Аляксандр Класкоўскі: Уся мараль лукашэнкаўскіх чыноўнікаў — сядзець у сваім крэсле да апошняга

Палітычны аглядальнік — пра гучныя адстаўкі ва Украіне і паралелі з Беларуссю.

1ak1.jpg

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адхіліў ад пасадаў генпракурора Ірыну Венедыктаву і кіраўніка СБУ Івана Баканава. Афіцыйнай прычынай названыя шматлікія факты калабарацыянізму з боку супрацоўнікаў абодвух ведамстваў (паведамляецца, што ў дачыненні да прадстаўнікоў пракуратуры і праваахоўных органаў ўзбуджаная 651 крымінальная справа).

Расійскія дзяржСМІ ўзрадаваліся навіне. Адны гавораць аб нібыта спробе дзяржперавароту, другія мяркуюць, што Зяленскі рыхтуе «пабег для паплечнікаў».

Беларускі рупар прапаганды прасоўвае сваю версію «сапраўдных прычын» — маўляў, адстаўкі звязаныя з тым, што ўкраінскія палітыкі не падзялілі дапамогу, якую краіны НАТО аказваюць Кіеву.

Пра значнасць такіх рашэнняў, якія прымаюцца падчас вайны, а таксама пра паралелі і прынцыповыя адрозненні гучных адставак, што адбываліся ў Беларусі, «Филин» пагутарыў з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім.

— Вайна прымушае Зяленскага прадпрымаць рашучыя дзеянні, не адкладаючы прынцыповыя крокі, бо гаворка ідзе пра жыццё і смерць дзяржавы, — гаворыць аналітык. — І калі сапраўды, як агучана ў афіцыйнай версіі, былі масавыя выпадкі здрадніцтва ў ведамствах, кіраўнікоў якіх ён адправіў у адстаўку, зразумела, што гэта пытанне выжывання.

Зяленскі ужо не думае ні пра піяр, ні пра тое, што пра яго скажа ўмоўны Салаўёў ці Сіманьян, ці беларускі прапагандыст, а вырашае жыццёва важныя для краіны пытанні, таму здымае з пасады нават сябра свайго дзяцінства.

Першы пункт — крытэрый асабістай адданасці

У Беларусі, адзначае эксперт, за перыяд незалежнасці таксама здараліся гучныя скандалы і «разносы», пасля якіх Аляксандр Лукашэнка звальняў чыноўнікаў, і некаторым гэта каштавала кар'еры. Істотная розніца — адбывалася гэта часта нават без падстаў, «высокай воляй».

Так, у 2018 быў адпраўлены ў адстаўку прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, які пасля ўжо нідзе не «засвяціўся» на дзяржслужбе. А праз два гады раптоўна «сышлі» яго зменшчыка Сяргея Румаса, прычым яшчэ да выбараў.

Вялікіх прэтэнзій да яго нібыта не было, але, па адной з версій, «прагрэсіст і гуманіст» Румас здаўся палітычна недабранадзейным (і нават на пэўны час з’ехаў з Беларусі).

Суразмоўца таксама згадвае паказальны прыклад даўняга сябра Лукашэнкі Уладізміра Канаплёва:

— Цяпер мала хто яго помніць, а ён быў спікерам Палаты прадстаўнікоў. У значнай ступені ён дапамог Лукашэнку стаць прэзідэнтам і, напэўна, разлічваў на далейшую кар’еру. Але паміж імі прабегла нейкая чорная котка, і пэўны час Канаплёў нават быў пад арыштам.

Прытым нічога не было патлумачана шырокай грамадскасці. Чуткі хадзілі розныя, аднак публічнай фармулёўкі гэтай апалы так і не прагучала (у верасні 2007-га ён падаў у адстаўку «па стане здароўя», ды ўсім было зразумела, што не па сваёй волі).

— Рашэнне прэзідэнта Украіны відавочна ўзважанае, — адзначае Аляксандр Класкоўскі. — Зусім іншая рэч, калі на чарговай нарадзе Лукашэнку захліснулі эмоцыі, ён сам сябе распаліў і прыйшоў да высновы, што трэба гнаць у шыю Кабякова і некаторых іншых.

Гэтая імпульсіўнасць — тое, што не пасуе дзяржаўнаму дзеячу, і ў Беларусі такіх адставак было шмат. Хтосьці страчваў кар’еру, а іншыя прыладкоўваліся на цёплыя месцы.

