Талака ў Курапатах — з 25 траўня па 3 чэрвеня
З 25 траўня па 3 чэрвеня ў Курапатах пройдзе нацыянальная талака: тэрыторыю ўрочышча валанцёры расчысцяць ад галінаў і смецця, плануецца высадка кветак. Работы ў лясным масіве будуць праводзіцца сумесна з “Зелянбудам”.
Фота be.convdocs.org
А вось спробы ініцыятывы “Выратуем Курапаты” дамовіцца з адміністрацыяй Мінскага раёна пакуль ні да чаго не прыводзяць. Пра гэта паведаміла каардынатар ініцыятывы Ганна Шапуцька:
— Па суботах збіраецца па некалькі чалавек і працуе, але гэты мемарыял насамрэч вельмі вялікі — такі кавалак лесу. Для таго, каб прывесці яго ў парадак, патрэбна шмат высілкаў і людскіх рэсурсаў, бо дзяржава наогул не займаецца гэтым мемарыялам.
Да талакі акрамя ініцыятывы “Выратуем Курапаты” далучацца партыя БНФ, АГП, “Беларускі рух”, БХД, “Гавары праўду”, “Еўрапейская Беларусь”, “Маладыя дэмакраты”, “Малады фронт”, “Zмена”.
Каардынатары “Выратуем Курапаты” лічаць, што палітызацыя Курапатаў не дае нічога добрага, у той жа час простыя абывацелі пра Курапаты зусім нічога не ведаюць.
Паводле апытання Радыё “Свабода”, з 10 чалавек 8 кажуць, што Курапаты — гэта беларуская страва або месца, дзе катаюцца на лыжах, — распавядае Уладзімір Раманоўскі аб асноўных праблемах мемарыяла і задачах ініцыятывы “Выратуем Курапаты”.
Другая праблема Курапатаў — гэта дакументалізацыя ахоўных зон, якія да гэтага часу не зафіксаваныя.