Антыкарупцыйныя дзіды ад Лукашэнкі

Улада распачынае новы этап барацьбы з карупцыяй. У 1994 годзе Лукашэнка перамог на прэзідэнцкіх выбарах менавіта на хвалі гэтай барацьбы. Але карупцыя, здаецца, мацнейшая за самага ўплывовага чыноўніка Беларусі.



zatrymannie.jpg

З вуснаў Самога

1 жніўня Лукашэнка запатрабаваў ад дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Леаніда Мальцава штомесяц дакладаць яму пра эфектыўнасць  барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі, паведамляе БелаПАН. А БелТА цытуе першую асобу: «Ад першага дня кожнага месяца і штомесяц мне дакладаць пра эфектыўнасць барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі. У мяне кожны месяц, а можа быць, кожны квартал мусіць ляжаць на стале канкрэтная справаздача ў параўнанні, хто, як і з кім змагаўся, і якія вынікі».

«Без эканомікі, якая эфектыўна працуе, без кампетэнтнага дзяржаўнага апарату, не заражанага вірусам карупцыі, нам не вырашыць маштабных задачаў па мадэрнізацыі і дынамічным развіцці нашай краіны», — заявіў Лукашэнка.

Ён таксама запатрабаваў справядлівага падыходу да барацьбы з карупцыяй. «Не павінна быць і выбарачнага, як у нас гэта часта бывае, прыцягнення да адказнасці за эканамічныя злачынствы і карупцыю. Маўляў, гэта свае знаёмыя, нават калі і парушылі штосьці — ладна, заплюшчым вочы, папярэдзіўшы ціхенька ў лазні, на пікніку, на п’янцы, на паляванні, на рыбалцы. А гэтых вось — або не ведаем, або яны занадта перакорлівыя — давайце адкруцім галаву. Хачу сказаць наступнае: пры такой спробе галовы будуць адкручаныя тым, хто гэтым займаецца. Пераважаць мусіць выключная справядлівасць! Вінаваты — адказвай, хто б ты ні быў!» — грымеў Лукашэнка.

І яшчэ адна цікавая цытата: «Можаце кіраваць — кіруйце ўсёй сістэмай. Не — значыцца, будзем думаць: або новых людзей прыцягваць, або сістэму мяняць».

Што гэта азначае?

У інтэрв’ю «Новаму часу» палітолаг Аляксандр Класкоўскі выказваў меркаванне, што такім чынам пачынаецца прэлюдыя да чарговай выбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі: ён ужо думае пра 2015 год і пралічвае, якія мусяць быць піяраўскія акцэнты.

«Што тычыцца заробкаў, а гэта найперш хвалюе простага чалавека, то тут ужо дасягнутая столь, і нават перастараліся — надрукавалі столькі ўжо гэтых фанцікаў, што навісла пагроза дэвальвацыі. І ўвогуле зараз эканамічная сітуацыя пахіснулася, падае экспарт, а зараз яшчэ пачалася калійная вайна, і Расія можа падпілаваць адзін з галоўных экспартных слупоў. То бок, экспарт калію, — не выключае эксперт. — Карацей, заробкі ўжо не ўздымеш, як гэта рабіў Лукашэнка перад мінулымі выбарамі».

Аналітык нагадвае, што ў 2001-м годзе галоўны чыноўнік даў 100 долараў заробку, у 2006-м — 250 долараў, а ў 2010-м — 500 долараў. З кожным годам планка была ўсё вышэйшаю, але тым не менш Лукашэнка фармальна выконваў свае абяцанні, толькі вось потым гэта адгукалася вельмі балюча. 

Узгадаў маладосць

«Але зараз ён не можа сказаць: я дам усім па тысячы долараў. Няма такой упэўненасці, і таму ён вырашыў успомніць маладосць, што ў 1994 годзе ён прыйшоў да ўлады менавіта на хвалі барацьбы з карупцыяй. Гэта не патрабуе грошай, не трэба ніякіх капіталаўкладанняў, а трэба толькі грукаць кулаком па стале, пагражаць кайданкамі і паказваць гэта ў тэлевізары, — адзначае Аляксандр Класкоўскі. — Гэта будзе раскручвацца, будуць нейкія паказальныя «пасадкі».

Аднак пытанне ў тым, наколькі зараз гэтым можна зачапіць электарат, таму што тады беларусы купіліся на гэтую рыторыку і прагаласавалі даволі дружна. Але прайшло шмат часу, і я мяркую, што нават апалітычны абывацель пачынае чухаць рэпу і думаць: чалавек жа ўжо 10 гадоў пры ўладзе і што, ён з гэтай гідрай нічога не змог зрабіць?»

Таму, лічыць суразмоўца, ужо зараз гэтая старая кружэлка такога эфекту можа і не даць.

 

Эфекту ад «дзідаў» не будзе

З іншага боку, кажа палітолаг, пабудаваная Лукашэнкам сістэма ёсць спажыўнай глебай, спажыўным асяроддзем для карупцыі, таму што ўсё вырашае чыноўнік. А калі ад яго залежыць — паставіць подпіс ці не паставіць, дазволіць ці не дазволіць, то гэта стварае спакусу «ўзяць на лапу» за тое ці іншае рашэнне. І таму карупцыя сапраўды мае вялікія маштабы, і яе генеруе менавіта гэтая камандна-адміністрацыйная сістэма, пабудаваная Лукашэнкам.

«Таму гэта сапраўды заўжды будзе як змаганне з міфічнай гідрай, калі адну галаву адсякаеш, а дзве новыя вырастаюць. Канешне, страх у пэўнай ступені дзейнічае і кагосьці стрымлівае. Аднак у Кітаі, як мы бачым, карупцыянераў расстрэльваюць, але карупцыянеры на гэтым не сканчаюцца. Там што год выносяцца дзясяткі, калі не сотні такіх прысудаў, хоць там яшчэ больш жорсткая параўнальна з намі сістэма. Кітай — гэта камуністычная краіна, і там чыноўнікам дадзена вельмі шмат правоў у вырашэнні самых розных пытанняў, у тым ліку фінансавых і эканамічных. У гэтым сэнсе ў Беларусі і ў Кітаі вельмі падобныя палітычныя сістэмы, і гэта паказвае, што ўсялякія рэпрэсіўныя захады маюць вельмі абмежаваны эфект», — рэзюмуе Аляксандр Класкоўскі.