Байкот vs. яўка: што будзе на руку рэжыму?

Ісці ці не ісці на так званыя «выбары», рашэнне асабістае і, напэўна, асаблівае для кожнага і кожнай у сённяшняй Беларусі. Існуюць свае аргументы за тое, каб байкатаваць гэты фарс, ёсць меркаванне, што ўдзел па-ранейшаму мае сэнс.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

— Аргументацыя (за байкот. Заўв. рэд.) разгортваецца вакол тэзіса «рэжыму патрэбна карцінка яўкі». Я неаднаразова чуў яго, і мне здаецца ён як мінімум не зусім верным, — піша аўтар ТГ-канала «Политонелогия». — З некалькіх прычын.

Тут ёсць адзін, на мой погляд, індыкатар: тыднёвае датэрміновае галасаванне, якое з аднаго боку — інструмент фальсіфікацыі, з другога — дазваляе сістэме знізіць стрэс менавіта ад яўкі, а з трэцяга — наадварот: размывае карцінку. Для вонкавага назіральніка чэргі ў дзень галасавання, на фоне паведамленняў ЦВК аб тым, што віртуальная — датэрміновая — яўка мільён адсоткаў, будуць выглядаць даволі адназначна. Але гэтыя бравыя рапарты выбаркама пра датэрміновае галасаванне выбіваюць аргумент пра карцінку. Да дня галасавання намаляваны будзе такі высокі працэнт тых, хто прыйшоў (як было ўжо не раз), што ў любым выпадку, паводле логікі рэжыму, замест карцінкі нам застануцца лічбы ў справаздачы.

Калі глядзець крыху глыбей, я б, як заўсёды, звярнуўся да тыпу палітычнай мадэлі. Яна персаналісцкая — безумоўна, элементы правадырства прысутнічаюць, але сэнс у тым, што ў адсутнасць як ідэалогіі, так і большасці ў лагеры прыхільнікаў сістэмны кансэнсус патрабуе ад іх дамагацца хутчэй няўдзелу, чым яўкі. Чаму гэты кансэнсус дзейсны для іх дагэтуль? На мой погляд, пра гэта сведчаць усе заявы АГЛ, якія можна абазначыць фразай «Давайце перагорнем старонку».

Але ёсць і больш агульная думка. Наша аўтакратыя — старая. Не ў сэнсе якая памірае, цьмее ці нешта яшчэ (хоць большую частку інстытутаў, мне думаецца, можна прызнаць руінізаванымі — гэта значыць, нічога не працуе) — а менавіта старая. Яна фармавалася тры дзесяцігоддзі, рухаючыся па вызначаным шляху. Да 2025 года ў нас не з'явілася нейкага прынцыпова новага Лукашэнкі. Гэта ўсё такі ж малаадукаваны, бяздарны і жорсткі бандыт з саўгаса. Нейкія прызначэнні новых міністраў і кіраўнікоў «новага пакалення», магчыма, кагосьці падманваюць, але на самой справе ў персаналісцкай аўтакратыі з трыццацігадовым стажам несуб'ектныя «эліты» рэалізуюць прыняты і адобраны аўтакратам курс. Новыя маладыя рожы, тым самым, спяваюць старыя песні, граюць старыя ролі, а нават пры разваленых інстытутах ролі важнейшыя за рожы. Гэта я да таго, што, калі 30 гадоў рэжыму не патрэбна была яўка і замест гэтага ён імкнуўся да дэмабілізацыі насельніцтва — дык і на чацвёртым дзясятку яму будзе патрэбна дэмабілізацыя насельніцтва. Гэта, так бы мовіць, звычка, правераная часам. Яны не ўмеюць «працаваць» з электаратам — яны ўмеюць імітаваць працу. І даваць справаздачу лічбамі.

