Алесь Міхалевіч: Гэта палітычныя амбіцыі аднаго чалавека

З розных рэгіёнаў Расіі даходзяць сведчанні, што працягваецца перамяшчэнне ваеннай тэхнікі ў кірунку заходніх межаў РФ. Ці расійскія дзеянні ў Крыме паўплываюць на палітычны ды эканамічны імідж краіны?



michalevicz.jpg

“На вялікі жаль, у Расіі мы бачым беларускую сітуацыю, калі дзеянні аднаго чалавека немагчыма кантраляваць”, — заўважае беларускі палітык Алесь Міхалевіч.

— Немагчыма нічога аналізаваць з пункту гледжання эканамічных катэгорый і паліталогіі. Трэба аналізаваць з пункту гледжання псіхалогіі. Таму што рашэнне прымае адзін чалавек, упэўнены, што яно невыгоднае для абсалютнай большасці расійскага бізнесу, таму што абвал фондавага рынку ў Расіі адбыўся літаральна адразу. Гэта значыць, што расійская ўлада абсалютна не думае пра расійскі бізнэс, пра інтарэсы тых суб’ектаў, якія ў любой заходняй краіне былі б першасныя. Францыя, напрыклад, адстойвае і бароніць інтарэсы сваіх карпарацый. У Расіі ж гэта нікога не хвалюе, і лідар робіць тое, што яму ў дадзены момант захацелася ў выніку ягоных псіхалагічных перажыванняў.

— Вы лічыце, што гэта выключна палітычныя амбіцыі Уладзіміра Пуціна? Навошта яму гэта?

— Кожны палітык, які кіруе дастаткова доўга, хоча пакінуць пасля сябе нешта, што з’яўлялася б ягоным асноўным дасягненнем. Гельмут Коль пасля сябе пакінуў аб’яднаную Германію, і гэта, безумоўна, назаўсёды застанецца ягоным дасягненнем. Думаю, Пуцін вельмі сур’ёзныя спадзяванні звязваў з новай саюзнай дзяржавай, якая без Украіны немагчымая. Мы можам гаварыць, што ў трохкутніку Беларусь – Казахстан – Расія нешта можна пабудаваць, але ўсе разумеюць, што гэта не будзе новы паўнавартасны саюз, бо ў расійскай гісторыі Кіеўская Русь адыгрывае найвялікшае сімвалічнае значэнне. І без Кіева такі саюз не будзе поўным і не будзе нечым сур’ёзным.

— Еўрамайдан пахіснуў планы Пуціна стварыць Еўразійскую імперыю.

— Гэта мусіла быць нейкае новае дзяржаўнае ўтварэнне. Без Украіны гэтыя спадзяванні не маюць ніякага сэнсу. Таму, на маю думку, адбыліся такія неадэкватныя рашэнні пра ўвядзенне расійскіх войскаў у Крым.

Ва Украіне ніколі не было такой кансалідацыі рэжыму, такой кансалідацыі ўлады, як гэта ёсць у Беларусі ці Расіі. Якраз у гэтым была асноўная праблема Януковіча — ён хацеў гэтую кансалідацыю зрабіць, пры гэтым ён хацеў забраць усе асноўныя фінансавыя рэсурсы ў алігархаў, якім, безумоўна, гэта не спадабалася. Таму ў пэўны момант алігархі выступілі супраць Януковіча, і гэта абсалютна заканамерна, што ён страціў уладу. Неадэкватныя дзеянні вельмі часта прыводзяць да таго, што чалавек страчвае ўладу яшчэ тады, калі фармальна, па Канстытуцыі, не закончыўся ягоны тэрмін кіраваць.

Тым часам Міністэрства замежных спраў Расіі заяўляе пра гатоўнасць «абароны суайчыннікаў і суграмадзян» на тэрыторыі Украіны. З адпаведнай заявай там выступілі пасля падзеяў у Данецку, дзе ў час сутыкненняў маецца вялікая колькасць параненых, адзін чалавек загінуў. Паводле расійскага МЗС, «на мірных дэманстрантаў, якія выступалі за Расію, напалі праварадыкальныя групоўкі». Паводле ўкраінскіх СМІ, падчас беспарадкаў у Данецку ўзброеныя нажамі, дубінкамі і газавымі балончыкамі сепаратысты і «гастралёры» з Расіі атакавалі прыхільнікаў адзінства Украіны.

michalevicz1.jpg

З Алесем Міхалевічам гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя