Рэбека Хармс: «Украінскі прыклад прымусіў Мінск задумацца пра незалежнасць»
Першапачаткова спадарыню Хармс не хацелі пускаць у Беларусь,
паколькі, як высветлілася на пашпартным кантролі, палітык знаходзіцца ў расійскім
«чорным спісе». Спатрэбіўся званок у пасольства ФРГ, дзе нехта выйшаў на МЗС.
Праз нейкі час там дазволілі ўезд , што, напэўна, таксама ёсць
сімвалічнай праявай жадання нашых уладаў нешта мяняць на заходнім напрамку.
— Спадарыня Хармс, з набліжэннем 23 чэрвеня (дата, калі ў Вялікабрытаніі пройдзе рэферэндум наконт выхаду краіны з ЕС) заўважна, як на Захадзе нарастае нярвовасць і напружанасць. Песімісты лічаць, што, прагаласаваўшы за выхад, брытанцы здольныя выклікаць сістэмны крызіс Еўрасаюза, аж да поўнага развалу аб’яднання. Наколькі сур’ёзныя такія прагнозы?
— Брытанскі рэферэндум — безумоўна, выклік для ЕС. Яшчэ ніколі ў гісторыі ні адна з вялікіх нацый, на якіх фактычна трымаецца ЕС, не заяўляла пра намер выхаду. Пры гэтым лёс ЕС вырашаецца праз вельмі сумнеўны спосаб — нацыянальны рэферэндум, — які я заўсёды крытыкую. Праўда, я не думаю, што ў выпадку перамогі еўраскептыкаў можна будзе казаць пра канчатковы калапс еўрапраекта. Хутчэй за ўсё, такі сцэнар справакуе багаты на рызыкі працэс, які на нейкі час дэстабілізуе еўрапейскі дом. Можа паўстаць пытанне выхаду Грэцыі, што будзе моцным ударам па прэстыжы Еўрасаюза. Можна чакаць выбуху нацыяналізму і расізму, якія па сутнасці накіраваныя супраць ідэі еўраінтэграцыі. Зараз паміж Лонданам і Брусэлем ідуць дэбаты: чым можна задаволіць брытанцаў? Магу сказаць, што гэта вельмі цяжкія і складаныя дэбаты.
— Наколькі праўдзівая інфармацыя пра тое, што шатландскі ўрад рыхтуе новы рэферэндум пра незалежнасць? Пра яго, быццам, збіраюцца абвясцяць у выпадку, калі большасць шатландцаў на плебісцыце 23 чэрвеня выступіць за ЕС.
— Думаю, гэта толькі спекуляцыі ў нацыяналістычнай і жоўтай прэсе.
— Перамога праеўрапейскіх палітычных сілаў на парламенцкіх выбарах у Сербіі можа азначаць пачатак фазы імклівай інтэграцыі Балкан у ЕС?
— Мы хацелі б бачыць усе Балканскія краіны сябрамі Еўрасаюза. Аднак гэтаму павінен папярэднічаць этап, калі ЕС зноў набудзе ўпэўненасць і аўтарытэт. Я думаю, што сімвалам гэтага можа быць перазагрузка еўрапейскага праекта ў выглядзе падпісання новай хартыі або прыняцця новай рэдакцыі канстытуцыі Еўрасаюза. У гэтым дакуменце будуць лепш прапісаныя паўнамоцтвы нацыянальных і наднацыянальных органаў.
— Ці можна сказаць, што першыя кандыдаты на ўступленне ў ЕС — краіны Балканскага рэгіёну, а Малдове і Украіне варта пачакаць?
— Усё залежыць ад узроўню стабільнасці еўрапейскіх інстытутаў. Абапіраючыся выключна на кансенсус унутры ЕС і на моцныя эканамічныя рэсурсы, можна казаць пра патэнцыял пашырэння аб’яднання. Не буду хаваць, што ў Брусэлі некаторыя лічаць, што ў дачыненні да згаданых краін можна абмежавацца фарматам зоны свабоднага гандлю. Такі фармат, быццам, дазволіць падтрымліваць там дэмакратыю і гарантаваць бяспеку на межах з ЕС. На маю думку, лепшым гарантам агульнаеўрапейскай бяспекі ўсё ж ёсць палітычная інтэграцыя.
— Ваша партыя — нямецкія "Зялёныя" — моцна крытыкуе дамову Еўрасаюза з Турцыяй. Маўляў, у абмен на прыём сірыйскіх мігрантаў Еўропа гатовая прабачыць Эрдагану яго аўтарытарныя выхадкі...
— Я згодная, што ў рамках дамовы наконт эмігрантаў мы павінны дамагацца дэмакратычных рэформаў у Турцыі. Аднак мы павінны таксама ўлічваць, што сярод краін ЕС няма згоды на размяшчэнне імігрантаў. Я ўпэўненая, што прынцып квот на размяшчэнне імігрантаў паміж краінамі Еўрасаюза мог часткова зняць праблему і ўзмацніць нашы пазіцыі ў дыялогу з Анкарой. Вельмі сорамна, што некаторыя дзяржавы ЕС не згодныя ісці на супрацоўніцтва ў галіне міграцыйных квот. Гэта сапраўдны сорам.
— Прыкладна ў пачатку лета, калі ўсё толькі і будуць казаць пра рэферэндум у Вялікабрытаніі, павінна быць прынятае рашэнне пра лёс санкцый супраць Расіі. Ваш прагноз?
— Пакуль сітуацыя падвешаная. Асабіста я супраць адмены санкцый без выканання мінскіх дамоў. Прынамсі, умовай для перагляду санкцый можа быць кантроль Кіева над дасюль не кантралюемай часткай расійска-ўкраінскай мяжы.
— А якая ваша ацэнка перспектыў новага ўкраінскага ўраду?
— У 2014 годзе ніхто не меў асаблівых ілюзій, што ўсё будзе занадта гладка. Аднак пасля такіх моцных пратэстаў на Майдане і вялікай цаны, якая была заплачаная за перамогу над рэжымам Януковіча, падавалася, што эліты павінны задумацца. Няздольнасць старой каманды перамагчы карупцыю патрабуе новай генерацыі палітыкаў. Я спадзяюся не на ўрад, а на новыя выбары, якія прывядуць ва ўладу свежыя палітсілы. Інакш краіна згубіць давер на Захадзе.
— Што вы думаеце пра апошнія прыкметы пацяплення паміж Мінскам і Захадам?
— Гэта для еўрапейскіх палітыкаў абсалютна новая і вялікая тэма. Для мяне відавочна толькі тое, што Лукашэнка хоча працягваць кантраляваць краіну перад пагрозай з Усходу. Украінскі прыклад прымусіў Мінск задумацца пра незалежнасць.
Варта дадаць, што першапачаткова спадарыню Хармс не хацелі пускаць у Беларусь, паколькі, як высветлілася на пашпартным кантролі, палітык знаходзіцца ў расійскім «чорным спісе». Спатрэбіўся званок у пасольства ФРГ, дзе нехта выйшаў на МЗС. Праз нейкі час там дазволілі ўезд Хармс у Беларусь, што, напэўна, таксама ёсць сімвалічнай праявай жадання нашых уладаў нешта мяняць на заходнім напрамку.