Звярніце ўвагу: цяпер быў збор подпісаў. За Лукашэнку намалявалі нейкія велізарныя сотні тысяч і мільёны, але карцінкай хоць колькі-небудзь адэкватнай гэта не суправаджалася. Усё лагічна: зганяць і звозіць, каб ладзіць чэргі — раздражняць ядзерны электарат, і ўжо тым больш раздражняць тых, хто не можа адмовіць, але супраць, проста маўчыць. Гэта значыць, працэдура збору (а я нагадаю, што скочванне да перакульваючых выбараў у 2020 пачалося менавіта з яе) была з самага пачатку пазбаўленая перфарматыўнага кампанента. Гэта хутчэй аргумент на карысць таго, што карцінка ім не патрэбная — замест яе патрэбны спакой. 


Глядзіце таксама

Наогул, высокая яўка для ўмоў, у якіх знаходзіцца Лукашэнка сёння — гэта стрэс для сістэмы. У першую чаргу, для рэпрэсіўнай яе часткі. Тое, што яны гатовыя лупіць і гвалтаваць, не значыць, што гэта лёгка. Пры невысокай яўцы лёгка намаляваць вынік, які з большай верагоднасцю не трэба будзе абараняць ад тых, хто галасаваў супраць. Таму што кансэнсус у грамадстве: мы не хадзілі, нам няма чаго абараняць. Фальсіфікацыі і рысоўка — заўсёды стрэс, таму што так ці інакш яны ў рэшце рэшт усё ўпіраецца ў чалавечы фактар. Гэта значыць, пры высокай яўцы, асабліва пасля сумнага досведу 2020 года, у праціўнікаў рэжыму з'яўляецца значна больш кропак прыкладання высілкаў. Тут асаблівую ролю адыгрывае менавіта руінізаванасць інстытутаў. Калі ў дэмакратыі зразумелая працэдура абараняе сістэму, то пры аўтарытарызме наадварот: дзіравыя механізмы праяўляюць, скажу крыва, сваю дзіравасць. Менавіта таму мы шмат гаворым пра «акно магчымасцей».

Тут варта растлумачыць яшчэ адну рэч, на мой погляд ключавую. Калі я кажу пра «акно магчымасцей», я не маю на ўвазе, што ўсё раптам возьме і атрымаецца. Што мы становімся на ростані. У нас ёсць не вельмі вялікая верагоднасць нешта змяніць і значна большая — застацца там, дзе мы ёсць і цяпер. Калі нешта зрабіць, ёсць шанец, што атрымаецца. Калі нічога не зрабіць — шанцу, што атрымаецца, няма ні найменшага. Гэта значыць, прапанова ісці і галасаваць зводзіцца да спробы, якая ў дадзеным выпадку, на мой погляд, лепшая, чым бяздзейнасць. Але я разумею, што ў такім выпадку ўзнікае альтэрнатыўнае меркаванне — маўляў, мы легітымізуем працэдуру і тым самым — самога Лукашэнку. Але вось у чым справа, на мой погляд. Гэта было б дакладна, калі б адсутнасць яўкі дэлегітымізавала яго. 

Толькі вось што гэта значыць? Зноў-ткі, вельмі важны момант. Не для знешніх гульцоў — пра гэта асобна, таму што «міжнародная легітымнасць» — гэта не такі цвёрды тэрмін, як унутраная, і яна дзейнічае крыху інакш. Унутры краіны дэлегітымізацыя Лукашэнкі магла б азначаць, што ён у выніку выбараў страціць уладу, інстытуты разваляцца канчаткова, мянты пяройдуць на бок грамадства. Ну, то-бок тое, што адчуваецца. Ці высокі шанец, што нешта з гэтага адбудзецца ў выніку байкоту? Мяркую, не. Сістэма застанецца пры сваім, выбары пройдуць гладка, і ніхто, наогул ніхто і ніяк не ўзвысіць свой голас. З 2020 года Лукашэнка фактычна ажыццяўляе так званы эфектыўны кантроль над тэрыторыяй, гэта значыць унутраная легітымнасць, правяраецца штыкамі — гэтым самым кантролем. Ён менавіта што «ўтрымлівае ўладу», і наш выбар можа быць альбо на карысць дзеяння ў прапанаваных абставінах, альбо на карысць таго, каб значна палегчыць яму ўтрыманне ўлады і далей.


