Краіна няскончаных эксперыментаў

Не прайшло і года, а першы энергаблок БелАЭС зноў уключаны ў энергасетку. «У адпаведнасці з праграмай выпрабаванняў эксплуатацыя блока ў бліжэйшы час будзе ажыццяўляцца на розных узроўнях магутнасці», — паведаміла Міністэрства энергетыкі.

4owbwpa82uwwkk4kcokw8o44k8sww8.jfif

БелАЭС па праву можна лічыць сімвалам сучаснай Беларусі. Не памятаю, хто яе так назваў, але па колькасці ўключэнняў і выключэнняў мы пабудавалі самы дарагі выключальнік у гісторыі. Прайшло два гады, а практычнага сэнсу ад яе ўключэнняў і выключэнняў, у прынцыпе, няма.

Так, з моманту ўрачыстага ўводу ў эксплуатацыю гэтай станцыі споўнілася два гады. І там па-ранейшаму працягваецца «праграма выпрабаванняў на розных узроўнях магутнасці». Мы займелі, падобна, не атамную станцыю, а атамную эксперыментальную пляцоўку «Расатама», дзе высвятляюцца ўсе недахопы і прабелы ў канструкцыі аб’екта. І пытанне, для каго больш карысці — для нас, ці для іх?

Бо папярэджвалі ж разумныя людзі наконт БелАЭС — гэта небяспечны і зусім непатрэбны Беларусі аб’ект. Бо праблем з электраэнергіяй у краіне, на самай справе, не было. Краіна і так акружана атамнымі станцыямі, больш за тое — мы нават экспартавалі электраэнергію. Навошта нам патрэбны быў гэты выключальнік?

Чаму БелАЭС сімвал? Таму што так цяпер у краіне практычна паўсюль: крыва, коса, эксперыментальна, з наступаннем на старыя граблі. А ўлады робяць выгляд, што так і трэба.

Пасля таго, як расці цэнам «жэстачайшэ забаранілі», багата міністэрстваў і ведамстваў аказалася пры справе. Адразу чатыры міністэрствы — МАРГ, Мінфін, Мінэканомікі і Мінпрацы, — сумеснай пастановай зацвердзілі Інструкцыю аб парадку планавання і калькулявання сабекошту прадукцыі для мэт цэнаўтварэння.

Можна за іх парадавацца — беспрацоўя ў міністэрскім асяроддзі не здарылася. Але, што самае цікавае, гэтая інструкцыя, як у ёй напісана, павінна прымяняцца, калі «іншае не прадугледжана галіновымі асаблівасцямі планавання і калькулявання сабекошту прадукцыі, усталяванымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі ўраду Рэспублікі Беларусь».

Гэта значыць, можна інструкцыю, над якой чатыры міністэрствы працавалі больш за месяц, выкінуць у сметнік, спаслаўшыся на «асаблівасці планавання».

Затое ў кастрычніку ў Беларусі была зафіксавана дэфляцыя, парадаваўся намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Андрэй Картун. «І па годзе ў цэлым інфляцыя істотна замарудзіцца», — цытуе яго БелТА.

Ну, а што вы хацелі? Калі дырэктыўна забараніць рост цэн, то і інфляцыі не будзе. Праўда, як мы ўжо пісалі, што інфляцыя ў прынцыпе працэс натуральны, а яе адсутнасць якраз вядзе да вялікіх праблем у выглядзе дэфіцыту тавараў.

Але цікавая не дэфляцыя, а іншыя паведамленні таго ж Картуна. Па яго словах, «быў шквал зваротаў. Фіксавалася больш чым 500 зваротаў у дзень — і гэта толькі пісьмовых, плюс яшчэ анлайн-форма і гарачая лінія па пытаннях растлумачэння парадку цэнаўтварэння. Пытанняў узнікала шмат, асабліва ў сегменце нехарчовым...», — сказаў чыноўнік.

Паўтысячы толькі пісьмовых зваротаў на дзень! Пры тым, што людзі практычна развучыліся пісаць рукамі, і пішуць у асноўным е-мэйлы. Уяўляеце сабе, які шок быў у ўдзельнікаў беларускай эканомікі?

