А дзе АМАП? Мігранты зладзілі мітынг у ТЛЦ у «Брузгах»
Каля транспартна-лагістычнага цэнтра ў «Брузгах» праходзіць стыхійны мітынг мігрантаў.
Як паведамляе REFORM.by са спасылкай на БелТА, мігранты просяць прапусціць іх у Германію праз Польшчу і кажуць, што не хочуць вяртацца ў Курдыстан. У руках мітынгоўцаў бачныя плакаты на англійскай «Нам патрэбнае лепшая жыццё», «У Курдыстане у нас няма свабоды», «Мы не можам вярнуцца ў Ірак», «Нашы лідары — мафія».
22 лістапада памочнік Лукашэнкі — інспектар Гродзенскай вобласці Юрый Караеў заявіў, што мігранты не будуць здавольвацца жыццём у ТЛЦ і будуць нагадваць пра сябе сусветным СМІ.
А ці падавалі мігранты заяўку на мітынг за 15 дзён да яго правядзення, як таго патрабуе беларускае заканадаўства? Ці былі яны папярэджаныя міліцыяй пра адказнасць за парушэнне заканадаўства РБ аб масавых мерапрыемствах? Ці заключылі яны дамовы з камунальнікамі і медыкамі на абслугоўванне мітынгу і прыборку тэрыторыі пасля яго, як таго патрабуюць ад беларусаў? Ці заключаная дамова з міліцыяй на «ахову грамадскага парадку»?
Калі гэты мітынг сапраўды «стыхійны», дык дзе ж АМАП?