Брэст. ДАІ адказала на «Тысячу і адну ямку»

Актывісты кампаніі «Гавары праўду!» атрымалі адказ на сваю скаргу па пытаннях рамонту дарогі і ўкладкі ходніка ў мікрараёне Паўднёвы ад Упраўлення ДАІ Брэсцкай вобласці.



doroga.jpg

Праезд, які спалучае вуліцы Жукава і Ракасоўскага ў Брэсце на балансе камунальнай службы горада не знаходзіцца і Брэсцкім гарвыканкамам пастаўлены на ўлік як безгаспадарны, паведамілі ў ДАІ Брэсцкай вобласці.

«Гэта значыць, што і спытаць няма з каго за такі стан дарожнага палатна, калі ўчастак безгаспадарны», — каментуе сітуацыю арганізатар кампаніі «Тысяча і адна ямка» Ігар Маслоўскі.

Палітык адзначае добрасумленнае стаўленне супрацоўнікаў ДАІ вобласці да звароту грамадзян. У адказе пазначана, што дадзены ўчастак дарогі быў абследаваны і ўсе прэтэнзіі жыхароў да мясцовых уладаў пацвердзіліся. «Абследаваная праезджая частка мае шматлікія дэфекты дарожнага пакрыцця ў выглядзе выбоін, глыбіня якіх дасягае 12–13 см, некаторыя з іх маюць наступныя памеры (шырыня-даўжыня): 1,80*1,38; 1,9*87; 1,40*1,35 метра», — адзначаюць у ДАІ.

Упраўленнем ДАІ вобласці выдадзена прадпісанне дырэктару КУП «Брэсцкае ДЭП» на ліквідацыю дэфектаў дарожнага пакрыцця вул. Ракасоўскага (гэты ўчастак знаходзіцца на балансе). Тэрмін гэтага прадпісанні — 22 траўня 2013 года. Акрамя таго, у дачыненні да майстра КУП «Брэсцкае ДЭП», які адказвае за стан дарожнага пакрыцця вул. Ракасоўскага, складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Парушэнне кваліфікавана па арт. 18.38 КаАП РБ (штраф ад чатырох да дваццаці базавых).

«Пакуль мы дамагліся палавіністага вырашэння пытання. Пакуль толькі на паперы. Распачаты рамонт закончыўся толькі заменай бардзюраў. Цяпер мы маем канкрэтны тэрмін рамонту дарожнага палатна — 22 траўня 2013 года. Але застаецца яшчэ ўкладка тратуара, і мы будзем дамагацца рашэнне гэтай праблемы», — дадаў Ігар Маслоўскі.

Нагадаем, што ў сакавіку гэтага года  актывісты «Гавары праўду!» пачалі кампанію «Тысяча і адна ямка». На ўчастку каля 500 метраў налічваецца больш за 1000 пашкоджанняў дарожнага палатна. У межах кампаніі сабрана больш за 1100 подпісаў за рамонт дарог у мікрараёне Паўднёвы ў г. Брэсце. Некалькі дзён таму актывістамі кампаніі «Гавары праўду!» была накіравана скарга ў аблвыканкам, паколькі людзі засталіся незадаволеныя адказам гарадскіх уладаў. Яны лічаць, што, у парушэнне артыкула 9 Закона РБ «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў», Брэсцкім гарвыканкамам не прыняты меры для поўнага, аб'ектыўнага, усебаковага разгляду іх звароту.

otvet_dep.jpg

otvet_dep0001.jpg

Паводле прэс-службы кампаніі «Гавары праўду!»