Андрэа Віктарын: мы ніколі не забываемся пра правы чалавека
Еўрасаюз не выключае пытанне правоў чалавека з
парадку дня ва ўзаеманадносінах з Беларуссю. Пра гэта заявіла Старшыня Прадстаўніцтва
Еўрапейскага саюзу ў Беларусі спн. Андрэа Віктарын у часе канферэнцыі арганізацый
грамадзянскай супольнасці «Развіццё
нацыянальнай платформы: новыя стратэгіі».
Адным з кантэкстаў
сёлетняй канферэнцыі сталі палітычныя падзеі пачатку красавіка: на пасяджэнні
Каардынацыйнай групы ЕС-Беларусь упершыню за доўгія гады прадстаўнікі грамадзянскай
супольнасці ўдзельнічалі ў трохбаковых кансультацыях “ЕС-беларускі
ўрад-грамадзянская супольнасць”.
У сувязі з новымі абставінамі нацыянальны каардынатар ФГС УП Улад Вялічка адзначае, што Нацплатформа дала магчымасць грамадзянскай супольнасці наўпрост гаварыць з ЕС. А спробы далучыць грамадзянскую супольнасць да дыялогу даюць спадзевы набыць новы статус.
Па словах эксперта, у бюракратычных структурах ЕС ёсць разуменне, што ніякіх глабальных рэформаў не чакаецца. Але ёсць намер прагматычнага аднаўлення стасункаў, наколькі далёкія гэтыя гарызонты — пакажа час.
У рабоце канферэнцыі бярэ ўдзел і старшыня Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюзу ў Беларусі Андрэа Віктарын. Яна адзначыла, што Еўрасаюз застаецца прыхільнікам палітыкі крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю. Еўракамісары, паводле слоў дыпламата, прызнаюць, што за апошнія два гады былі зробленыя некаторыя крокі для паляпшэння адносінаў. У прыватнасці гэта пачатак перамоў па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму, мабільнасці. Летась аднавіўся дыялог паміж Беларуссю і ЕС па правах чалавека. У сакавіку ў Мінск прыязджаў Стаўрас Ламбрынідзіс — спецпрадстаўнік ЕС па правах чалавека. Спадарыня Віктарын адзначыла таксама канструктыўную ролю Беларусі ў сваім рэгіёне і спрыянне ў рэалізацыі Мінскіх пагадненняў, што скіраваныя на вырашэнне вайсковага канфлікту ва Украіне.
Падчас канферэнцыі ўзнікла невялікая дускусія паміж дырэктара Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Вольгай Смалянкай і Старшынёй Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюзу ў Беларусі Андрэа Віктарын. У прыватнасці Смалянка адзначыла, што праваабаронцы, якія ў Беларусі ёсць самадастатковай арганізаванай супольнасцю маюць магчымасць выступаць толькі шэрымі кардыналамі ў дачыненнях Беларусь — ЕС, але не маюць наўпроставых каналаў для фарміравання парадку дня дыялогу па правах чалавека.
На што Віктарын адказала, што ўвядзенне санкцый супраць Беларусі было рэакцыяй на з’яленне палітвязняў у 2010 годзе і паўстала праблема іх вызвалення.
“Нават у краінах, дзе вельмі кепска з правамі чалавека, санкцыі не ўводзяцца. Я цалкам згодная, што нам трэба падтрымліваць шчыльныя кантакты з праваабарончым сектарам. І так, я часта чую аргумент, што ЕС цяпер займаецца толькі эканамічным бокам супрацоўніцтва і забываецца на правы чалавека. Але гэта няпраўда. Няпраўда і кропка!” — падкрэсліла дыпламат ад ЕС у Беларусі.
Андрэа Віктарын таксама нагадала, што для ЕС ёсць актуальнымі пытанні рэабілітацыі палітвязняў, аднаўленне іх грамадзянскіх і палітычных правоў, знішчэнне перашкод для рэгістрацыі палітычных партый і грамадскіх арганізацый незалежна ад іх поглядаў. У спісе актуальных тэм і наяўнасць смяротнай кары ў Беларусі.
Яна нагадала пра мерапрыемствы, якія праводзіў ЕС у рамках праграм, скіраваных на адмену смяротнага пакарання. Гэтае ж пытанне будзе ўздымацца падчас наступнага раўнду перамоў па правах чалавека, што адбудзецца, меркавана, у чэрвені ў Мінску. Перад гэтым плануюцца кансультацыі з праваабаронцамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.
Падтрымка грамадзянскай супольнасці была і застаецца ключавым элементам у адносінах ЕС і Беларусі, адзначыла Віктарын.
У канферэнцыі ўдзельнічаюць прадстаўнікі каля 70 грамадскіх арганізацый. Палітычная мэта канферэнцыі “Развіццё Нацыянальнай платформы: новыя стратэгіі” Беларускай Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці “Усходняга партнёрства” (ФГС УП) — прыняцце "Дарожнай карты супрацоўніцтва Прадстаўніцтва ЕС у Мінску і беларускіх НДА".
“Дарожная карта скіраваная на ўцягванне суб’ектаў грамадзянскай супольнасці ў палітыку развіцця. У Беларусі такі дакумент быў прыняты ў 2014 годзе і, паколькі нармальнага дыялогу паміж суб’ектамі не было, практычных рэалізацый яго не было. Цяпер сітуацыя змянілася, мы маем спадзеў на паляпшэнне. Хочам зрабіць Дарожную мапу публічнай і дзейснай. Гэты дакумент скіраваны на падвышэнне ролі грамадзянскай супольнасці ў публічнай палітыцы, уцягванне актораў у працэс”, — патлумачыў Андрэй Ягораў.
На сённяшні дзень, не гледзячы на скептычныя ацэнкі адносна перспектывы ўдзелу Беларусі ў праграме “Усходняе партнёрства”, наша краіна, па словах нацыянальнага каардынатара ФГС УП Улада Вялічкі, з-за збегу абставін заняла някепскія пазіцыі.
У лідарах цяпер Грузія, дзе наладжанае цеснае супрацоўніцтва паміж Нацплатформай ФГС УП і парламентам. Ёсць іаўтсайдэры ў асобе Азербайджана ды Арменіі. Малдова і Украіна з-за праблемай карупцыі страцілі сваю рэпутацыю краін авангарду. Таму Беларусь на гэтым фоне знаходзіцца не на самым дрэнным рахунку.
“Мы ператварыліся у “сярэднячка” праграмы “Усходняе партнёрства”. Магчыма, гэта нядрэнная стартавая пляцоўка для новага этапу і дасягненні пэўнага прагрэсу”, — адзначае нацыянальны каардынатар ФГС УП Улад Вялічка.