Туды-сюды дыпламатыя

«Плюралізм у адной галаве — гэта шызафрэнія», — фраза, якую прыпісваюць паэту Наўму Каржавіну для беларускіх улад, падаецца, стала дэвізам не толькі гэтага тыдня, але і ў паўсядзённасці. У выніку наша рэальнасць ператвараецца ў нейкую казачную, дзе не дзейнічаюць звычайныя законы логікі і паслядоўнасці.

866px_hieronymus_bosch_051.jpg

Таму не дзіва, што галоўнай тэмай мінулага тыдня была варажба. Уся яна круцілася вакол анансаванай на 9 верасня сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна. Усе высоўвалі прапановы і здагадкі: навошта Лукашэнка едзе да Пуціна, ці прыляціць Пуцін у Сінявокую (у нас жа вучэнні «Захад-2021» ідуць), што яны будуць абмяркоўваць і гэтак далей.
Інтрыгі ў сустрэчу кіраўнікоў дадаў амбасадар Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка. Ён, канешне, той яшчэ фантазёр, і сёлета ўжо тройчы «прадказваў» тэрміны ўзгаднення «інтэграцыйных карт» (аніводнае прадказанне не спраўдзілася). Але яго пасада як бы абавязвае ставіцца да яго слоў больш-менш сур’ёзна.
Спачатку Сямашка сказаў, што на сустрэчы 9 верасня кіраўнікі краін падпішуць «інтэграцыйныя карты», якія ўжо поўнасцю сфармаваныя. Гэта стала топ-навіной, але ў той жа вечар пасольства РБ у Расіі заявіла, што Сямашку «неправільна зразумелі» і падпісанне адбудзецца 10 верасня. А потым Лукашэнка дадаў, што 9 верасня ён плануе «дамовіцца» з Пуціным, 10-11 верасня «ўрады разгледзяць» гэтыя праграмы, а зацвердзяць іх на Вышэйшым дзяржсавеце, які павінен прайсці «недзе ў верасні-кастрычніку».
То-бок, можна «не дамовіцца» з Пуціным. «Інтэграцыйныя карты» могуць «не разгледзець» урады. Можа не прайсці «Вышэйшы дзяржсавет». Можа не адбыцца «зацвярджэнне». І там — або ішак памрэ, або падзішах.
З іншага боку, для Пуціна цяпер не самы добры момант «прыяднаць» Сінявокую. Па-першае, неўтаймаваная краіна, якая можа выбухнуць у любы момант. Больш за тое — падпісанне «інтэграцыйных карт» можа якраз і паслужыць трыгерам для аднаўлення вулічных пратэстаў (вы ж памятаеце мітынгі супраць інтэграцыі ўзімку 2019-2020 гадоў, праўда?) Па-другое, вельмі некамфортна падпісваць «інтэграцыйныя карты» з нелегітымным кіраўніком. Па-трэцяе, неверагодна дзіўныя ў апошні час паводзіны партнёра не могуць даць упэўненасці, што што-небудзь з падпісанага хаця б калі-небудзь спраўдзіцца, а дамоўленасці будуць выкананыя.
Праўда, дыктатуры рэдка дзейнічаюць у рэчышчы логікі, і чакаць ад іх можна ўсяго, што заўгодна. Але ўсё ж цяпер працягваецца той момант, калі падпісанне «інтэграцыйных карт» нязручнае ні для аднаго, ні для другога боку.
Больш цікавае іншае «супадзенне». Мінулагодняя «лёсаносная» сустрэча Пуціна і Лукашэнкі адбылася ў Сочы 14 верасня 2020 года. Менавіта там Пуцін, паводле неаднойчы выказаных думак аналітыкаў і інсайдараў, запатрабаваў вырашэння беларускага палітычнага крызісу шляхам увядзення новай Канстытуцыі і адмовы Лукашэнкі ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах пасля яе прыняцця. Казалі, што Пуцін выставіў нейкі канкрэтны тэрмін, і тэрмін «год» таксама там гучаў. І ў адказ на абяцанні ўсё гэта зрабіць выдаткаваў 1,5 млрд. долараў крэдыту для Лукашэнкі. «Для Лукашэнкі» — таму што Святлана Ціханоўская адразу папярэдзіла расійскага кіраўніка: «Я спадзяюся, што Пуцін разумее, што менавіта Лукашэнка, а не наш народ, павінен будзе аддаваць гэты крэдыт».
Год прайшоў. Расійскі крэдыт, расцягнуты па часе, атрыманы і праедзены. Новай Канстытуцыі, рэферэндуму, новых выбараў Крэмль не дачакаўся. Не, нейкія целазрухі Канстытуцыйнай камісіі мы бачылі, але пры гэтым пра канстытуцыйныя змены Лукашэнка кажа ад 2014 года — без усялякіх вынікаў. Увогуле, «цягнуць гуму» — яго любімы прыём.
Такім чынам, немаленькая верагоднасць таго, што Лукашэнка едзе да Пуціна справаздачыцца за зробленую (а дакладней, не зробленую) работу. І якія высновы пры гэтым будуць зробленыя, найперш, Крамлём, пасля сустрэч расійскага кіраўніка з Байдэнам і Меркель…
А ўлады Сінявокай працягваюць «таксічыць» краіну. Трывае крызіс з мігрантамі. І вельмі цікавая сітуацыя складваецца на беларуска-польскай мяжы недалёка ад польскага горада Уснаж-Гурны ў Падляскім ваяводстве. Там, паміж Польшчай і Беларуссю, жывуць 32 мігранты з Афганістана. Польскі бок заяўляе, што мігранты — на тэрыторыі Беларусі. Беларускі бок кажа, што яны знаходзяцца на польскай тэрыторыі, і забараняюць ім вяртацца ў Сінявокую, адкуль яны і з’явіліся. Пры гэтым беларускія памежнікі не прапусцілі да іх польскі гуманітарны канвой, а прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз назваў дзеянні Польшчы «мультымедыя-відовішчам», сказаўшы, што афганцы і без таго знаходзяцца на польскай тэрыторыі.
Аднак на тыдні Дзяржпамежкамітэт паведаміў, што гэтае ведамства праявіла «добрую волю і палічыла неабходным прапусціць у памежную паласу прадстаўнікоў Упраўлення Вярхоўнага Камісара ААН па справах бежанцаў і Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Гэта зроблена для таго, каб яны змаглі пакінуць на лініі мяжы прадметы першай неабходнасці для ўцекачоў з Афганістана, бо польскі бок ад сябе блакуе доступ да лагера прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый і СМІ».
Калі мігранты, згодна з заявай Глаза, на польскай тэрыторыі, то беларускія памежнікі наўпрост спрыялі парушэнню польскай мяжы. А калі тыя ж беларускія памежнікі блакуюць польскія канвоі, але дапускаюць да мігрантаў Беларускі (!!!) Чырвоны крыж, то, па факце, яны прызнаюць, што мігранты ўсё ж — на баку Беларусі.Падаецца, ужо і вожыку, які блукае ў тумане на той самай памежнай паласе, зразумела, хто тут клоўн.
А вось у «падступнага Захаду» такой хваробы не назіраецца. Яны пакрысе, але паслядоўна робяць тое, што рабілі. Чыноўнікі Брусэля выйшлі з адпачынку, азірнуліся навокал і шпарка ўзяліся за падрыхтоўку пятага санкцыйнага пакету — якраз у сувязі з мігрантамі. Пры гэтым камісарка ЕС па ўнутраных справах Ілва Ёхансан заявіла, што Еўрапейскі Саюз можа прыпыніць дзеянне Візавага кодэкса ЕС для людзей, звязаных з беларускім рэжымам.
Гэта азначае, што любы беларускі чыноўнік можа пазбавіцца шэнгенскай візы і, адпаведна, магчымасці наведаць «Акропаліс». І калі гэта спраўдзіцца — гэта будуць самыя рэальныя санкцыі супраць беларускага рэжыму.