Алесь Лагвінец: Крэмль вырашыў пайсці ў наступ перад выбарамі
Грамадскі актывіст Алесь Лагвінец распавёў пра сёняшнія апетыты Расіі.
Нагадаем, расійскі прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў, выступаючы ў Брэсце на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, заявіў, што “Расія гатовая і далей прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, суда, падліковай палаты. У тым парадку, які прадугледжаны дамовай аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года».
Алесь Лагвінец адзначыў у каментары “Радыё Рацыя”:
— Расія даўно хацела, каб Лукашэнка выканаў тое, што ён наабяцаў раней. Зараз для гэтага якраз зручны момант, таму і гучаць такія заявы. Але ж ніхто не прымушаў беларускага кіраўніка ў 1999 годзе падпісваць дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.
Атрымліваецца, што беларуская ўлада сама сябе загнала ў пастку і зараз спрабуе нейкім чынам выкараскацца з яе. Але з кожным разам гэта становіцца рабіць усё больш складана. Дзеля таго, каб супрацьстаяць ціску з боку Масквы, трэба, каб эканоміка грунтавалася зусім на іншых прынцыпах. І каб у краіне быў, апроч усяго іншага, агульнанацыянальны кансенсунс.
З гэтага гледзішча беларуская ўлада амаль нічога не зрабіла, каб Беларусь сапраўды была незалежнай.
— Расія бачыць Беларусь у сваім складзе?
— Прынамсі так бачыць карціну сённяшняе расійскае кіраўніцтва. Сітуацыя, дарэчы, вельмі і вельмі небяспечная і, можна сказаць, нават крытычная для Беларусі.
— Што вы маеце на ўвазе, калі кажаце пра “зручны момант”, які выбрала Расія для такіх заяў?
— Усё гэта назапашвалася, і тыя праблемы, якія ёсць паміж Менскам і Масквой, яны ўжо даўно існуюць. Былі канфлікты на вышэйшым узроўні і ў 2006 годзе, і ў 2010 годзе. Нафтагазавыя крызісы, гандлёвыя войны… Урэшце сітуацыя дайшла, напэўна, да крытычнай кропкі. Тыя фінансавыя сродкі, што беларуская ўлада можа згубіць, вельмі істотныя, і яны маглі б дазволіць Лукашэнку прасцей прайсці праз выбарчы цыкл, каб паказаць народу чарговыя дасягненні. Менавіта перад прэзідэнцкімі выбарамі Крэмль і вырашыў пайсці ў наступ.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя