Адкуль ідзе пагроза беларускай стабільнасці?
Вынікі развіцця краіны ў пэўную эпоху вымяраюцца тым, наколькі ёй атрымалася забяспечыць стабільнасць у спалучэнні з дынамічным развіццём.
— А што наогул у свеце робіцца?
— Стабільнасці няма. Тэрарысты зноў захапілі самалёт.
Гэта цытата з фільма «Масква слязам не верыць» 1979 года, але, калі меркаваць па падзеях у Францыі, за мінулыя дзесяцігоддзі стабільнасці ў свеце не пабольшала. Аднак няма правіл без выключэння. «Сёння наша краіна — адзін з нямногіх найбольш стабільных куткоў у свеце». Так лічыць адзіны палітык (АП).
У беларускай стабільнасці два складнікі. Па-першае, народ, які 11 кастрычніка «ў чарговы раз прадэманстраваў усяму свету найвышэйшую палітычную культуру, адзінства перад тварам знешніх выклікаў і незалежнасць меркаванняў». Па-другое, «власть имущие» (тэрмін АП) на чале са «звычайным чалавекам» не дапусцілі за 20 гадоў «сістэмных памылак». Тым, хто ў гэтым сумняваецца, я рэкамендую звярнуцца да тэксту выступу АП на цырымоніі прынясення прысягі 6 лістапада.
Аднак стабільнасць бывае розная. Эканоміка можа стабільна расці, а можа і стабільна падаць. Магчымы і больш складаны варыянт, калі стабільны рост колькасных паказчыкаў суправаджаецца стабільнай дэградацыяй паказчыкаў якасных.
Напрыклад, на працягу многіх гадоў тэмпы росту даходаў насельніцтва ў Беларусі апярэджвалі тэмпы росту прадукцыйнасці працы. Звычайнага працаўніка такое апярэджанне не хвалявала. Адна справа — дэманстраваць «усяму свету найвышэйшую палітычную культуру» і зусім іншае — разумець, якім чынам можа адгукнуцца эканамічны папулізм «власть имущих».
А ён адгукнулася. За студзень-верасень беларускі экспарт скараціўся на 26,7% да аналагічнага перыяду мінулага года. Здавалася б, такую дынаміку варта разглядаць у якасці адказу на пытанне: «Што мы зрабілі не так?», пастаўленае АП 6 лістапада. Я некалькі разоў перачытаў тэкст выступу. І што? Дзіця нарадзілася — акружылі клопатам. Пайшло ў школу — акружылі клопатам. Чалавек выйшаў на пенсію — а клопат ужо тут як тут. Аднак пра правалы ў эканоміцы — ні слова.
З пустымі рукамі
Стабільнасць, як падказвае нам падручнік азбукавых паліталагічных ісцін, бывае двух тыпаў: звязаная з эвалюцыйным развіццём або, наадварот, з павольным загніваннем. Застылых (заспіртаваных) грамадстваў у прыродзе не існуе. Заспіртаваць можна жабу, але грамадства, што схільнае спажываць чыстага алкаголю больш за 8 літраў на чалавека ў год, пачынае фізічна выраджацца.
Беларусь, згодна з апошняй справаздачай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), з 14,4 літра на чалавека ўпэўнена лідзіруе ў Еўропе. У агульным рэйтынгу выпадкаў суіцыдаў Беларусь займае 19-е месца з паказчыкам 18,3 самазабойства на 100 тысяч насельніцтва, а па колькасці суіцыдаў сярод мужчын — 11-е месца (32,7).
Ёсць два асноўных тыпы рэакцый індывідаў на крызіс: пратэст і сыход. Пратэст — гэта актыўнае процідзеянне крызісным з’явам, спроба з імі змагацца. Сыход — гэта пасіўная пакора, згода на зніжэнне жыццёвага ўзроўню (негатыўная адаптацыя), унутраная эміграцыя. І як крайнасць сыходу — самагубства. У Беларусі ў год яго выбіраюць каля 2 тысяч чалавек.
