А цяпер у нас ёсць і мігранты!
Колькі разоў ужо казалі беларускім уладам: не бывае падзеяў без наступстваў. А яны ўсё ніяк не хочуць у гэта верыць. Думаюць, што варта нешта зрабіць — а потым яно само як-небудзь разруліцца. Не, спадарства, не разруліцца. І цяпер улады збіраюць ураджай, які пасеялі даўно.
На тыдні ўвага ўсё яшчэ была прыкутая да мігранцкага крызісу. Падаецца, намаганнямі ЕС і рашучай пазіцыяй краін Балтыі і Польшчы яго ўдалося купіраваць. Шантаж мігрантамі не прайшоў. Два званка Меркель тут не згулялі справу, хутчэй, згуляла еўрапейская дыпламатыя, прычым, накіраваная не ў бок афіцыйнага Мінска. Краіны, Адкуль прыбылі мігранты, пад уражаннем магчымых санкцый да сваіх авіякампаній, пачалі вывозіць тых, хто пагадзіўся вярнуцца. Але ў Беларусі ўсё ж застаецца багата тых, хто ў надзеі трапіць у Германію штурмаваў межы Польшчы.
І гэта ператварылася ў праблему беларускага боку. Мы памятаем, як ад пачатку Лукашэнка казаў «калектыўнаму Захаду», што, «раз вы такія кепскія і ўводзіце санкцыі, я не буду спыняць мігрантаў». І не тое што не спыняў, але і арганізаваў «міграцыйны калідор». А наступствы гэтага мы бачым цяпер, калі «губернатар» Гарадзеншчыны Каранік просіць у Еўропы грошай на ўтрыманне тых самых мігрантаў. А дэпутат Савіных (між іншым, гадаванец таго самага міністэрства замежных спраў і, на хвіліначку, старшыня парламенцкай камісіі па міжнародных справах) кажа: міграцыйны крызіс у Беларусі надоўга, і рэспубліцы трэба рыхтавацца да сур'ёзных складанасцяў. Заўважце: не Еўропе трэба рыхтавацца да складанасцяў, а Беларусі.
«Шапказакідальніцтва» кшталту «мы пакажам Еўропе, якая роля Беларусі ў стрымліванні мігрантаў!» уладаў Сінявокай скаціліся да банальнага «бедныя мы, гаротныя, пашкадуйце нас і дайце грошай на ўтрыманне мігрантаў!». Праўда, неяк саромеюцца ўзгадваць, якім чынам тут аказалася, па розных даных, ад 7 да 15 тысяч мігрантаў: хто выдаваў ім візы, хто іх перавозіў і ўладкоўваў у беларускіх гатэлях на першы час, хто звозіў іх да мяжы… І чаму беларускія сілавікі, натасканыя на спыненне «несанкцыянаваных сходаў», поўнасцю ігнаравалі зборы мігрантаў як на мяжы, так і ў сталіцы Беларусі.
Еўропа прыняла рашэнне выдаткаваць на дапамогу мігрантам 3,5 млн еўра. Але Караніку з Савіных давядзецца проста правесці іх вачыма: грошы, хутчэй за ўсё, пойдуць на фінансаванне «эвакуацыйных рэйсаў» з Мінска і будуць выдаткаваныя блізкаўсходнім авіякампаніям.
Так што ў спробах «напужаць Еўропу» і ў чарговы раз паказаць сталёвыя прычындалы беларускі рэжым атрымаў толькі моцны галаўны боль. І плот з калючага дроту на мяжы.
Шмат вэрхалу нарабіла інтэрв’ю Лукашэнкі ВВС. Шмат казалася пра паводзіны Лукашэнкі і яго супярэчлівыя выказванні. Але, на маю думку, знакавыя ў гэтым «допыце», як яго ахрысцілі радыкальныя тэлеграм-каналы (а які тэлеграм-канал у нас цяпер не радыкальны?) два моманты.
Першы, безумоўна, тое, як беларускі «правадыр» выбудоўваў стратэгію абароны. 80% намалявалі? Гэта не я, гэта Цэнтрвыбаркам. Збівалі і катавалі людзей на Акрэсціна? Гэта не я, гэта сілавікі. Крызіс з мігрантамі? Гэта не я, я дапускаю, што мігрантам, зноў жа, дапамагаюць сілавікі. Палітвязні? Не, гэта суды выносілі прысуды, я тут ні пры чым.
