі ў 1887 годзе склаў каля 19 тысяч рублёў.
![Медаль, атрыманы Парэцкай цукраварняй на Сусветнай выставе ў Парыжы ў 1878 годзе Медаль, атрыманы Парэцкай цукраварняй на Сусветнай выставе ў Парыжы ў 1878 годзе](/img/v1/images/vyjava_3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Медаль, атрыманы Парэцкай цукраварняй на Сусветнай выставе ў Парыжы ў 1878 годзе
Напрыканцы 1880-х гадоў Аляксандр Скірмунт — бацька будучага прэм’ер-міністра Беларускай Народнай Рэспублікі Рамана Скірмунта — меў склады і крамы він у Вільні, Коўне і Мінску. Там прадавалася прадукцыя крымскіх ды італьянскіх вінаграднікаў, якія належалі братам Казіміру і Сымону Скірмунтам, а пазней сталі ўласнасцю Аляксандра Аляксандравіча Скірмунта. Газеты друкавалі рэкламу скірмунтаўскай «Старой гарэлкі» з Парэчча (яе таксама называлі «Скірмунтоўкай»). Бутэлька каштавала 2,5 руб. і прадавалася ў крамах Вільні (вул. Вялікая) і Коўне (вул. Мікалаеўская).
![Рэклама «Скірмунтоўкі» ў газеце Dwutygodnik diecezjalny Wileński (1913 г.) («Склад вінаў А. Скірмунта рэкамендуе паважаным кліентам у шырокім выбары ўласныя італьянскія сталовыя віна, лячэбныя і для набажэнстваў, правераныя і рэкамендаваныя вышэйшым духоўным санам. Віна французскія і шампанскія ў асартыменце. Каньяк, ром і лікёры вырабу замежных і айчынных вытворцаў. Старая гарэлка з маёнтка Парэчча Мінскай губерні. Аліва, вінны воцат, а таксама іншыя алкагольныя вырабы замежных і айчынных вытворцаў»). Рэклама «Скірмунтоўкі» ў газеце Dwutygodnik diecezjalny Wileński (1913 г.) («Склад вінаў А. Скірмунта рэкамендуе паважаным кліентам у шырокім выбары ўласныя італьянскія сталовыя віна, лячэбныя і для набажэнстваў, правераныя і рэкамендаваныя вышэйшым духоўным санам. Віна французскія і шампанскія ў асартыменце. Каньяк, ром і лікёры вырабу замежных і айчынных вытворцаў. Старая гарэлка з маёнтка Парэчча Мінскай губерні. Аліва, вінны воцат, а таксама іншыя алкагольныя вырабы замежных і айчынных вытворцаў»).](/img/v1/images/vyjava_4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Рэклама «Скірмунтоўкі» ў газеце Dwutygodnik diecezjalny Wileński (1913 г.) («Склад вінаў А. Скірмунта рэкамендуе паважаным кліентам у шырокім выбары ўласныя італьянскія сталовыя віна, лячэбныя і для набажэнстваў, правераныя і рэкамендаваныя вышэйшым духоўным санам. Віна французскія і шампанскія ў асартыменце. Каньяк, ром і лікёры вырабу замежных і айчынных вытворцаў. Старая гарэлка з маёнтка Парэчча Мінскай губерні. Аліва, вінны воцат, а таксама іншыя алкагольныя вырабы замежных і айчынных вытворцаў»).
Архіўныя звесткі сцвярджаюць, што ў маёнтку Парэчча ў 1905 г. жылі замежныя спецыялісты: вінакур Густаў Тупенталь, рабочыя Бартэк Шнурова і Аляксандр Мель (усе з Германіі), грамадзянін Аўстра-Венгрыі Карл Загурскі.
Існаванне вінакурняў спынілі час, войны і «набегі» бальшавікоў. У пасляваенныя гады ад вялізнага маёнтка Скірмунтаў застаўся толькі будынак колішняй вінакурні, якая ператварылася ў завод, дзе выраблялі патаку, крухмал, сокі ды інш. Для многіх жыхароў Парэчча завод стаў альтэрнатывай калгасу. Будынак вінакурні захаваўся да нашых дзён — гэта адзіны ацалелы будынак вялікай скірмунтаўскай гаспадаркі. За 50 гадоў панавання савецкай улады не было адноўлена ніводнага будынку буйнай і прыбытковай гаспадаркі Скірмунтаў.
Што сёння? Цягам апошніх гадоў прымаюцца спробы аднаўлення парэцка-моладаўскіх традыцый вінакурэння. У 2021 годзе ў продажы з’явіўся першы беларускі каньяк, які быў названы ў гонар Аляксандра Скірмунта.
![vyjava_5.jpg vyjava_5.jpg](/img/v1/images/vyjava_5.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Асаблівасць напоя A. Skirmuntt — поўны цыкл вытворчасці ў Беларусі (то-бок сыравіна — вінаград — таксама беларускі). Вось што піша вытворца: «Коньяк белорусский A. Skirmuntt — произведен из молодого коньячного дистиллята, выдержанного в присутствии дуба. Благодаря территориальному происхождению винограда — самый юг Беларуси — Пинщина, напиток имеет особый цвет, вкус и аромат. Явственно ощущаются нотки фруктов и ванили. В послевкусии присутствует легкая пикантная горчинка, которая придает благородность напитку. Крепость 40%. Подтверждением качества нашего белорусского коньяка A. Skirmuntt стала бронзовая медаль на XXXIX международном профессиональном конкурсе «Ялта. Золотой грифон-2019» в номинации коньяки и бренди».
У артыкуле выкарыстаны ілюстрацыі з калекцыі аўтара