Партыя БНФ: 3 ліпеня — дзень дэманстрацыі залежнасці
Як паведамляецца, у афіцыйных урачыстасцях, якія рыхтуюцца ўладамі з нагоды 3 ліпеня, запланаваны ўдзел расійскіх вайсковых частак пад расійскімі сцягамі, а таксама плануецца прысутнасць расійскага прэзідэнта У. Пуціна. Намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў даў рэзка негатыўную ацэнку ўдзелу расійскіх вайскоўцаў у мінскім парадзе.
![lu_i_pu.jpg lu_i_pu.jpg](/img/v1/news/full/lu_i_pu.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У каментары прэс-службе Партыі БНФ ён заявіў:
Цяперашні дзяржаўны сцяг Расійскай Федэрацыі – гэта сымболіка, якая выкарыстоўвалася пад час Другой сусветнай вайны расійскімі нацысцкімі фармаваннямі на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку
гэтак званымі “уласаўцамі”, “радыёнаўцамі” і “камінскаўцамі”. Прысутнасьць яго на парадзе з нагоды гадавіны выгнання з беларускай сталіцы
нямецка-нацысцкіх захопнікаў ёсць гістарычна не абгрунтаваная і пераўтварае гэты парад ў фарс.
Зразумела, што такім чынам сённяшняе мінскае кіраўніцтва імкнецца пусціць пыл у вочы расійскім гасцям і канкрэтна У.Пуціну. Выклікана гэта тым, што палітычнае выжыванне дзеючага рэжыму цалкам
залежыць ад расійскай падтрымкі, асабліва ў фінансаванні збанкрутаванай эканамічнай мадэлі сучасных беларускіх уладаў.
У сённяшніх умовах дзень 3 ліпеня ёсць нагодай задумацца над тым, як хутка цяперашняе кіраўніцтва краіны здае атрыбуты дзяржаўнага суверэнітэту. Заключаныя кабальныя і невыгодныя для беларускай
эканомікі пагадненні пра ўтварэнне з 2015 года Еўразійскага саюзу. Павялічваецца крэдытная залежнасць Беларусі ад грошаў, што выдзяляюцца Расійскай Федэрацыяй. Пад выглядам стварэння сумесных
холдынгаў расійскі капітал, пры дапамозе палітычнага ціску з Крамля, бярэ пад кантроль найбольш сучасныя і прыбытковыя беларускія прадпрыемствы. Расійскія ваенна-паветраныя сілы нарошчваюць сваю
прысутнасць у Беларусі, а ў перспектыве плануецца стварэнне экстэрытарыяльнай расійскай вайсковай базы, над якой не будзе нават фармальнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.
У такіх умовах парад 3 ліпеня выглядае як вар’яцкі расійскі атракцыён, пір пад час чумы (дарэчы, за сапсаваны цяжкой бранетэхнікай асфальт на вуліцах Мінску будуць расплочвацца
аўтамабілісты ўсёй краіны – відаць, менавіта з гэтай мэтай быў уведзены драпежніцкі грашовы збор “за допуск аўтамабіляў да дарожнага руху”).
На вялікі жаль, гэты парад, як і ўсё свята 3 ліпеня ў гэтым годзе, пераўтвараецца ў дэманстрацыю залежнасці сённяшняга рэжыму ад ягоных расійскіх патронаў.
Прэс-служба Партыі БНФ