Так, у 2007 годзе быў са скандалам зняты з пасады старшыні КДБ адыёзны дзяяч Сцяпан Сухарэнка, і Лукашэнка вельмі жорстка яго крытыкаваў, можна сказаць, «размазваў па сценцы». А потым гэты чалавек аказаўся паслом у Арменіі і прапрацаваў там даволі доўгі час. Таму казаць пра нейкую прынцыповасць тут не выпадае.

Але галоўнае адрозненне, падкрэслівае аналітык, у прынцыпах падбору кадраў у Беларусі:

— На першым месцы — крытэрый асабістай адданасці правадыру. І таму на змену знятым, адстаўленым, перакінутым на іншыя месцы чыноўнікам прыходзяць з кожным разам усё болей адыёзныя асобы.

Відавочна, калі раней Лукашэнка яшчэ трохі глядзеў на прафесійныя якасці, то цяпер, як мы ведаем, у Акадэмію навук могуць прызначыць былога кіраўніка «Альфы» КДБ, і ў самыя розныя сферы на ключавыя пасады паставіць калі не людзей у пагонах, то салдафонаў па сутнасці, якія будуць усіх муштраваць.

Калі паслухаць, якую ахінею гэтыя людзі нясуць на так званых сустрэчах у калектыве, то валасы дыбком — нават у савецкія часы наменклатурныя дзеячы ў сваіх прамовах не даходзілі да такой «дубовасці» і прымітывізму.

То бок, нават у параўнанні з савецкімі часамі назіраецца дэградацыя і гаспадарчых, і ідэалагічных, і іншых кадраў.

Дэмакратыя vs дыктатура

Яшчэ адна гучная адстаўка нядаўняга часу — сыход Борыса Джонсана з паста прэм’ера Вялікабрытаніі — на беларускія рэаліі выглядае зусім ужо неверагоднай фантастыкай. Ці дойдзе краіна калі-небудзь да таго ўзроўню дэмакратыі, калі чыноўнік любога рангу публічна прызнае свае памылкі і пакіне пасаду, не чакаючы, пакуль адчэпяць ягоныя «сінія пальцы»?

— Пра гэта ў нас не выпадае гаварыць, — мяркуе эксперт. — Пытанне нават не ў тым, што не стае пэўных этычных якасцяў — хаця і з гэтым, напэўна, вялікія праблемы, хоць плюй у вочы, чалавек будзе сядзець у сваім крэсле.

Рэч у тым, што гэтым людзям няма куды падзецца, яны нічога толкам не ўмеюць і не могуць ні пайсці выкладаць, ні ў бізнес, — бо гэта функцыянеры, якія толькі і могуць быць «маленькімі лукашэнкамі» на сваіх месцах.

Адрознасць менавіта ў сістэме. У нас тут — вінцікі, выканаўцы, і ўся мараль зводзіцца да таго, каб сядзець да апошняга, выслужвацца і шчоўкаць каблукамі, інакш нехта іншы будзе сядзець над табой і пляваць на цябе.

Зрэшты, у гэтым сэнсе, гаворыць Аляксандр Класкоўкі, праяўляецца і пэўная слабасць еўрапейскіх палітыкаў. Пакуль там працуе ратацыя кадраў, аўтарытарыі займаюцца тым, што добра ўмеюць — «пераседжваюць» іх і выйграюць.

— Лукашэнка перажыў шмат чыноўнікаў Еўразвязу, ніхто ўжо не памятае прозвішчы колішніх старшыняў, а Лукашэнка, як і Пуцін, застаюцца.

І цяпер, калі ідзе вайна, як у Крамлі, так і ў вярхушцы беларускага рэжыму, на мой погляд, спадзяюцца, што заходнія палітыкі самі не вытрымаюць санкцый. Бо расце інфляцыя, насельніцтва не задаволенае і баіцца замерзнуць зімой без расійскага газу — а таму пачне ціснуць на сваіх палітыкаў, і тыя будуць адкручваць назад. Як гэта ўжо адбылося ў пытанні калінінградскага транзіту, напрыклад.

У супрацьстаянні з жорсткімі аўтакратыямі сённяшняя дэмакратыя не заўжды хутка прымае рашэнні, а палітыкі, залежныя ад электарату, часам аказваюцца няздольнымі на рашучыя крокі.

— Гэта такі выклік, але ж гэта не азначае, што дыктатура лепшая за дэмакратыю. Як сказаў некалі Чэрчыль, дэмакратыя — кепская форма кіравання, аднак лепшай чалавецтва яшчэ не прыдумала.

Таму, мяркую, заходні дэмакратычны свет будзе развівацца і здолее  супрацьстаяць дыктатурам, што дзейнічаюць нахрапам і спадзяюцца яго праціснуць, — падводзіць высновы Аляксандр Класкоўкі.