Сямашка: Лукашэнка і Пуцін падпішуць усе дарожныя карты па інтэграцыі Беларусі і Расіі
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас перамоў, якія адбудуцца ў Маскве 9 верасня, падпішуць усе дарожныя карты па інтэграцыі дзвюх краін у рамках Саюзнай дзяржавы. Пра гэта заявіў пасол рэспублікі ў Расіі Уладзімір Сямашка, перадае ТАСС.

Фота rg.ru
«Мы, дзякуй богу, праз тры гады знаходзімся на фінішы,
калі з 28 карт засталася адна. Апошнюю, я думаю, мы 7-га чысла [верасня]
даціснем, і ўжо 9-га чысла прэзідэнты [Расіі і Беларусі] сустракаюцца ў Маскве,
дзе будуць падпісаныя ўсе дарожныя карты і карты развіцця паглыблення
інтэграцыі», — паведаміў дыпламат на сустрэчы з губернатарам Варонежскай
вобласці Аляксандрам Гусевым і віцэ-спікерам Дзяржаўнай думы Аляксеем
Гардзеевым.
У пачатку ліпеня Лукашэнка прапанаваў распрацаваць стратэгію інтэграцыі з Расіяй у рамках Саюзнай дзяржавы да 2030 года.
4 чэрвеня пасол Расіі ў Мінску Яўген Лук'янаў паведаміў аб тым, што Расія і Беларусь ужо ўзгаднілі 27 з 28 дарожных карт па інтэграцыі. Раней прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка паведаміў, што Беларусь завізіравала і перадала Расіі праекты 26 інтэграцыйных дарожных карт.
У 2019 годзе, калі першапачаткова планавалася завяршыць
інтэграцыю, у Беларусі прайшоў шэраг пратэстаў супраць паглыблення
супрацоўніцтва з Расіяй. Тады Лукашэнка неаднаразова заяўляў аб неабходнасці
весці шматвектарную палітыку і будаваць незалежную краіну. Ён рэгулярна наракаў
на «імперскія замашкі» Расіі, крытыкуючы праект інтэграцыі ў рамках
Саюзнай дзяржавы. Такой пазіцыі ён прытрымліваўся да прэзідэнцкіх выбараў у
жніўні 2020 года, калі пачаліся масавыя пратэсты супраць Лукашэнкі.