Апазіцыя не збіраецца сыходзіць у летні адпачынак

Тры палітычныя структуры Беларусі абвясцілі пра пачатак супольнай працы над "Народным рэферэндумам". Грамадзянская кампанія "Гавары праўду!", Партыя БНФ і Рух "За свабоду" заявілі аб стратэгічным супрацоўніцтве на падставе канкрэтна вызначанага плану.



bc1c2d41_9ea1_4697_ad62_9bf2ffee7526_w640_r1_s.jpg

Юрась Губарэвіч, Аляксандар Мілінкевіч, Аляксей Янукевіч, Уладзімер Някляеў, Андрэй Дзмітрыеў

Гэты план называецца "Народны рэферэндум", і разлічаны не на будучыя мясцовыя выбары, і нават не на прэзідэнцкія выбары 2015 года, а аж на парламенцкія выбары2016-га.

На прэс-канферэнцыі 20 мая, абвяшчаючы пра новыя супольныя дзеянні, лідар кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімер Някляеў падкрэсліў: размова не ідзе аб "зліцці" структур у адну арганізацыю альбо кааліцыю. Але пасля доўгіх перамоваў, кіраўніцтва структур вызначылася, што ўсё ж важней народу паведаміць не "хто будзе супраць Лукашэнкі", а што чакае краіну ў выпадку пераменаў і якія пытанні для развіцця краіны неабходна вырашаць у першую чаргу.

Гэтыя пытанні і павінен акрэсліць "Народны рэферэндум".

Найперш, трэба адзначыць, што гэта будзе не зусім рэферэндум. Хутчэй, напачатку гэта будзе спрэчка аб шляхах развіцця краіны ў будучыні. У бліжэйшыя тры летнія месяцы прадстаўнікі трох структур плануюць абмеркаваць з удзелам экспертаў і рэгіянальных актывістаў, якія пытанні з'яўляюцца больш актуальнымі для краіны, і якія з іх можна было б узняць на нацыянальным узроўні.

Потым пачнецца высвятленне думкі народа па гэтых накірунках. Плануецца, што такое "актыўнае народнае абмеркаванне" дапаможа не толькі зразумець арганізатарам, што ж найбольш хвалюе народ, але і прыцягне ўвагу народа да ўдзелу ў палітыцы як да спосабу вырашэння праблемаў.

Наступным этапам стануць выбары ў мясцовыя саветы, якія плануюцца ў нас напрыканцы гэтага — напачатку наступнага года. Да таго часу "Народны рэферэндум" павінен вызначыць асноўныя праблемы, якія хвалююць людзей, і з гэтымі пытаннямі ўсе тры структуры будуць вылучаць сваіх кандыдатаў. Больш за тое: мяркуецца, што будзе створаны своеасаблівы "адзіны штаб "Народнага рэферэндуму", і стаць кандыдатам ад гэтай ініцыятывы зможа любы, хто абавязваецца падтрымліваць ідэю "Народнага рэферэндуму" і хоча альбо паўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, альбо перамагчы ў ёй.

Прайшоўшы такую "абкатку", пытанні "Народнага рэферэндуму" стануць агульнай праграмай кандыдата ў прэзідэнты (альбо аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты) ад дэмакратычных сілаў Беларусі.

Сапраўдны рэферэндум, як прызнаўся адзін з удзельнікаў прэс-канферэнцыі, намеснік старшыні Руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч, правесці ў Беларусі немагчыма. Але ён усё ж спадзяецца, што падчас мясцовых выбараў альбо праз некаторы час пасля іх будзе сабраная дастатковая колькасць подпісаў за правядзенне такога рэферэндуму. "Можа, мы і збяром неабходныя паўмільёна подпісаў за тое, каб рэферэндум адбыўся. Але рэферэндум павінен прайсці, канешне, не з тым складам камісій, якія забяспечваюць уладзе кожны раз "перамогу". Для яго павінны і змены ў выбарчае заканадаўства", — кажа Губарэвіч.

