Беларусь афіцыйна запрасілі на саміт Усходняга партнёрства ў Рыгу

Дзяржсакратар МЗС Латвіі Андрэйс Пілдэговічс 28 красавіка ў Рызе перадаў кіраўнікам дыпламатычных місій Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны адрасаваныя дзяржавам-партнёрам афіцыйныя запрашэнні на ўдзел у 4-м саміце Усходняга партнёрства (УП), які адбудзецца ў Рызе 21 і 22 мая гэтага года. Пра гэта паведамляе прэс-служба МЗС Латвіі, якая старшынюе ў ЕС.



130715_vostoc_partner_easter.jpg

Запрашэнні дзяржавам - партнёрам УП падпісалі старшыня Еўрапейскага савета Дональд Туск, старшыня Еўракамісіі Жан Клод Юнкер і прэм'ер-міністр Латвіі Лаймдота Страўюма, піша Tut.by.


Уручаючы афіцыйныя запрашэнні, Пілдэговічс падкрэсліў, што Рыжскі саміт прадаставіць магчымасць ацаніць дасягнуты прагрэс з моманту трэцяга саміту Усходняга партнёрства, які прайшоў у Вільні ў 2013 годзе. Акрамя таго, на Рыжскім саміце будзе абмяркоўвацца развіццё палітыкі УП і супрацоўніцтва паміж ЕС і дзяржавамі - партнёрамі УП у рамках двухбаковага і шматбаковага ўзаемадзеяння.
 

У паведамленні МЗС Латвіі не ўдакладняецца, на чыё імя ўручана запрашэнне Беларусі. Аднак 18 сакавіка кіраўнік латвійскага МЗС Эдгарс Рынкевічс заявіў, што Латвія не будзе запрашаць асабіста Аляксандра Лукашэнку. "Цяпер гэтае пытанне вырашаецца такім чынам, што запрашэнні адправяць дзяржавам, а не службовым асобам. На працягу двух месяцаў, я думаю, мы па дыпламатычных каналах зразумеем, хто якую дзяржаву прадставіць", — сказаў Рынкевічс.
 

Раней МЗС Латвіі заявіў, што ЕС і Беларусь сумесна вырашаць, на якім узроўні Мінск будзе прадстаўлены на саміце ў Рызе, "прымаючы пад увагу развіццё адносін і абставіны незадоўга да саміту, у тым ліку ў пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права".
На саміце УП у Празе ў 2009 годзе Беларусь прадстаўлялі першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка і Сяргей Мартынаў, які ў той час узначальваў МЗС. На саміце ў Польшчы ў 2011 годзе Беларусь была прадстаўлена паслом у Варшаве Віктарам Гайсёнкам. На мінулым саміце Усходняга партнёрства ў Вільнюсе ў лістападзе 2013 года Беларусь прадстаўляў міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Грузія, Украіна, Азербайджан і Арменія былі прадстаўлены на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, Малдова - прэм'ер-міністрам.