Азбука паліталогіі: УНС — разбуральнае адзінства
Праблема аддзялення зерня ад пустазелля нарадзілася не сёння. Яна была актуальнай заўсёды, але ў эпоху вельмі жорсткай турбулентнасці — а менавіта ў такую эпоху ўступіў сучасны свет — яе актуальнасць шматразова ўзрасла.
Адно тут радуе: на вяршыні ўладнай вертыкалі праблему, па-першае, усведамляюць, па-другое, актыўна напрацоўваюць рашэнні для яе пераадолення.
Законапраект аб Усебеларускім народным сходзе (УНС), прыняцце якога ў першым чытанні плануецца ўжо ў гэтым годзе (а ў пачатку наступнага — і ў другім), узначальвае спіс антытурбулентных рашэнняў.
«Ад таго, якімі значнымі будуць змены ў законапраектах аб Усебеларускім народным сходзе, будзе залежаць эфектыўнасць палітычнай сістэмы Беларусі», — заявіў 2 лістапада старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка падчас семінара-нарады ў Лідзе.
Выдатнае прызнанне, пагадзіцеся. Атрымліваецца, што беларускае ноу-хау, якое існавала на працягу амаль трох дзесяцігоддзяў, неабходнага ўзроўню эфектыўнасці палітычнай сістэмы не забяспечвала? Але калі гэта так, то дзе гарантыя, што пасля завяршэння запланаванага цюнінгу здарыцца якаснае паляпшэнне?
Аксакал беларускай палітыкі на перспектывы інстытута сапраўднай дэмакратыі глядзіць з аптымізмам. Па-першае, дакумент плануецца зрабіць такім, «каб ён ішоў ад зямлі і быў для жыцця». У гэтым кірунку зроблена нямала: «На дадзены момант ужо паступіла больш за 150 самых розных прапаноў», якія акумулююцца Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі і збольшага Палатай прадстаўнікоў. Па-другое, «УНС становіцца не дарадчым, а вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя, здольным прымаць рашэнні ў галіне знешняй і ўнутранай палітыкі, вызначаць кірунак сацыяльна-эканамічнага развіцця».
«Па-другое» мае патрэбу ў тлумачэнні. Усе папярэднія вечы па сутнасці сваёй былі антыканстытуцыйнымі органамі ўлады, таму што ў Асноўным законе пра такую форму народаўладдзя не было ні слова, ні паўслова.УНС склікаўся на падставе ўказаў у адпаведнасці з артыкулам 37 Канстытуцыі РБ, якая гарантуе грамадзянам удзел «у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця на рэспубліканскіх і мясцовых сходах». Наконт права ўдзельнічаць у абмеркаванні такога кшталту пытанняў на кухнях Канстытуцыя не кажа нічога.
Усё, што не забаронена, дазволена. Аднак права абмяркоўваць ад права прымаць рашэнні — гэта значыць рэалізоўваць уладныя функцыі — аддзяляе прорва. І гэту прорву, на думку спадара Андрэйчанкі, і плануецца пераадолець пры дапамозе законапраекта аб УНС.
Я б прапанаваў вітаць падобнае імкненне заканадаўцаў апладысментамі, аднак... Як жа тут без «аднак»? Куды ж без яго… У пункце 2 рэзалюцыі VI УНС яшчэ 12 лютага 2021 года чытаем: «Даручыць дзяржаўным органам прыняць вычарпальныя меры па дасягненні пастаўленай мэты і рэалізацыі прыярытэтных кірункаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны».
Атрымліваецца, што дэлегаты, якія сабраліся — згодна з артыкулам 37 Канстытуцыі — з правам дарадчага голасу, даюць даручэнне дзяржаўным органам! Ці трапляе падобная ініцыятыва пад крымінальны артыкул? Не мне пра гэта казаць. Але я быў бы рады паслухаць на гэты конт меркаванне прафесіяналаў.
Ад слова «зусім»
Аднак вернемся да праблемы аддзялення зерня ад пустазелля. Якім бы дзіўным гэта ні падавалася, але часам праблема не вартая і выедзенага яйка. Просты прыклад. Ёсць дзяржава А, якая прэтэндуе на званне дэмакратычнай, што пацвярджаецца наяўнасцю парламента, які працуе на прафесійнай аснове. Ці мае шанец іншы назіральнік пераканацца ва ўзроўні яе дэмакратычнасці — і не змарнаваць пры гэтым на вывучэнне дэталяў тыдні і месяцы?
Правільны адказ — так.
Як такое магчыма? Уся справа ў тым, што любое сучаснае грамадства мае складаную структуру. Акрамя мужчын і жанчын, акрамя маладых і сталага веку людзей, акрамя багатых і бедных у сацыяльную тканіну ўплецены шматлікія «гурткі па інтарэсах», якія аб’ядноўваюць людзей па прафесійных і іншых прыкметах.
Падтрыманне адзінства (кансэнсусу) у гэтым моры разнастайнасці — задачка з зорачкай. Для яе вырашэння чалавецтва вынайшла палітыку, пад якой разумеецца дзейнасць па ўзгадненні інтарэсаў сацыяльнай разнастайнасці. Прадстаўнічыя органы ўлады з парламентам на чале і ствараюцца для вырашэння задачы з зорачкай на практыцы.
Для людзей з іерархічным тыпам мыслення, якія дзейнічаюць па прынцыпе піянерскіх лінеек («Рапарт здадзены!» — «Рапарт прыняты» — «Вольна»), парламенты ўспрымаюцца ў якасці «пустой гаварыльні», чыя задача зводзіцца да таго, каб забалбатаць праблему.
Аднак ужо з другой паловы XX стагоддзя пад уплывам агульнасусветнага трэнду на дэмакратызацыю адмаўляцца ад галоўнага інстытута дэмакратыі не рашаецца нават сямейства Кімаў у Паўночнай Карэі і аяталы ў Іране. Супраць моды не папрэш. Як казала Како Шанэль, «Мода — не проста пытанне адзення. Мода лунае ў паветры, яе прыносіць вецер. Кожны адчувае яе, дыхае ёю. Яна і ў небе, і на дарозе». Яна і ў дзяржаўным уладкаванні, дапоўню я знакамітую мадэльерку.
Але, як паказала практыка, сам факт наяўнасці дэмакратычных інстытутаў дэмакратыі яшчэ не гарантуе. Пра якое ўзгадненне інтарэсаў у складана ўладкаваным грамадстве можа ісці гаворка, калі абраннікі народа галасуюць аднагалосна?! Пры такім галасаванні дэмакратыі няма ад слова «зусім».
***
За пяць дзён кастрычніка на сайце газеты «СБ. Беларусь сегодня» было апублікавана 63 (!) артыкулы, якія змяшчаюць словазлучэнне «Усебеларускі народны сход». Зацыкленасць «залатых пёраў» беларускай журналістыкі на УНС лёгка растлумачыць.
Зноў скарыстаюся падказкай старшыні Палаты прадстаўнікоў: «Людзі бачаць, што свет уступіў у эпоху жорсткай турбулентнасці. І ніхто не можа спрагназаваць, чым усё гэта скончыцца. Відавочна адно: да старога вяртання няма. Выстаіць толькі тая нацыя, дзе будзе адзінства, дзе будзе народаўладдзе. Таму ў грамадзян краіны саспела думка, што менавіта яны змогуць зрабіць свой унёсак у кіраванне краінай з дапамогай УНС. Наша краіна ў многім з’яўляецца першапраходцам у гэтым плане, хоць ёсць прыклад Кітая».
Неабходна ўсведамляць, што адзін тып «адзінства» грамадства ад іншага тыпу «адзінства» часам вельмі моцна адрозніваецца. Савецкім людзям знаёмае адзінства, заснаванае на прынцыпе «дэмакратычнага цэнтралізму», гэта значыць абавязковасці рашэнняў вышэйстаячых органаў для ніжэйшых пры выбарнасці ўсіх органаў. Права меншасці адстойваць свае погляды такі прынцып уладкавання грамадства не дапускае. Таму ні ад культу асобы Сталіна, ні ад валюнтарызму Хрушчова ён не абараняў. Не абараніў ён і ад застою часоў Брэжнева, які завяршыўся развалам СССР.