А яшчэ Картун прызнаў: рэгуляванне коштаў усё ж прывяло да скарачэння асартыменту і нават дэфіцыту (як і было сказана). «Што тычыцца асартыменту тавараў, месцамі ўзнікаюць пэўныя складанасці. Камусьці спатрэбіўся час, каб перабудавацца. Напрыклад, у нехарчовым сегменце ў адной з буйных гандлёвых сетак быў па пэўных пазіцыях бедны асартымент. Прычына ў тым, што суб'ект гаспадарання не паспеў пераацаніць некаторыя пазіцыі. Як толькі пераацэнка завяршаецца, са склада паступаюць тавары», — сказаў ён.

За прызнанне дзякуй, гэта і без чыноўніка мы бачым на сваіх адчуваннях. Што тычыцца яго словаў, што гэта не сістэмная праблема, што гэта «месцамі», і ягонага прыкладу наконт гандлёвай сеткі — дазвольце не паверыць. Найперш таму, што як «суб'ект гаспадарання не паспеў пераацаніць некаторыя пазіцыі», калі ў нас цэны замарожаныя? Пра якую «пераацэнку» кажа намеснік міністра?

Хутчэй, гандлёвая сетка пад выглядам «пераацэнкі» схавала тавар да таго, як будзе пэўная вызначанасць на рынку. Да тых часоў, пакуль стане зразумелым, да каго можна пайсці па дазвол павысіць цану, ці па якіх максімальных цэнах можна прадаць тавар увогуле.

Не можа ж чыноўнік проста прызнаць: «Мы дагаспадарыліся да таго, што прадаўцы ад нас хававаюць тавар»? Праўда ж?

І яшчэ адна цікавая лічба ад МАРГ. Ягоныя спецыялісты з пачатку года праверылі тысячу гандлёвых аб’ектаў. І выявілі 990 фактаў невыканання нарматыўных актаў аб цэнаўтварэнні.

Уявіце: 99% аб’ектаў гандлю не могуць працаваць, каб не парушыць нарматыўныя акты аб цэнаўтварэнні! Можа быць, гэта не праблема гандлю? Можа быць, у нас нешта не так з нарматыўнымі актамі і тымі, хто іх прымае?

Наўпроставая паралель з БелАЭС — спачатку прымаецца рашэнне наконт цэн, а цяпер разграбаюцца ягоныя наступствы з жудасным галаўным болем на ўвесь урад.

Альбо Канстытуцыя. За апошні час Лукашэнка правёў ужо другую ці трэцюю нараду па тым, як укараніць у сістэму беларускай улады Усебеларускі народны сход. І ў чарговы раз усіх заблытаў, чым жа павінен быць УНС ва ўладзе. Узнікае ўражанне, што яно павінна быць пятым колам у возе.

З аднаго боку, па словах Лукашэнкі, УНС павінен абмяркоўваць законапраекты і галасаваць па іх — то-бок, у нечым падмяніць парламент. З іншага боку, «трэба вызначыць яго (УНС) месца ў сістэме прававых актаў. Гэтыя дакументы па значнасці параўнальныя з рашэннямі з'езда Кампартыі ў свой час». Але рашэнні з'езда КПСС якраз і не былі законамі — з'езд КПСС вызначаў нейкія мэтавыя паказчыкі: «Дагонім і перагонім Амерыку».

«УНС павінна прымаць адно-два рашэнні, груба кажучы. Але яно падлягае выкананню ўсімі. Прынята рашэнне Усебеларускім народным сходам — і ўсе падняліся», — гэта значыць, што рашэнні УНС падмяняюць і рашэнні ўрада?

Зноў жа — складаны «сіндром БелАЭС». Спачатку тэрмінова распрацоўваем Канстытуцыю, потым тэрмінова яе прымаем, а потым думаем, што ж мы такога там наварацілі, і як ВОСЬ ГЭТА ў нейкія рамкі ўпісаць.

Беларусь у апошні час ператварылася ў краіну эксперыментаў. Вось толькі жыць у гэтых эксперыментах не вельмі салодка. Адзіны плюс — гэта павышае агульную ступень выжывальнасці нацыі. Калі перажывем такое — значыць, дакладна не загнемся тады, калі надыдзе час праводзіць рэальныя і зразумелыя рэформы краіны.