Глядзіце таксама

А як гэта выглядае звонку. Канцэпт кадэнцый, які ўсё ж больш падыходзіць для апісання дэмакратый, крыху збівае з панталыку. Таму што замест поўнага цыклу, завяршэнне якога заклікана змяніць сітуацыю, мы маем Лукашэнку, а пасля яго Лукашэнку і потым зноў — Лукашэнку. Пагадзіцеся, не вельмі падобна да кадэнцыі. 

Але з пункту гледжання таго ж ЕС, 27 студзеня перад імі будзе ўсё той жа Лукашэнка, які быў учора, які пяць мінулых гадоў тварыў нейкую дзічыну, краў самалёты, закідваў мігрантаў, дапамог Пуціну напасці на Украіну і наогул палохае ўсіх міфічным «арэшнікам». Міжнародных назіральнікаў на выбарах не будзе — гэта зразумела. Ну, выйдзе нейкі азербайджанец і скажа: «Усё прайшло клёва, партыя — наш рулявы». Гэта несур'ёзна. Пры гэтым карцінку яўкі яны цалкам могуць намаляваць і без нашага ўдзелу: у адрозненне ад збору подпісаў, сагнаць людзей на галасаванне, ды і мітынг пасля арганізаваць — гэта не складана.

Аднак легітымнасць аўтакрата і не працягваецца і не абнуляецца ў дзень выбараў. Менавіта таму што ён аўтакрат. З пункту гледжання ўмоўнай Польшчы, 27 студзеня наступіць не новая эпоха добрасуседства, а панядзелак. І ў гэты панядзелак чыноўнікі і палітыкі пойдуць на працу і будуць сутыкацца з тым жа Лукашэнкам, што быў і ў пятніцу. Наогул, міжнароднае назіранне — гэта рэальны механізм прызнання або непрызнання, але рэжым з парога (і ясна чаму) адмаўляецца ад гэтага інструмента, тым самым зводзячы на нішто верагоднасць прызнання. Варыянт кшталту «паглядзіце, у мяне 99%, і людзі прыйшлі, прагаласавалі ў адзіным парыве» не вяжацца са штодзённасцю. Рэпрэсіі працягваюцца — наўрад ці «памілаванні» кагосьці могуць падмануць, як і ажыўшая любоў памілаваных да бацькі Колі Лукашэнкі ў інтэрв'ю калектыўнаму БТ. Акрамя таго, для свету вакол ён не толькі не вельмі легітымны (што не перашкаджае яго прадстаўніку сядзець у ААН, напрыклад, так што тут са старту ёсць пытанні), ён яшчэ і найбліжэйшы хаўруснік Пуціна, суагрэсар у вайне — і менавіта за кошт занадта цесных адносінаў з РФ не вельмі моцны суверэн. Гэта значыць, знешняе яго становішча хіліцца да статусу калі не марыянеткавай дзяржавы, то як мінімум крамлёўскага проксі. І аніякія выбары, аніякая яўка-няяўка гэты факт цяпер не адменяць.

[Лічыцца], што ЕС і іншыя краіны — гэта перш за ўсё закон. Але з пункту гледжання закона АГЛ не мае права ісці на выбары. З пункту гледжання закона і прынятых у дэмакратычным свеце электаральных правілаў, працэдура нелегітымная з самага пачатку. Дарэчы, нават адсутнасць участкаў па-за межамі краіны — гэта не плюс АГЛ. Але яны там не светачы розуму і не здагадаюцца (а калі выпадкова прачытаюць мяне — не павераць), што, адкрыўшы ўчасткі ў консульствах, можна было б зрабіць выгляд, што ўсе незадаволеныя з'ехалі, а засталіся дыстыляваныя прыхільнікі творчасці фатографа-эканаміста.