Гэта відавочная стратэгія яго паводзінаў у далейшым. У прынцыпе, мы звыклі, што ў яго заўсёды «баяры дрэнныя», а сам ён, нібыта, белы і пухнаты. Дык вось, гэта ўяўны сігнал суддзям, пракурорам, сілавікам, міністрам, «вертыкальшчыкам» і гіпатэтычнаму «апошняму АМАПаўцу»: у час «Ч» Лукашэнка іх «салье» без развагаў. Як раней казалі: у прэзідэнцкі самалёт усе не змесцяцца. І, верагодна, гэта апошняе папярэджанне ўсім, хто дзейнічае згодна з наратывам «іншым разам не да законаў». Прычым, гэта «званочак» непасрэдна з боку іх кіраўніка, галоўнакамандуючага.
Другі момант у тым, пра што пытаўся Стыў Розенберг. Не дзіўна, што Лукашэнка не здолеў стрымаць эмоцыі, бо інтэрв’ю было пабудаванае ў рэчышчы лозунга 2020-га: «Не забудзем, не даруем». Пытанні Розенберга наконт выбараў, катаванняў, палітвязняў і гэтак далей уяўна прадэманстравалі Лукашэнку: «перагарнуць старонку» не ўдаецца.
Канешне і безумоўна, такія інтэрв’ю рыхтуюцца прэс-службай Лукашэнкі загадзя, можа быць, на ім узгадняюцца пытанні, але, калі суразмоўцу ў адказах «нясе», дык чаму б гэтым не скарыстацца? І Розенберг гэтым скарыстаўся, перавёўшы запланаванае інтэрв’ю з мажліва, міжнароднага кантэксту (мігранты і іншае) на ўнутрыбеларускія справы, дзе Лукашэнку пахваліцца няма чым.
У гэтым шэрагу варта ўзгадаць бліскучы (без сумневаў) выступ Святланы Ціханоўскай у Еўрапарламенце. Думаю, ні для каго не з’яўляецца таямніцай, што міграцыйны крызіс быў пакліканы не толькі спужаць Еўропу. Відавочна ці не, але ён змяняў інфармацыйную павестку і інфармацыйнае поле. Замест таго, каб абмяркоўваць унутрыбеларускія справы і паводзіны дыктатуры ў Сінявокай, увага была перацягнутая ў бок мігрантаў. Нават нашыя недзяржаўныя СМІ рабілі халівар з таго, у што апранутыя «ўцекачы», за якія (шалёныя) грошы і якім чынам яны дабіраюцца ў «Брузгі», ці варта шкадаваць гэтых людзей, ці маюць яны патрэбу ў дапамозе і іншае да таго падобнае. Фокус увагі з палітвязняў, з палітычна матываваных працэсаў, з унутранай палітыкі (тая ж стратэгія прадэмакратычных сілаў на мажлівым канстытуцыйным рэферэндуме не выклікала столькі ўвагі, колькі павінна была) змясціўся ў бок штучна створанай (падкрэслю гэта) міграцыйнай праблемы.
Не здзіўлюся, калі адной з мэтаў міграцыйнага крызісу было і гэта таксама — пераключэнне ўвагі з унутраных праблем на праблему замежнікаў, што атабарыліся ў Беларусі.
Дык вось, і інтэрв’ю Розенберга, і выступ Святланы Ціханоўскай у пэўным сэнсе вярнулі ўвагу як унутранага, так і знешняга спажыўца інфармацыі да беларускіх праблемаў. Да палітвязняў, да санкцый, да дзеянняў рэжыму. «Перавесці стрэлкі» з беларускага крызісу на мігранцкі не атрымалася. І не ў малой ступені дзякуючы Ціханоўскай «беларуская павестка» захавалася калі не ў цэнтры, то і не на перыферыі ўвагі як заходніх СМІ, так і заходніх палітыкаў.
Карацей, пахваліцца ўладзе няма чым: на тыдні яна прайграла па ўсіх франтах. Як трапна напісаў тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»: «Ты па-ранейшаму нікім не прызнаны, санкцыянаваны (у няправільным значэнні: “які знаходзіцца пад дзеяннямі персанальных і сектаральных заходніх санкцый”) з розных бакоў, але цяпер у цябе ёсць яшчэ і мігранты».
І выйсця для беларускіх уладаў са створанага імі самімі крызісу пакуль не праглядаецца. А вось пяты пакет санкцый, відавочна сінхранізаваны з санкцыямі ЗША (таму што ў гэтым пакеце, па чутках, ёсць «Гродна-Азот» і «Беларуснафта», якія да мігранцкага крызісу ну ніякім чынам) — на падыходзе.