Баранавічы: арганізатар пікету супраць вайны Расіі з Украінай Уладзімір Гундар атрымаў позву у суд

Арганізатар адзіночнага пікету супраць вайны Расіі з Украінай Уладзімір Гундар 14 сакавіка атрымаў позву ў суд, які адбудзецца 21 сакавіка а 15 гадзіне.



gundar_piket_baran_1.jpg

Уладзімір Гундар падчас пікету ў цэнтры Баранавічаў

Позву ў гарадскі суд грамадскаму актывісту ўручыў супрацоўнік ГАУС капітан міліцыі Юрый Русакоў.

Уладзімір Гундар 4 сакавіка правёў адзіночны пікет салідарнасці з украінскім народам у цэнтры Баранавічаў. Актывіст з блакітна-жоўтым сцягам на плячах разгарнуў каляровы плакат “Пуцінскія банд-агрэсары, гэть з Украіны, прэч з Беларусі”.

Хвілін праз 10 пасля пачатку пікета да Уладзіміра падышлі супрацоўнікі міліцыі. Яны выклікалі міліцэйскую патрульную машыну і адвезлі Уладзіміра Гундара ў ГАУС, дзе і быў складзены на яго адміністрацыйны пратакол за здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага ч. 2 арт. 23.34 КаАП РБ – арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

spring96.org