Палітычная стабільнасць — прыватны выпадак агульнай стабільнасці. На працягу амаль двух дзесяцігоддзяў яна падтрымлівалася ў Беларусі, галоўным чынам, за кошт росту рэальных даходаў насельніцтва. Зразумела, свой уклад у палітычную стабільнасць уносілі людзі ў пагонах і работнікі ідэалагічнай «вертыкалі».
Але як унутраная, так і знешняя сітуацыя імкліва мяняецца. Адказам на гэтыя змены павінна стаць павышэнне эфектыўнасці ў працы сілавых ведамстваў. У прыватнасці, 10 лістапада на нарадзе па пытаннях развіцця дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі АП даў наступнае каштоўнае ўказанне: «Праверкі ажыццяўляць трэба выключна тады, калі на руках аб’ектыўны аператыўны матэрыял. На гэта я буду звяртаць асаблівую ўвагу. І крый Божа, калі вы зоймецеся нейкім прадпрыемствам і пойдзеце адтуль з пустымі рукамі (выдзелена. — С.Н.)». Але беларускім сілавікам гэта не пагражае. Ім ёсць з каго браць прыклад. У Расіі колькасць зарэгістраваных эканамічных злачынстваў у 2014 годзе знізілася на 24%, а колькасць асуджаных па эканамічных артыкулах павялічылася на 5%!
Інстытуты важнейшыя за асобу
Галоўны запавет праграмістаў: пакуль працуе — нічога не чапай. Гэтым прынцыпам кіраваўся і АП 6 лістапада. У сваім кароткім дакладзе ён 28 разоў прамовіў слова «рэформы», але не для таго, каб пераканаць «власть имущих», што сабраліся ў Палацы Незалежнасці, заняцца рэфармаваннем беларускай мадэлі.
Наадварот, АП перакананы, што рэформы зруйнуюць «дзяржаўны лад Беларусі».
Добра жыць беларусам і дзяржаве сёння перашкаджае не адсутнасць рэформаў, а элементарная лянота. Але гэта лёгка выправіць. АП гатовы «сур’ёзна падштурхоўваць» тых, хто лічыць, што «вінаватая толькі ўлада». Рэформы варта пачынаць з сябе, г. зн. спыніць ленавацца. «Калі мы з сябе пачнём, мы спынім усялякія размовы пра рэформы. Мы проста будзем жыць выдатна», — выклаў свой рэцэпт пабудовы светлай будучыні АП.
Гэта не тактыка. Гэта стратэгія. Стратэгія, разлічаная, як мінімум, на бліжэйшую пяцігодку. І з ёй варта пагадзіцца. Яшчэ ў 1993 годзе амерыканскі эканаміст Джэфры Сакс папярэджваў, што найбольш цяжкая частка трансфармацыі звязаная зусім не з эканомікай, а з палітыкай. Эканамічныя рэформы непазбежна вядуць да з’яўлення груп тых, хто прайграў, і яны паспрабуюць выкарыстаць палітычныя магчымасці для зрыву рэформаў.
Тут варта патлумачыць, што ў Беларусі стабільнасць падтрымліваецца дзякуючы закрытасці, дзякуючы палітычнаму рэжыму, што імітуе дэмакратыю. Краіны ж Заходняй Еўропы і ЗША стабільныя ў сілу сваёй адкрытасці. У імітацыі дэмакратыі яны не маюць патрэбы.
Адкрытыя палітычныя сістэмы менш прыстасаваныя для падаўлення канфліктаў, але ўмеюць іх лепш прадухіляць і вырашаць. Роля інстытутаў тут важнейшая за ролю асобы. У такіх сістэмах ні ў каго няма гатовых рэцэптаў для рашэння ўсіх праблем, але затое маюцца інструменты для іх вырашэння.
Закрытыя палітычныя сістэмы, наадварот, не маюць механізмаў зменаў і эвалюцыі ў пазітыўны бок. Таму любая наспелая і пераспелая рэформа можа згуляць ролю першага каменьчыка ў гарах. АП гэта выдатна разумее. У якасці прыкладу спашлюся на праблему павышэння пенсійнага ўзросту. Цытую: «Мы наогул да гэтага пытання не падыходзілі. Я вам шчыра сказаў, што нам пенсійны ўзрост даўно трэба было павялічыць. <...> Мы абцяжарваем сваіх дзяцей. <...> Калі вы хочаце, каб у краіне было столькі пенсіянераў на столькі працуючых — калі ласка, але пенсія будзе меншай. Таму мы пенсійнае пытанне не чапаем. Маё меркаванне вы ведаеце. Але вы гэтага не хочаце».
