3 ліпеня — свята не для ўсіх

Упершыню за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі ў парадзе 3 ліпеня ўдзельнічаюць расійскія войскі пад расійскім трыкалорам.



parad1.jpg

А 1 ліпеня на ўрачыстым сходзе з нагоды 70-годдзя вызвалення Беларусі Аляксандар Лукашэнка нечакана прамаўляў па-беларуску (чаго не рабіў ужо шмат гадоў). Стаўленнем палітыкаў да таго, як Беларусь сёлета адзначае Дзень незалежнасці, цікавіўся наш карэспандэнт.
«Фальшывым святам» называе дзень 3 ліпеня намеснік старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі. Ён лічыць, што сапраўдны Дзень Незалежнасці трэба адзначаць 25 жніўня:
«25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет 12-га склікання надаў Дэкларацыі аб незалежнасці статус канстытуцыйнага закону. І Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Потым расійскім спецслужбам фактычна ўдалося зрабіць пераварот. Яны прывялі на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь свайго чалавека — Аляксандра Лукашэнку.
Пасля гэтага ўся палітыка ў Беларусі стала рэалізоўвацца так, як Лубянка і бачыла. Пад расійскі кантроль узялі практычна ўсю дзяржаву. З гэтага і вынікае ўсё астатняе — фальшывы Дзень Незалежнасці 3-га ліпеня, які не мае ніякага дачынення да рэальнага Дня Незалежнасці, фальшывыя лозунгі, фальшывыя словы. І ўсё астатняе».
Старшыня Вярхоўнага Савету 12-га склікання Мечыслаў Грыб упэўнены: Дзень Незалежнасці трэба адзначаць 27-га ліпеня. Менавіта ў гэты дзень 1990 году была падпісаная Дэкларацыя аб суверэнітэце Беларусі:
«Які Дзень Незалежнасці можа быць звязаны з вызваленнем ад нямецка-фашысцкіх акупантаў?! Гэта ж зусім не тое. Што ў нас змянілася? У нас што, да вайны было менш правоў, а пасьля вызвалення іх паболела? Я гэтага не знаходжу. Тэрыторыя наша зменшылася, насельніцтва паменела. Частка тэрыторыі, якая раней была нашай, ад нас адышла.
Дык дзе ж наша незалежнасць? У чым сэнс? Як мы былі да 1941 году ў Савецкім Саюзе, так і пасля 1944-га засталіся ў Савецкім Саюзе. Мы ж нікуды не вызваліліся. Гэта проста штучная, неабгрунтаваная прыдумка».
Мечыслава Грыба не здзівіла святочная прамова Лукашэнкі на роднай мове:
«Мне здаецца, што ў нас прэзідэнцкія выбары ўжо не так далёка. Трэба ўжо нешта народу казаць. І да выбараў рыхтавацца. А ў выбарах незалежнасць і рэформа эканомікі могуць стаць самымі галоўнымі козырамі». Для былога кандыдата на пасаду прэзідэнта Уладзімера Някляева 3-га ліпеня — гэта дзень вызвалення Мінску ад нацыстаў-акупантаў:
«Гэта, канечне, знамянальны дзень. І яго, безумоўна, трэба адзначаць. Але гэта не ёсьць Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Дзень незалежнасці звязаны не з перамогамі ў Другой усясветнай вайне, а з тымі працэсамі, якія адбываліся на пачатку 90-х гадоў, калі Беларусь і стала незалежнай дзяржавай.
Таму дзень вызвалення Мінску я адзначу, прыехаўшы на магілу свайго бацькі. Ён ваяваў і набліжаў вызваленне Мінску і ўсёй Беларусі. А Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь я адзначу ў іншы дзень».
Не лічыць 3 ліпеня Днём Незалежнасці і сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец:
«Насамрэч 3-га ліпеня — гэта дзень, калі адна акупацыя (нацысцкая) змянілася на другую (бальшавіцкую). Таму калі гэта і свята, то „са слязамі на вачох“.
Тое, як адзначае сёлета 3-га ліпеня ўлада, гэта проста цырк. Выступ па-беларуску, „каларадзкі“ гальштук, расійскія вайскоўцы — гэта і смех і грэх. Гэта было б смешна, калі б не было так пагрозліва і так сумна.
Таму гэты дзень адзначаць не будзем ніяк. Гэта наш пратэст супраць удзелу расійскіх вайскоўцаў у парадзе. У той час як расійскія дыверсанты пляжаць Данбас, расійскія дэсантнікі праходзяць па Мінску. Маўляў, Мінск — наш. Як і Крым — наш. Усё гэта выклікае толькі пачуццё пратэсту, пачуццё абурэння».

svaboda.org