Чалы: Лукашэнка паступова ператвараецца ў Брэжнева
Улада нічога не можа абяцаць гэтаму пакаленню, таму здольная толькі прыстрашваць. Па сутнасці, гэта прызнанне, што «мы не абяцаем нармальнае жыццё». Але нельга перамагчы час, нельга быць вечным.
З якой праграмай ідзе на выбары Аляксандр Лукашэнка і калі ў Беларусі можа адбыцца перадача ўлады, распавёў у інтэрв'ю DW эканаміст і блогер Сяргей Чалы.
6 снежня завяршыўся збор подпісаў для вылучэння кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, якія пройдуць 26 студзеня 2025 года. Па словах кіраўніка адміністрацыі Дзмітрыя Крутога, за Лукашэнку падпісаліся 2,5 млн чалавек — гэта больш за траціну выбаршчыкаў. Пра тое, з якой праграмай і ў якім стане ідзе на выбары Лукашэнка, якія абяцанні транслююцца беларусам падчас выбарчай кампаніі і ці можа ў Беларусі адбыцца перадача ўлады, DW пагаварыла з эканамістам і блогерам Сяргеем Чалым.
Лукашэнка абсалютна не ўключаны ў выбарчую кампанію
— У якім стане Лукашэнка прыйшоў на гэтыя чарговыя выбары, што не чуваць вялікіх абяцанняў, праграмы, нейкіх паездак?
— Лукашэнка на гэтыя выбары адчайна ісці не хацеў. Нездарма яму прыдумлялі варыянты акуратнага сыходу праз кіраўніка УНС, які мог кантраляваць наступнага прэзідэнта. Нешта здарылася, і яны ўсё перайгралі, і цяпер ён збіраецца вылучацца.
Усюды бачна, што Лукашэнка вядзе гэтую кампанію зусім не так, як усе папярэднія. Ён абсалютна не ўключаны ў яе. Гэта наступствы 2020 года, ён вельмі траўмаваны тагачаснымі падзеямі, ён разумее, што ён іх (выбары 2020 года. — Рэд.) прайграў. Мы ведаем, што ён іх прайграў. Гэта класічныя ахоўныя паводзіны, калі выцясняюць патэнцыйна балючыя рэчы.
Яго давераныя асобы, якія збіраюць подпісы па рэгіёнах, усе як адзін распавядаюць, што людзі да іх падыходзяць, дзякуюць за ўсе папярэднія 30 гадоў і, вядома ж, хочуць яшчэ больш. Яны адчуваюць упэўненасць у будучыні і асабліва тое, што дзецям будзе добра. Трэба быць дастаткова старым чалавекам, як я, каб памятаць, што ў свой час гэта быў лозунг брэжнеўскіх часоў — «усё найлепшае дзецям». Я памятаю дзіцем, як усе паліклінікі, усе школы былі залепленыя лозунгам: «дзеці — кветкі жыцця, усё найлепшае дзецям». Мы не можам прапанаваць вам нічога, але робім выгляд, што, паабяцаем нешта дзецям: «Ну, хоць не вы, хоць бы дзеці будуць жыць». Па сутнасці, гэта прызнанне, што «мы не абяцаем нармальнае жыццё».
Галоўны мэсэдж — запалохванне
— Атрымліваецца, у цяперашняй выбарчай праграме нічога няма?
— Няма. Яшчэ адна цікавая штука: ад гэтых жа псеўда-зборшчыкаў подпісаў, якія сустракаюцца з псеўда-народам, які псеўда-дзякуе Лукашэнку, гучыць яшчэ адзін мэсэдж, які, калі яго правільна чытаць, зусім злавесны: людзі цэняць тое, што ёсць, і баяцца гэта страціць. Мы не можам паабяцаць нічога, але затое мы можам вас прыстрашыць тым, што вы страціце нават гэта. Гэта значыць: «мы нічога не можам абяцаць гэтаму пакаленню, таму мы адносім нашы абяцанні на чорт-якія часы. А гэтае пакаленне мы можам прыстрашыць».
— Мне здаецца, гэта нават не перадвыбарчы мэсэдж, а наогул апісанне сітуацыі ў краіне.