Вось так лічыць «звычайны чалавек», які не дапусціў за 20 гадоў знаходжання на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе «сістэмных памылак». Усё правільна. Не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць.
Стабільнасць як нязменнасць
Мір і парадак на нашай зямлі — вышэйшая каштоўнасць. Калі непарадак, калі канфлікт, то не патрэбныя ні хлеб, ні зарплаты, ні рэформы. Так мяркуе АП, і спрачацца тут, на першы погляд, не выпадае. Што да іншага погляду, то без дапамогі класіка сучаснай канфлікталогіі, нямецкага палітолага Ральфа Дарэндорфа тут не абысціся.
Там, дзе грамадства, там і панаванне, сцвярджаў Дарэндорф. Панаванне спараджае няроўнасць, а няроўнасць, у сваю чаргу, спараджае канфлікты, якія служаць крыніцай... прагрэсу, у тым ліку пашырэння жыццёвых шанцаў людзей.
Вырашэнне канфліктаў немагчымае. Магчыма толькі іх рэгуляванне. Але для гэтага неабходна, каб канфлікты былі прызнаныя непазбежнымі ўсімі ўдзельнікамі. Гэта першы і абавязковы крок. Далей ідуць крокі па выпрацоўцы «правілаў гульні», па стварэнні органаў дзеля вырашэння канфлікту і арбітражу. Важна падкрэсліць, канфлікты не знікаюць шляхам іх рэгулявання, але яны губляюць сваю вастрыню.
Звернемся да канфлікту працы і капіталу, які апісаў Карл Маркс. Зразумела прынцыповая непераадольнасць гэтага канфлікту шляхам перамоваў. Маркс бачыў яго канчатковае рашэнне праз рэвалюцыі, поспех якой наўпрост павінен быў залежаць ад ступені арганізацыі працоўнага класа. Адна з формаў такой арганізацыі — прафсаюзы. Але чым мацней станавіліся прафсаюзы на Захадзе, тым ніжэй былі шанцы пасіянарыяў здзейсніць рэвалюцыю.
Гісторыя, такім чынам, адмовілася развівацца паводле Маркса, але яе ўрок у Беларусі так і не быў вывучаны. Для тых, хто дзеліць свет на сваіх і ворагаў, усвядоміць сацыяльную ролю канфлікту ў якасці стабілізатара эканамічных і сацыяльных працэсаў немагчыма. І масавым выданнем кніг па канфлікталогіі сітуацыю не выправіць. Вось і даводзіцца ўсё большую колькасць рэсурсаў, што і так знікаюць на вачах, накіроўваць на падаўленне працэсаў самаарганізацыі грамадства (незалежных прафсаюзаў і СМІ, бізнесу і НГА).
Ідэальная стабільнасць ва ўяўленні АП — гэта нязменнасць. Улады — у першую чаргу. Але стабільнасць пры адсутнасці механізмаў узгаднення інтарэсаў можа быць не менш небяспечнай, чым нестабільнасць.
«Застойны рэжым, — падкрэслівае палітолаг Аляксей Малашанка, — пачынае жыць у аднойчы і назаўжды ім жа самім устаноўленымі часе і прасторы, нічога не змяняючы, атаясамліваючы ўласны дабрабыт з дабрабытам нацыі — такім, якім ён выглядае ў яго вачах. Рэжым губляе магчымасць самаразвіцця, вычэрпвае сябе. Гэта можа працягвацца доўга, але рана ці позна яму прыходзіць канец».
Сказана пра Расію, але без купюр можа быць перанесена і на Беларусь. Калі я памыляюся, хай мяне выправяць. Буду ўдзячны за дапамогу ў разуменні беларускай стабільнасці.
Чытайце таксама: "Як прадаць сінявокую стабільнасць?"