Арцём Шрайбман: «Ужо не 2015 год, Лукашэнку няма чаго прапанаваць»
Палітолаг Арцём Шрайбман на канале «Позірк» з Таццянай Каравянковай распавёў пра настроі заходніх дыпламатаў, пра перашкоды для вызвалення палітвязняў і варыянты аднаўлення дыялогу паміж заходнімі краінамі і беларускім рэжымам.
— Усе заходнія палітыкі і дыпламаты кажуць мне аднымі і тымі ж словамі: ужо не 2015 год, Лукашэнку няма чаго нам прапанаваць. Яны паглядзяць, што ён зможа, але пакуль відавочных варыянтаў не праглядаецца. І гэта прызнаюць нават праўладныя палітолагі…
Я зандую глебу, пытаючыся сваіх заходніх суразмоўцаў: вось калі б Лукашэнка адпусціў траціну палітвязняў, як бы вы адрэагавалі? Дагэтуль ніводзін з заходніх дыпламатаў (прычым краіны вар'іруюцца ад самых блізкіх суседзяў Беларусі да вельмі далёкіх) не сказаў «ну тады, напэўна, мы падумаем».
Не, кажуць, спачатку ўсе павінны быць на волі, а потым хоць нейкія крокі ў бок рэальнага дыялогу з апазіцыяй. Таму што планка ўжо далёка не там, як у 2015 годзе.
Пры гэтым Шрайбман прызнаў аргумент, што «усе на свабодзе» – занадта небяспечна для Лукашэнкі.
— Таму перашкод цяпер да нейкай размарозкі вельмі шмат. І я не даў бы больш за 20%, што ў бліжэйшы перспектыве (год-два) Лукашэнка зможа сапраўды вярнуцца да ўстойлівага дыялогу з Захадам — сказаў палітолаг.
Паводле яго слоў, праблема і ў тым, што кіраўніка Беларусі ўспрымаюць як несамастойнага палітыка і таксічную асобу.
— Для многіх заходніх чыноўнікаў з'явіцца сёння побач з Лукашэнкам — пахаваць сваю кар'еру. Макею не вераць. У прыватных размовах заходнія дыпламаты пераказваюць: мы не бачым доказаў яго слоў, ён кажа тое ж самае, што па тэлевізары.
Чым тлумачыўся нядаўні «ліст Макея» еўрапейскім дыпламатам?
— Улады хочуць зандзіраваць глебу, але пры гэтым, мабыць, шчыра лічаць: тое, што яны ўмоўна не ўвязалася ў вайну (войскамі) — гэтага ўжо дастаткова, каб Захад паглядзеў на Беларусь інакш.
Яны ж людзі, абмежаваныя сваім светапоглядам. Яны шчыра лічаць, што ўся рыторыка пра правы чалавека — гэта ўсяго толькі рыторыка, што Захад проста ваюе з Расіяй, яму трэба нешта прапанаваць, і ён усю шалупіну адкіне. Яны мераюць па сабе, для іх гэта проста рыторыка і яны думаюць, што для заходніх палітыкаў таксама. Яны не ўсведамляюць, наколькі таксічныя і зашкварны кантакты з імі, — адзначыў Шрайбман.
На яго думку, ёсць крокі, якія прымусілі б Захад перагледзець сваю пазіцыю па Беларусі, але яны «занадта сур'ёзныя» для ўладаў.
— Гэта поўны вывад расійскіх войскаў (верыфікаваны). Выкананне палітычных умоў, якое было б падобна на паўнавартасную амністыю, а не проста пакрысе вызваляць людзей, у якіх тэрміны сканчаюцца. Гэта, верагодна, адстаўкі людзей, якія вельмі моцна заплямілі сябе ў 2020-2021 годзе.
Трэба паказаць, што фармуецца новы трэнд, каб у кагосьці на Захадзе з'явілася меркаванне: давайце паспрабуем падтрымаць гэты працэс, гэта ж лепш, чым каб Лукашэнка рэпрэсаваў усіх запар. Але мы вельмі далёка ад гэтага пункту, — мяркуе Шрайбман.
Як у бліжэйшы час будзе развівацца сітуацыя ўнутры Беларусі?
— На жаль, вельмі складана знайсці падставы для аптымізму. Лукашэнка быў зацікаўлены ў вызваленні палітвязняў і паслабленні гаек толькі калі бачыў «моркву»: адмену санкцый і гэтак далей. Але сёння няма пачуцця, што «морква» на стале ляжыць.
Адпаведна, у Лукашэнкі вельмі мала стымулаў аслабляць гайкі. Улічваючы, што гэта не толькі небяспечна з пункту гледжання дэстабілізацыі ўнутранай сітуацыі (нейкія людзі перастануць баяцца, адновіцца частка палітычнай актыўнасці), але таксама небяспечна ўнутрысістэмна — ісці супраць інтарэсаў самых ястрабіных сілавікоў, якія сёння дамінуюць у дзяржаве, — сказаў Шрайбман. — На жаль, знешнепалітычных прычын для аптымізму мала.
Магчыма, эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў нейкай агляднай будучыні стане настолькі адчайнай, што Лукашэнка наважыцца рабіць нейкія крокі авансам.
Паводле «Салідарнасці»