Блогера Дзім Дзімыча не прынялі ў «Белую Русь». Там сваіх клоўнаў хапае?
Блогеры і музыкі і Ульяна Сталярова (Улька Пулька) і Дзмітрый Сіўчык (Дзім Дзімыч) звярнуліся ў адно са сталічных аддзяленняў пралукашэнкаўскай партыі «Белая Русь» з просьбай аб уступленні. Разгледзеўшы іх заявы, кіраўніцтва «Белай Русі» прыняло рашэнне адмовіць у прыёме ў партыю ў сувязі з тым, што дзейнасць гэтых грамадзян супярэчыць «статуту і праграме партыі».
Гэта паведамленне ў афіцыйным канале праўладнай партыі суправаджаецца красамоўным штампам «!!Адмоўлена!!», піша «Салідарнасць».
Пра сваё ўступленне ў партыю Дзім Дзімыч напісаў у Instagram напярэдадні, размясціўшы фота з кіраўніком Першамайскай раённай арганізацыі Мінска Сяргеем Мазаўкай. Падобна, атрымаўся фальстарт.
Складана сказаць, ці будуць папулярныя ў беларускіх падлеткаў блогеры і далей спрабаваць даказаць сваю лаяльнасць уладам. Але ўжо цяпер можна паразважаць над тым, чаму сістэма не прыняла іх на гэтым этапе.
Для гэтага трэба нагадаць, праз што давялося прайсці Дзмітрыю Сіўчыку, якога мільёны дзяцей і падлеткаў ведаюць пад творчым псеўданімам Дзім Дзімыч.
Праблемы ў яго пачаліся летам 2023-га, калі вядомая даносчыца Вольга Бондарава паскардзілася на рэкламу «Еўраопта». У ёй яна ўбачыла «прапаганду ЛГБТ», бо папулярны блогер з'яўляўся ў рэкламных роліках у ружовай вопратцы.
Рытэйлеру прыйшлося публічна прасіць прабачэння, прыбіраць «няправільную» рэкламу. А Дзім Дзімыча пакаралі ўдзелам у «шоў» адыёзнага прапагандыста Рыгора Азаронка.
Бондарава на час супакоілася, але неўзабаве Дзіму Дзімычу зноў нагадалі пра змест яго ролікаў. І зноў прыйшлося «выпраўляцца» пад пільным поглядам цэнзараў. Акрамя таго, блогеру забаранілі выступаць у школах.
Нельга сказаць, што Дзмітрый Сіўчык не спрабаваў змагацца за сваё права на існаванне. Ён судзіўся з Бондаравай, але, падобна, беспаспяхова.
А потым пачалася кампанія па перапрызначэнні Лукашэнкі. І вось ужо Дым Дзімыч спявае разам з Аляксандрам Саладухай і Анатолем Ярмоленкам: «Трэба!»
Магчыма, хтосьці падказаў Сіўчыку і Сталяровай, што ўступленне ў лукашэнкаўскую партыю гарантуе ім абарону ад нападак «бондаравых». А можа яны і самі вырашылі такім чынам паспрабаваць шчасця. У любым выпадку ў іх не атрымалася. І ёсць некалькі дастаткова рацыянальных тлумачэнняў, чаму.
Можна па-рознаму ставіцца да аўтараў і выканаўцаў утварэнняў накшталт «крамы Чмафкі» або «хлопчык, Sorry», але ў Улькі Пулькі і Дзім Дзімыча на дваіх толькі на YouTube каля 10 мільёнаў падпісчыкаў. Яны сапраўдныя куміры падрастаючага пакалення, якіх ведаюць у твар. У адрозненне ад шэрай, безаблічнай масы прызначаных зверху «партыйцаў» «Белай Русі».
Вось вы можаце сабе ўявіць сярод выканкамаўскіх начосаў і касцюмаў з адлівам ружовыя прычоскі Сталяровай і Сіўчыка? Вось і тыя, чыя «дзейнасць не супярэчыць статуту і праграме партыі», таксама не могуць.
Адпаведна, усе папярэднія выхаваўчыя меры — эфір у Азаронка, прайграныя суды і фінальны акт прыніжэння «Трэба!» — не варта расцэньваць у якасці спробы прыручыць папулярных у беларускіх падлеткаў блогераў, выкарыстоўваць іх славу і пазнавальнасць у сваіх мэтах.
Гэта спроба прымусіць іх зліцца з агульнай шэрай масай, не вылучацца, быць «як усе». Бо ў гэтай краіне быць папулярным, быць кумірам мільёнаў сёння можа толькі адзін чалавек.
І крыху аптымізму напрыканцы. У жніўні 2023-га, у разгар скандалу з рэкламай «бонсцікаў», у Дзім Дзімыча было 4,5 млн падпісчыкаў на YouTube. Сёння іх ужо 7,4 млн.
Гэта да пытання пра разуменне сённяшніх цэнзараў таго, як на маладое пакаленне (у любой краіне і ў любыя часы) дзейнічае цэнзура і забароны.