Казачнік Сямашка і няўклюднае абвяржэнне: што папраўдзе адбываецца з інтэграцыйнымі «дарожнымі картамі»

Уся «свістапляска» вакол заявы амбасадара Беларусі ў Расіі Сямашкі і наступнага яе абвяржэння, магчыма, сведчыць пра тое, што бакі пакуль не гатовыя да канчатковага падпісання ўсіх 28 «дарожных карт», разважае Валерый Карбалевіч на «Свабодзе».

Валерый Карбалевіч / dw.com

Валерый Карбалевіч / dw.com


Тое, што амбасадар Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка вялікі і празмерны энтузіяст беларуска-расійскай інтэграцыі, даўно вядома. У мінулым ён не раз даваў занадта аптымістычныя прагнозы адносна будучыні «саюзнай дзяржавы». У 2019 годзе Сямашка рабіў шмат прадказанняў пра хуткае і непазбежнае падпісанне ўсіх «дарожных карт». Але дасюль на гэта мала звярталі ўвагу. Маўляў, ва ўсялякім вялікім праекце павінен быць свой казачнік. Гэта такі «Бабіч наадварот». Калі былы амбасадар Расіі ў Беларусі распавядаў, як усё дрэнна ў беларуска-расійскіх адносінах, то місія Сямашкі адваротная.
Вось і 31 жніўня Уладзімір Сямашка падчас сустрэчы з губернатарам Варонежскай вобласці Аляксандрам Гусевым і віцэ-спікерам Дзярждумы Аляксеем Гардзеевым заявіў:
«Мы, дзякуй Богу, праз тры гады знаходзімся на фінішы, калі з 28 карт засталася адна. Апошнюю, я думаю, мы 7-га даціснем, і ўжо 9-га прэзідэнты сустракаюцца ў Маскве, дзе будуць падпісаныя ўсе дарожныя карты і карты развіцця паглыблення інтэграцыі».
З раніцы 31.08 (у 10:36 — сачыце за храналогіяй) такую інфармацыю паведаміла ТАСС, расійскае дзяржаўнае агенцтва. Хутка яна распаўсюдзілася па СМІ розных краін калі не як сэнсацыя, то як топ-навіна. Яе сталі актыўна абмяркоўваць на розных пляцоўках, прычым большай часткай як прысуд беларускаму сувэрэнітэту.
У нейкіх высокіх кабінетах гэта не спадабалася. Здаецца, найперш у Крамлі. Бо ўжо ў 12:42 тое ж ТАСС прыводзіць рэакцыю прэсавага сакратара прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Пяскова на заяву Сямашкі. Галоўны яе сэнс хаваецца ў словах: «Давайце ўсё ж такі дачакаемся кіраўнікоў дзяржаў, не будзем забягаць наперад». Гэта было мяккае абвяржэнне.
У 12:54 ТАСС унесла праўку ў сваё ранішняе паведамленне. Замест «будуць падпісаны», з'явілася фармулёўка «прэзідэнты... абмяркуюць».
А ўжо вечарам 31.08 у 21:38 з'явілася абвяржэнне БелТА. Прычым са спасылкай на «паведамленні амбасады Беларусі ў Расіі, якія паступілі ў БелТА». Цікава, што на сайце амбасады само гэтае паведамленне датуецца 1 верасня. Ствараецца ўражанне, што спачатку абвяржэнне з'явілася менавіта на БелТА і толькі потым, пазней, было прадублявана беларускім пасольствам. Усё было зроблена няўклюдна, што нават не здагадаліся паставіць «правільную» дату.
У гэтым паведамленні гаворыцца пра «не зусім карэктную інтэрпрэтацыю шэрагам СМІ слоў амбасадара Беларусі ў Расіі Уладзіміра Сямашкі». Насамрэч вынікі працы над «дарожнымі картамі» «будуць даложаныя кіраўнікам дзяржаў, якія абмяркуюць іх падчас асабістай сустрэчы 9 верасня ў Маскве і прымуць рашэнне аб далейшых кроках», — падкрэслілі ў амбасадзе.
То-бок, як звычайна, ва ўсім вінаватыя СМІ. Прычым крытыкаваць ТАСС, якое першым паведаміла гэтую навіну, не адважыліся. Абвінавацілі нейкія абстрактныя медыя.
Што ў рэальнасці азначае ўся гэтая слоўная эквілібрыстыка, гульня ў сцвярджэнне-абвяржэнне?
Хутчэй за ўсё, тое, што бакі пакуль не гатовыя да канчатковага падпісання ўсіх 28 «дарожных карт». І, магчыма, супярэчнасці існуюць не толькі ў пытанні цэн на газ.
Лукашэнка гэта фактычна пацвердзіў 1 верасня ў Бабруйску. Ён адзначыў:
«Калі мы дамовімся канчаткова з прэзідэнтам Расіі 9-га, то 10–11-га ўрады збяруцца, разгледзяць, прымуць гэтыя праграмы. А потым мы іх зацвердзім на Вышэйшым дзяржсавеце».
Гэты дзяржсавет плануецца ў кастрычніку-лістападзе. Фармулёўка «калі мы дамовімся» гучыць вельмі знамянальна і моцна адрозніваецца ад неабмежаванага аптымізму Сямашкі.