— Вядома, так выбары ж і праходзяць у сітуацыі «надзвычайшчыны». Як мы ведаем, Лукашэнка б ужо даўным-даўно сышоў з пасады, але як толькі выбары — тут жа пачынаюцца ва ўсім свеце падзеі, і ён кажа «ну я ж не магу вас пакінуць у такі цяжкі час». І вось гэты цяжкі час здараецца рэгулярна.
Я чытаў метадычкі, якія цяпер выкарыстоўваюць агітацыйныя кампаніі. Там проста так і напісана: вы галасуеце не таму, што трэба Лукашэнку абраць, а таму што «вы ж хочаце, каб вас паважалі, — паважайце і вы ўладу», «Вы ж не хочаце адрывацца ад калектыву, лічыць сябе адшчапенцам». Але галоўны мэсэдж, які ёсць, — гэта сапраўды пагроза, запалохванне.
Разабрацца ў тым, што кажа Лукашэнка, становіцца зусім складана
— Фізічны стан Лукашэнкі накладвае адбітак на кампанію?
— Вядома, мы ж бачым, што чалавек імкліва робіцца зусім лядашчым, дастаткова параўнаць з відэа двухгадовай даўнасці. Я ўжо не бяру 2020-ы, калі ён яшчэ быў адносна бадзёры і ў баявым стане. Гэта слабы чалавек, якому вельмі цяжка, які прама пра гэта кажа. На кожнай сустрэчы ён кажа: «Галоўнае — здароўе, астатняе мы купім». І спецыяльна навучаныя людзі, якіх яму з народу падсоўваюць, кажуць: «Аляксандр Рыгоравіч, толькі ідзіце на выбары!» Мне чуецца: «Толькі дайдзіце, Аляксандр Рыгоравіч».
Нельга перамагчы час, нельга быць вечным. Лукашэнка паступова ператвараецца ў Брэжнева са сваімі няскладнымі развагамі. Як губляецца думка, гэта ж відаць нават па яго прэс-службе, якая раней яго папраўляла ў дужках, потым пачала ўстаўляць цэлы абзацы, якія тлумачылі, што ж ён мае на ўвазе. А цяпер яны перасталі нават гэта рабіць. Яны проста даюць прамую гаворку, таму што разабрацца ўжо, што ён кажа, становіцца зусім складана.
Транзіт улады здарыцца непазбежна, пытанне як? Кіравана, калі ты сам прымеш рашэнне, вось у мяне ёсць круты — ва ўсіх сэнсах — пераемнік (гаворка пра Дзмітрыя Крутога, кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. — Рэд.), і спрабуеш накіроўваць гэтага чалавека. Ці ты ўпадаеш у маразм, паміраеш на пасадзе.
Магчымы варыянт, калі Лукашэнку спатрэбіцца інтэрпрэтатар ягоных слоў
— Лукашэнка даседзіць наступны тэрмін на гэтай пасадзе? Ці сыдзе раней?
— Можа, і дажыве, але ў такім стане, што спатрэбіцца інтэрпрэтатар ягоных слоў. Будзе, умоўна кажучы, стаяць за крэслам Круты, выходзіць да журналістаў: «Насамрэч, бацька меў на ўвазе вось гэта. Калі вы не зразумелі, што ён хацеў сказаць, то я вам перавяду». І такі варыянт магчымы. Ён па ранейшаму будзе думаць, што ўсіх прызначыў, усіх паздымаў, усім даў указанні. А жыццё будзе ісці ўжо нейкім паралельным шляхам.
— Але гэта не значыць, што яно стане лепшым.
— Не, вядома, яно не стане лепш. У гэтым і праблема, што ў гэтай сітуацыі рэальнымі кіраўнікамі будуць людзі, якіх ніхто не выбіраў. Бо ў іх няма падставаў, каб гэтым займацца. Гэта цяжкая сітуацыя. Яна, вядома, узмацняе нестабільнасць. Адзіны варыянт, які забяспечыў бы нейкую прадказальнасць, пра якую я казаў, — гэта кіраваная перадача ўлады.
— Яна можа адбыцца пасля выбараў?
— Яна можа адбыцца ў любы момант, насамрэч. Больш за тое, яна можа адбыцца па-за яго жаданнем. Пытанне ў тым, што калі б ён па гэтым трэку пайшоў тады, калі гэта было лёгка зрабіць, то рашыцца на гэта пазней будзе яшчэ больш складана.