З гэтым нельга не пагадзіцца: бо як у краіне няма выбараў, так і няма рэферэндуму. Але яго, на думку кіраўніка "За свабоду" Аляксандра Мілінкевіча, усё адно правесці давядзецца. "Краіна зараз цяжарная пераменамі. Каля 80% людзей хочуць пераменаў у краіне, але сфармуляваць, якіх пераменаў хочуць, яны не могуць. Адназначна грамадства не хоча рэвалюцый, нейкіх гвалтоўных дзеянняў, яна хоча эвалюцыйнага шляху да лепшага. І абмеркаваць гэты шлях мы з грамадствам павінны", — лічыць ён.

Нават калі ў 2015 годзе на выбарах пераможа дэмакратычны кандыдат, альбо ўлада ляснецца пад цяжарам эканамічных праблем, альбо пры іншым сыходзе дзейснай улады ў нябыт, усё роўна будзе рэферэндум, перакананы Мілінкевіч. Проста таму, што краіна, урэшце, павінна вызначыцца, што за лад яна будуе, з кім ёй па дарозе ў геапалітычным плане, якія рэформы патрэбныя, а якія не патрэбныя ў краіне, і ўвогуле, што мусіць уяўляць з сябе Беларусь будучыні.

Але, калі глядзець на сцэнар "рэферэндумцаў", то ўзнікае яскравае адчуванне дэжа вю. Па-першае, экспертная ацэнка будучых пераменаў і распрацоўка дэталёвай праграмы рэформаў: гэта тое, што неаднаразова рабілася ў межах так званай "Народнай праграмы", над якою супольна працавалі Партыя БНФ і Рух "За свабоду" за некалькі гадоў да мінулых парламенцкіх выбараў. Здаецца, праграма атрымалася неблагая, але выніку ад гэтай працы рукамі мы памацаць пакуль што не можам.

Па-другое, абмеркаванне праблемаў з народам, і, як вынік, прыцягненне яго да ўдзелу ў выбарах і агульнай актывізацыі — палітызацыі грамадства. Падобны сцэнар ледзь не спісаны з ініцыятывы "Гавары праўду!" "Грамадзянская дамова". На мясцовых выбарах 2010 года, дый на парламенцкіх выбарах 2012 года, гэты сцэнар таксама не тое што не спрацаваў: абвешчаных "новых асобаў у беларускай палітыцы з "новай большасці" можна пералічыць па пальцах.

Між тым, арганізатары і не хаваюць таго, што яны проста "скланавалі" дзве адносна паспяховыя стратэгіі і паспрабавалі злучыць іх у адно. Лідар кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў адзначыў, што яму ў кампаніі "Грамадзянская дамова", якая была скіраваная, найперш, на высвятленне і вырашэнне мясцовых праблем, "вельмі не хапала чаго-небудзь агульнанацыянальнага". "Напрыклад, момантаў, шчыльна звязаных з захаваннем мовы, культуры, гісторыі Беларусі і гэтак далей. Без гэтага я нават думаў, а для чаго мы ўсё гэта робім? Каб дапамагчы Лукашэнку пабудаваць сацыяльна скіраваную дзяржаву для народа? Зараз жа тое агульнанацыянальнае, чаго не хапала "Грамадзянскай дамове", ёсць у "Народнай праграме". І мы аб'ядналі гэтыя рэчы ў "Народным рэферэндуме", — кажа Някляеў.

І, канешне ж, не абышлі ўвагай удзельнікі прэс-канферэнцыі праблему адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах–2015. Па меркаванні арганізатараў "Народнага рэферэндуму", асоба тут не вельмі важная. Па словах Уладзіміра Някляева, у выніку "Народнага рэферэндуму" ім стане той, хто "адпавядае магчымасці зрабіць тыя сістэмныя змены ў краіне", і "павінен прадстаўляць не толькі апазіцыю, але і адпавядаць жаданню большасці людзей, і быць высунутым большасцю грамадства".

Над сцэнарам вылучэння "адзінага" палітыкі яшчэ працуюць.

Канешне ж, дзяжурна было зазначана, што арганізатары кампаніі "Народны рэферэндум" адкрытыя для далучэння іншых дэмакратычных структур. Але ж часу для такога далучэння амаль не засталося. Калі "круглыя сталы" і іншыя формы абмеркавання працы пачынаюцца ў рэгіёнах з пачатку лета, то бок з 1 чэрвеня, то для далучэння ў кампанію "рэферэндумцаў" застаецца толькі два тыдні.