«Беларусь будзе і далей сабатаваць інтэграцыйныя працэсы». Навошта Лукашэнка едзе да Пуціна?
Чарговы візіт Лукашэнкі да Пуціна прызначаны на верасень. Гэта ўжо пятая з пачатку года сустрэча двух кіраўнікоў. Якая вострая неабходнасць прымусіла Лукашэнку зноў адправіцца да свайго саюзніка?
Праграма візіту мала што тлумачыць. Сярод
пытанняў значацца «саюзныя праграмы, падрыхтаваныя ўрадамі дзвюх краін;
іншыя актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня; міжнародная
праблематыка».
— Агульны парадак сустрэч не мяняецца з канца 2019 года, а
то і раней, — адзначае ў інтэрв'ю «Салідарнасці» палітолаг Андрэй Ягораў. — Таму што
канфігурацыя праблем ва ўзаемных адносінах застаецца той жа. Расія хоча
ўзмацнення інтэграцыі, чаго не хоча Беларусь, а Лукашэнка хоча атрымаць
канкрэтныя эканамічныя субсідыі, кампенсацыю падатковага манеўру, зніжэнне
кошту энэрганосьбітаў, агульны энэргетычны рынак, на што не ідзе Расія.
Плюс сітуацыя ўскладнялася тым, што пасля выбараў у
Лукашэнкі было вельмі няўстойлівае становішча ў плане легітымнасці.
— І ўсе тыя абяцанні, якія Лукашэнка даваў Расіі, упіраліся
ў той факт, што яму паказвалі на яго ўласнае хісткае легітымнае становішча.
Гаварылася, што яму спачатку трэба закрыць унутраную праблему, а потым вяртацца
да пытання якіх-небудзь пагадненняў з Расіяй, у тым ліку і звязаных з
паглыбленнем інтэграцыі і абмену гэта на эканамічныя прэферэнцыі, — тлумачыць
Андрэй Ягораў.
Цяпер сітуацыя змянілася.
— Лукашэнка ўжо можа сказаць Пуціну: паглядзіце, вось жа я
стабілізаваў сітуацыю ў Беларусі, палітычна я выйграў — цяпер давайце вяртацца
да далейшага субсідавання і падтрымкі нашага рэжыму. А я буду далей у гэтым
удзельнічаць.
Між там, звяртае на сябе ўвагу, што на мінулым тыдні
Расійскую Федэрацыю наведала ўрадавая група, а таксама міністры абароны,
транспарту, кіраўнік «Белнафтахіма». Некаторыя аналітыкі выказалі здагадку, што
інтэграцыйныя праграмы Расіі і Беларусі знаходзяцца на «перадпадпісальнай стадыі».
Андрэй Ягораў не згодны з такой ацэнкай. Ён лічыць, што калі
бакі нешта і сабраліся падпісваць, то малазначнае.
— Складана сказаць, у якой стадыі там нейкія дарожныя карты.
Але відавочна, што Беларусь зацягвае гэты працэс і будзе далей зацягваць і
сабатаваць. Здаваць значную частку ўласнага суверэнітэту Расіі Лукашэнка не
хоча, таму што гэта звязана непасрэдна з яго ўладай. Калі і могуць там быць
падпісаныя нейкія дарожныя карты, то нейкія сімвалічныя, нязначныя — напрыклад,
аб адукацыі. А сур'ёзныя пагадненні па інтэграцыі будуць закапаныя ў канфрантацыйную
рыторыку двух бакоў, дзе з аднаго боку ёсць патрабаванне расійскіх цэн на
энерганосьбіты, а з другога боку няма выціскання рэальных саступак па
суверэнітэце, — тлумачыць палітолаг.
Тым не менш, ці можна разлічваць, што Аляксандр Лукашэнка прывязе з Крамля нешта істотнае?
— Паколькі базавую супярэчнасць тут не вырашылі, і няма
ніякага рэальнага выхаду з сітуацыі, якая склалася, то наўрад ці. Хутчэй, гэта
будзе такі абмен ветлівасцямі на публічным узроўні. А што будзе за зачыненымі
дзвярыма, не зусім зразумела, — рэзюмуе Андрэй Ягораў.